Вы тут

Горкі смех рэжысёра


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 21 сакавіка 2014 г.

_______________________________________________________________________________

Нашы літаратары пішуць творы выключна сур’ёзныя. Вось табе суровая праўда вайны, вось табе трагічная любоў, а вось — экзістэнцыя на фоне руін чалавечай душы. Усё, што хочаш, толькі не тая самая кніжыца, тонкая і лёгкая — ува ўсіх сэнсах, якую можна ўзяць з сабой, скажам, у падарожжа з Мінска ў Полацк.

беланожка

 

Тым большая бяда, калі твая праца адно з кнігамі і звязаная, так што свет ты бачыш з-за ўсыпаных літарамі старонак. Стамлёны сонцам навукі і высокай літаратуры, ты шукаеш цянёк, лёгкі, прыемны. У выніку высвятляецца, што ехаць “па цянёк” трэба ў Расію, дзе знойдуцца і фэнтэзі, і дэтэктывы, і ўсякія перакладныя цікавосткі. Але ж не хочацца чужога, хочацца свайго.

Натуральна, сур’ёзнасць нашых творцаў можна лёгка патлумачыць: яны працуюць на развіццё літаратуры, якая — кожны школьнік ведае — так доўга была, бедная, занядбана. Яна развівалася паскоранымі тэмпамі, і вось, разагнаная, як той лакаматыў, нясецца ў светлую будучыню, так што пасажыры, у якіх мы бачым чытачоў, не паспяваюць зразумець, а што ж там, за вокнамі, праносіцца. І ім таксама, як і мне, не хапае кніжак, якія можна было б пачытаць у гэтым бясконцым рэйсе.

Цікава, што ў змаганні за развіццё літаратуры забываюцца на ўсебаковасць, пад якой я разумею масавую літаратуру ў тым ліку. Пра неабходнасць яе неаднаразова казаў Уладзімір Караткевіч (праўда, яго талент пастаянна выходзіў з жанравых берагоў масліта), працягвае казаць Сяргей Кавалёў (кніга “Партрэт шкла”), а Людміла Рублеўская актыўна на гэта працуе, хоць у яе выпадку паўтараецца сітуацыя з Караткевічам.

Гэта ўсё да чаго? Да кнігі Алёны Беланожкі “Чамадан з кракадзілавай скуры”.

Аповесць не цэліць, дзякуй богу, у школьную праграму, не прэтэндуе на прэміі  і наступнае ўвекавечанне аўтаркі ў стагоддзях. Ды і сама аўтарка занадта разумная і самаіранічная для падобных закідаў. Місія “Чамадана”, калі ў яго ўвогуле можа быць місія, — расслабленне. Чытач звернецца да кнігі, каб адпачыць. Аўтарка пісала яе, здаецца, з той самай мэтай. Сюжэт немудрагелісты: энергічная гераіня, дырэктарка прадзюсарскага цэнтра, робіць хлопцу прапанову, забірае яго ў бацькоў і вяртаецца ў Мінск, аднак па дарозе іх перахопліваюць бандыты: высвятляецца, што спадарыня вінная невядомым людзям вялізную суму — 500 мільёнаў еўра! Далей сюжэт разгортваецца ў цэлым прадказальна, але ў пэўны момант ты разумееш, што менавіта так і павінна быць.

“Чамадан” названы авантурнай аповесцю, і гэта натуральна, але гэта другасна. Першасным азначэннем мусіць стацца фарс, кажучы словамі гераіні, “шапіто”. Уся гісторыя — пачынаючы ад сватання, з кветкамі, песнямі пад вакном і “мужчынскай” размовай на кухні паміж дзяўчынай і будучым свёкрам, і заканчваючы выкрыццём глабальнага плана па кіраванні светам — адзін вялікі, шумны, стракаты фарс. У пэўнай ступені гэта нават не авантура, а пародыя на яе.

Шок выклікае вобраз галоўнай гераіні, які відавочна змаляваны з аўтаркі. Так, кожны твор пісьменніка, сур’ёзны ці жартоўны, — аўтапартрэт у пэўнай ступені, але тут мы маем справу ледзьве не з фатаграфічным падабенствам. Пачнем з імя — Аліна Міхайлаўна (пісьменніцу клічуць Алёна Міхайлаўна). Праца яе — “арганізацыя радасці”, кажучы словамі герояў (спадарыня Алёна яшчэ і рэжысёр). Заўсёдная энергічнасць, часам нават эксцэнтрычнасць, востры язык і нязменная жыццярадаснасць — на людзях. Канечне, ты разумееш, што чалавек не можа быць такім насамрэч і аднойчы чытач убачыць сапраўдную Аліну. Урэшце ствараецца ўражанне, што пісьменніца стамілася ад бясконцай ігры і, каб не звар’яцець, выліла свой боль і тугу, загарнуўшы іх у яркую паперку.

Пры ўсёй авантурнасці аповесць нельга назваць і чыстым экшнам. На сюжэт пастаянна накладваюцца новыя тэмы — роля грошай у жыцці, каханне, адзінота, вялікая моц мары, абсурдны лад свету і пад. — якія заглыбляюць сюжэт з аднаго боку і павышаюць узровень твору з іншага. Часам развагі герояў набываюць філасафічны флёр, але перарасці ў нешта сур’ёзнае ім замінае абраная аўтаркай форма, ды і ў кантэксце татальнага абсурду і фарсу любая глыбокая думка аўтаматычна ператворыцца ў самапародыю. Калі ж паглядзець з іншага боку, г. зн. адштурхоўвацца ад таго, што развагі на сур’ёзныя тэмы маюць і інтанацыю адпаведную, то смех, рассыпаны між слоў, стане горкім і нават няўцешным. Гэткі самотны блазан у кніжным варыянце.

Крок за крокам чытач набліжаецца да таго, што ў народзе завуць “жыццёвымі ісцінамі”: не ў грошах шчасце; жанчына можа быць моцнай, але моц гэтая наўрад ці прынясе ёй шчасце; дзіцячая мара здольная на многае; любоў за грошы не прадаецца і г. д. Пры гэтым перад намі разгортваецца ва ўсёй сваёй непрыгляднасці (а для некага — прывабнасці) жыццё творчых людзей.

Кнігу робіць цікавай, відаць, не столькі сюжэт, але яе мова, дасціпная, вострая, іскрыстая. І галоўнае — насычаная смехам, які мае надзвычай шырокі дыяпазон — ад лёгкага пакеплівання да горычы. Часам ён нагадвае нават “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя, але справа не ў мове і не ў інтэртэксце, але ў настраёвасці. Адзіная прэтэнзія да аўтаркі і рэдактара — няправільна ўжытыя прыназоўнікі “з-за” (у сэнсе “па прычыне”) замест “праз”, а таксама дзеяслоў “біць”, які ў загадным ладзе ператварыўся ў “Бей!” замест “Бі!” Гэта можна было б спісаць на непісьменнасць герояў, аднак, калі яны ўжо гавораць на літаратурнай беларускай мове, то мусілі б ведаць такія рэчы. Лёгкае недаўменне выклікае таксама афармленне вокладкі: мілая безаблічная дзяўчына ніяк не падпадае пад вобраз, створаны аўтаркай.

Тое, што кніга выдадзеная ў бібліятэцы часопіса “Маладосць”, указвае на патэнцыяльную чытацкую аўдыторыю. Аднак справа тут хутчэй не ў змесце твора, але ў тым, што “дарослыя” не захочуць “марнаваць” час на “несур’ёзную” літаратуру.

Анастасія ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».