Мясцовыя распарадчыя органы могуць прыняць рашэнне аб адключэнні ацяплення ў жылым фондзе цягам бліжэйшых дзён, паведаміў «Звяздзе» начальнік аддзела энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Мінжылкамгаса Вячаслаў ШМІТ.
Па словах Вячаслава Віктаравіча, 22 сакавіка — ужо трэці дзень, калі сярэднясутачная тэмпература паветра па Брэсцкай вобласці трымаецца вышэй за восем градусаў. Згодна з нормамі, канчаткова падача цяпла ў жылы фонд прыпыняецца, калі такая тэмпература трымаецца тры дні. Гэта значыць, што ўжо ў панядзелак-аўторак мясцовыя распарадчыя органы могуць узгадніць рашэнне аб адключэнні ацяплення ў кватэрах. Неўзабаве да Берасцейшчыны падбіраюцца і астатнія вобласці краіны — сёння другі дзень, як слупок тэрмометра па ўсёй Беларусі не апускаецца ніжэй за плюс восем, і, цалкам верагодна, што рашэнне па спыненні падачы цяпла ў іх будзе прынята да канца наступнага тыдня.
Вячаслаў Шміт адзначыў, што за час сваёй працы не можа прыгадаць такога рэкордна ранняга адключэння цяпла, як сёлета. Паводле яго слоў, дагэтуль самым раннім тэрмінам астывання батарэй у дамах беларусаў быў першы тыдзень красавіка.
У той жа час спецыялісты пільна сочаць за прагнозамі Гідраметцэнтра, паводле якіх нас яшчэ чакае пахаладанне да нулявой адзнакі тэрмометра. У такім выпадку, калі ацяпленне ўжо будзе адключана, магчыма будзе яго ўключэнне зноў.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».