_______________________________________________________________________________
У працоўным кабінеце дырэктара Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, кандыдата мастацтвазнаўства Барыса Лазукі, на паліцы сярод кніг цяпер можна пабачыць і адмысловую статуэтку “Залаты фаліянт”. Гэтую ўзнагароду ў спецыяльнай намінацыі “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” Барыс Андрэевіч сёлета атрымаў у тым ліку за новае ўнікальнае даследаванне. Яго кніга “Слуцкія паясы. Адраджэнне традыцый” напрыканцы мінулага года пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь” і была прэзентаваная чытачам падчас ХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Думаецца, варта яшчэ раз звярнуць увагу на гэты праект. Але ўласна кнігай гаворка, натуральна, не абмежавалася. Пра значнасці і адметнасці адраджэння традыцыі вырабу слуцкіх паясоў, магчымасці выкарыстання іх у сучасным жыцці, а таксама працу па далейшым аднаўленні беларускіх рамёстваў — гутарка з Барысам Лазукам.
“Шлюб” з культурай беларусаў
— Ідэя стварэння такой кнігі з’явілася разам з пачаткам рэалізацыі дзяржаўнай праграмы, хоць збор і сістэматызацыя матэрыялаў вяліся задоўга да арганізацыі працы па адраджэнні тэхналогіі вырабу, традыцыі вытворчасці слуцкіх паясоў. У мяне не так даўно запыталіся, калі я сам пачаў цікавіцца тэмай слуцкіх паясоў. Так і не змог дакладна адказаць, бо ўсё сваё свядомае жыццё ў мастацтвазнаўстве вывучаю культуру Беларусі, наша мастацтва XVII — XVIII стагоддзя, матэрыяльную культуру, выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а ўсё гэта непарыўна звязана з тэмай слуцкіх паясоў. Таму пэўны момант, мяжу амаль немагчыма вызначыць. Аднойчы я нават сказаў, што “шлюб” гэты быў узяты гадоў 30 таму і толькі цяпер нарадзілася першае дзіця, а можа, адразу ўнук. З’яўленню кнігі, безумоўна, паспрыяла прыняцце дзяржаўнай праграмы “Слуцкія паясы” на 2012 — 2015 гады. Хоць у асяроддзі музейшчыкаў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў думкі, ідэя і веды пра слуцкія паясы і іншыя вартыя рысы нашай нацыянальнай культуры, безумоўна, існавалі, але прыступіць да рэалізацыі вялікага праекта было справай даволі складанай. Магчыма, наша грамадства ў належнай ступені не было гатова да ўспрымання гэтага матэрыялу. Магчыма, і цяпер яно не гатова.
Стары прадмет у сучасным жыцці
— Нават назва кнігі не выпадковая. Гэта не проста “Слуцкія паясы”, адмысловы акцэнт робіцца на тым, што выданне прысвечана і тэме адраджэння традыцый. Але тут не ўсё так проста. Часам у размовах з зацікаўленымі асобамі, нават апанентамі, я чую вось якое меркаванне: выдатна, што прынята дзяржаўная праграма, што праводзіцца вялікая праца па адраджэнні вытворчасці слуцкіх паясоў, але жыццё гэтага прадмета ў побыце як элемента кантушовага строю шляхецкага касцюма скончылася ў пачатку ХІХ стагоддзя. І сапраўды, у многім заняпад кантушовага строю звязаны з тым, што пасля падзелаў Рэчы Паспалітай ён стаў успрымацца як апазіцыя да афіцыйных улад царскай Расіі, паколькі беларуская шляхта, апрануўшыся ў такія строі і ўпрыгожыўшы сябе паясамі, выступала супраць афіцыйнай палітыкі Расійскай імперыі на беларускіх землях. Сёння ніхто не носіць шляхецкіх строяў, таму ўзнікае пытанне: навошта адраджаць тэхналогію вытворчасці слуцкіх паясоў?
Але ж мы разумеем, што не ўсё ў гэтым свеце мае практычную ролю, не ўсё можа прынесці матэрыяльны прыбытак. Ёсць рэчы, звязаныя з пытаннямі адраджэння традыцый, нашага ведання культурнай спадчыны, на якіх выхоўваецца моладзь, да гэтых каштоўнасцей далучаюцца людзі старэйшага пакалення. Канечне, з таго, што мы адраджаем паясы, любуемся копіямі, якія ўжо выконваюць, не можам зрабіць выснову, што цяпер у крамах з’явяцца больш танныя тканіны, больш якасны посуд, больш прывабныя прадукты, новыя машыны... Але тое, што адукаваны, разумны чалавек, які ведае нашу гісторыю, будзе ашчадна, на якасна вышэйшым узроўні ставіцца да сваёй справы нават у зусім іншай галіне, я перакананы на ўсе 100 і нават 200 працэнтаў. Гэты аспект датычыць не адных паясоў ці беларускага мастацтва, гаворка ідзе пра духоўнае выхаванне нацыі, асаблівасці фарміравання каштоўнасных арыенціраў асобы.
У гэтай кнізе не толькі выкладзена гісторыя слуцкіх паясоў, мануфактуры, гісторыя кантушовага строю, не толькі вядзецца размова пра арганізацыю вытворчасці слуцкіх паясоў, ролю Радзівілаў у гэтай справе. Робіцца акцэнт на тым, што гэтае мастацтва, даволі вузкае і спецыфічнае, якое сфарміравала такую ўнікальную з’яву ў сусветнай культуры, як слуцкія паясы, мае права на жыццё сёння. Адсюль і гэтыя словы — “адраджэнне традыцый”.
…і дыванок для мышкі
— Разам з матэрыялам гісторыка-тэарэтычнага характару я прапаную чытачам магчымасць убачыць варыянты, як можна ўвесці ў сучаснае жыццё мастацтва слуцкіх паясоў, як яно можа існаваць сёння. Прыклад — нататнік у палатнянай вокладцы, велікоднае яйка, жаночыя шалі, нават дыванкі для камп’ютарнай мышы, упрыгожаныя ўзорамі з матывамі слуцкага пояса. Мы можам акунуцца ў зусім новую сферу жыцця слуцкіх паясоў, дзе ёсць месца інтарэсам жанчын, якія захапляюцца вышыўкай і ткацтвам, вернікаў, якія могуць любавацца ўзорамі слуцкіх паясоў на, здавалася б, вельмі далёкай ад свецкай галіны рэчы — велікодных яйках, моладзі, якая можа карыстацца дыванкамі, насіць шалікі, шапкі, іншую вопратку, аздобленую элементамі ўзору, характэрнага для слуцкіх паясоў. Сфера сучаснага выкарыстання вобраза, арнаментацыі слуцкага пояса надзвычай шырокая, жыццё можа падказваць самыя разнастайныя варыянты і спосабы. Іх безліч.
Пояс як тэкст
— У даследаванні я вяду размову пра яшчэ адну праблему, цалкам навуковую і тэарэтычную. Справа ў тым, што слуцкія паясы як з’ява культуры, аб’ект, помнік падобныя да карціны, скульптуры — гэта твор мастацтва, які мы можам разглядаць як сукупнасць знакаў, знакавую сістэму, што існуе ў дадзеных фармальных, вобразных, стылёвых параметрах. Семіятычная праблема выхозіць на пытанне, звязанае з перакладам гэтай сістэмы з адных умоў, у якіх жыве твор мастацтва, у іншыя ўмовы і іншую сістэму. Рэальнае жыццё нам дае мноства такіх прыкладаў. Так, літаратурны твор можа быць ператвораны ў фільм, мюзікл, спектакль, мультфільм, на яго аснове можна стварыць серыю ілюстрацый. Звыклая з’ява! Але ці заўсёды мы, маючы новы варыянт прачытання казкі ці рамана, задаволены параметрамі нашага яго ўспрымання ў новай сістэме? Не. Аднак часам праз новую інтэрпрэтацыю нам могуць адкрыцца раней не бачныя грані.
У выпадку са слуцкімі паясамі мы вядзём размову пра аб’ект мастацтва як тэкст, дзе закадзіравана, зашыфравана пэўная інфармацыя. А ці можам мы адэкватна перакласці мастацкі тэкст з аднаго матэрыяльнага носьбіта на другі? Не зусім і не заўсёды. Таму пры пераносе ўзору ці яго элементаў важна захаваць сувязь, каб пры разглядзе новага прадмета, упрыгожанага выявамі з матывамі слуцкіх паясоў, не ўзнікала пытанняў, што гэта — проста нейкія кветачкі і рысачкі ці элемент узору слуцкага пояса. Пры выкарыстанні такіх элементаў, лічу, павінен існаваць і бар’ер маральнасці.
Але гэта адзін аспект, іншая справа — пытанне мастацкасці. Тут у аснове ляжыць не маральнасць, ідэйнасць, цанімасць духоўных каштоўнасцей, а момант любавання, далучэння да прыгожага. Важна, каб новыя прадметы з элементамі слуцкіх паясоў былі проста прыгожымі.
Працяг будзе!
— У маіх планах і марах — уключыць слуцкія паясы ў праграму адукацыйных курсаў, спецкурсаў, якія выкладаліся б на пэўных профільных спецыяльнасцях Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо зробленыя. Значна дапамагае дзяржаўная праграма “Слуцкія паясы”, дзе існуюць нават асобныя пункты, прысвечаныя гэтаму аспекту. Са слуцкіх паясоў ужо ў XVIII стагоддзі рабілі царкоўную вопратку. І цяпер я планую прапанаваць праваслаўнай царкве, каталіцкаму касцёлу выкарыстоўваць іх: з наноў вытканых слуцкіх паясоў можна шыць арнаты, царкоўныя рызы. Важна, што гэтыя ўзоры будуць бачыць вернікі і асацыяваць іх са сферай боскага, духоўнага.
Слуцкія паясы — вельмі шчаслівы выпадак. Я займаюся імі як працай і яшчэ таму, што справа гэта дзяржаўную падтрымку. А што наперадзе? Самае блізкае, што мне хацелася б і да чаго мы маглі б падступіцца, — наша знакамітае налібоцка-ўрэцкае шкло. Калі займуся, крытыка ў мой бок будзе самая мінімальная. Бо слуцкія паясы — гэта тое, што знікла і засталося толькі ў помніках, а посуд, люстэркі актыўна выкарыстоўваюцца і цяпер. Больш за тое, тэхналогію вытворчасці паясоў мы адрадзілі фактычна з нуля, трэба было аднаўляць, рэканструяваць, дадумваць амаль страчанае. Саа шклом у нас такіх праблем няма. Нават вытворчасць захавалася.
Спадзяюся, што слуцкія паясы адкрыюць іншыя прасторы. Можна згадаць наш знакаміты свержанеўскі фаянс, шыкоўныя вішнёўскія вырабы з металу — паркавую мэблю для садоў, паркаў, балконныя рашоткі. У нас ёсць традыцыі, узоры. Адрадзіць іх і даць магчымаць сучасніку карыстацца ўнікальнымі прадметамі — ці не шчасце?
Марына ВЕСЯЛУХА,
Фота Наталі Купрэвіч
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.