_______________________________________________________________________________
Драматычны акцёр, ён прыйшоў у тэатр лялек і выконвае галоўныя ролі ў дзіцячых спектаклях. Падрабязнасці насычанага жыцця тэатральнага навабранца — у інтэрв'ю з акцёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітрыем Чуйковым.
— Я прыйшоў у тэатр лялек год таму — як малады спецыяліст. Падкупілі цікавыя формы і эксперыментальныя рашэнні ў пастаноўках гэтага тэатра. Нават і не спадзяваўся, што артыста з драматычнага аддзялення сюды возьмуць. Але ўзялі! Пачалося ўсё з навагодніх ранішнікаў: я выконваў ролю Разгубляшы — памочніка Дзеда Мароза. Вельмі хваляваўся! Па-першае, праца з дзецьмі: тут нельга халтурыць! Па-другое, баяўся ўдарыць тварам у гразь. Дарэчы, перад старэйшымі калегамі ўсё прайшло нядрэнна.
— Праца акцёра з дзецьмі — справа асаблівая.
— Так. Але ў той жа час гэта і на руку: дзеці непасрэдныя, рэагуюць на ўсё жыва. Калі ты працуеш добра, яны адразу даюць табе адэкватную адзнаку, разумееш, што правільна дзейнічаеш у кантэксце дадзенага персанажа. Калі чуеш шчыры дзіцячы смех, бачыш маленькіх гледачоў, якія спрабуюць дапамагчы персанажу гучнымі падказкамі, — яшчэ больш далучаешся да працэсу, атрымліваеш неверагоднае задавальненне.
— Бывае цяжка?
— Безумоўна! Напрыклад, з Малым са спектакля «Малы і Карлсан». Трэба іграць узрост, а гэта заўсёды нялёгка. Малы яшчэ зусім дзіця, але пры гэтым ужо і асоба, якая ў пэўнай меры сфарміравалася. Калі ў некаторых спектаклях узроставую характарыстыку можна перадаць за кошт галасавога і маўленчага “крыўляння”, то як быць з Малым? Пасля некалькіх спектакляў я прыйшоў да высновы, што галоўнае —паглыбляцца ў сітуацыю, тады ў словах персанажа нараджаюцца цікавыя падтэксты, з'яўляецца шчырасць — вось галоўнае.
— У дзяцінстве вы чыталі гэтую казку?
— Сорамна, але не чытаў, толькі глядзеў мультфільм. Але неабходнасць прачытання непасрэдна самой казкі знікае, бо падчас рэпетыцый на сцэне чытаеш п'есу, і рэжысёр усё дасканала тлумачыць. Гэта не «Гамлет» альбо іншы псіхалагічны твор, тут важна іншае: пазнаёміцца з псіхалогіяй маленькага чалавека, у паўсядзённасці назіраць за паводзінамі дзяцей. У іх зусім іншае жыццё: вось яны пакрыўдзіліся, паплакалі, а праз імгненне ўжо скачуць ад радасці, маючы процьму аб'ектаў увагі!
— Як “загартоўваецца” акцёр?
— Гэта паступовае ўніканне ў творчы тэатральны працэс. Калі я адыграў ранішнікі, мяне пачалі ўводзіць у дзіцячыя спектаклі. У «Чырвоным капялюшыку» спачатку кіраваў лёскамі, на якіх мацаваліся матылькі і птушкі. Гэта для таго, каб адчуць непасрэдна сам механізм лялечнага спектакля, яго атмасферу. Потым “дарос” да Вожыка, персанажа больш складанага ў кіраванні, а цяпер іграю Ваўка. Гэтая роля цікавая і складаная тым, што ты ўжо не хаваешся за шырмай, кіруючы механізмам лялькі, а знаходзішся непасрэдна перад гледачамі. Маска ж дыктуе табе асаблівыя ўмовы існавання на сцэне, патрабуе пэўнай пластыкі.
— Цікава, што ў адной пастаноўцы ўдзельнічаюць як лялькі, так і акцёры. Ці складанае для вас такое ўзаемадзеянне?
— Не сказаў бы. Унутранага дыскамфорту я не адчуваю. Усе мы ў дзяцінстве гулялі з лялькамі і машынкамі. Як у Малога быў Карлсан, так у мяне быў уяўны сябар — сабака з дзіўным іменем Чогі. Да гэтага часу памятаю, як я наварочваў кругі па зале, уяўляючы, што са мной бегае аўчарка у суседзяў была сабака гэтай пароды… Таму сёння ў працы з партнёрам-лялькай ніякіх нязручнасцей не ўзнікае.
— Ці не хацелася б вам сыграць у “дарослым” спектаклі?
— Не. Да любой працы ў тэатры я стаўлюся сур'ёзна, не падзяляю ролі на больш і менш значныя, любы персанаж важны і пры выкананні патрабуе самааддачы. Збянтэжанасці з нагоды таго, што іграю сямігадовага хлопчыка, а не сталага героя, у мяне ніколі не ўзнікала. Вядома, хочацца паспрабаваць сябе ў розных ролях, але ёсць такая разумная фраза: «Рабі, што трэба, і будзь што будзе».
— У якіх новых пастаноўках вы будзеце задзейнічаны?
— Вось цяпер мяне ўводзяць у спектакль «Вясёлы цырк». Пастаноўка не новая, але яна не страціла сваёй актуальнасці і прывабнасці, ставілася яшчэ бацькам нашага галоўнага рэжысёра. Я актыўна працую над сабой. У чымсьці ўжо набіў руку. Увогуле, гэты дзіцячы спектакль будзе цікавы і дарослым. Дзеці прыходзяць у лялечны тэатр з бацькамі або настаўнікамі. Дарослыя, мяркую, таксама нешта выносяць для сябе са спектакляў. Дарэчы, у пастаноўцы «Малы і Карлсан» шмат спасылак, адрасаваных менавіта да сталага ўзросту катэгорыі.
Што да «Вясёлага цырка» — цікава, але для мяне ўводы ў новы спектакль — стрэсавая сітуацыя. Большая частка трупы ўжо даўно іграе ў ім, а ты — з месца ў кар'ер. Даводзіцца шмат рэпеціраваць і хутка ўсё схопліваць.
— Старэйшыя калегі дапамагаюць?
— Так. Але калі штосьці не атрымліваецца, то... (смяецца) як кажуць, і пугай, і пернікам. У асноўным — пернікам. Калі прыходзіш у тэатр — пачынаеш зноўку вучыцца. Спачатку цяжка, але з кожным выхадам на сцэну выпрацоўваюцца пэўныя навыкі, становіцца лягчэй, больш вольнай сябе адчуваеш, з'яўляюцца моманты імправізацыі — такі пастаянны пошук.
— Пры выкананні ролі захоўваецца поўная дакладнасць?
— Не, руціны няма. У акцёрскай працы імкнуся не пагружаць сябе ў штампы. Ёсць, вядома, пэўны каркас, малюнак мізансцэн, зададзены рэжысёрам, абыгрываць які — твая акцёрская задача. Цяжка бывае, калі тэкст яшчэ не ўклаўся. І самае брыдкае пачуццё, калі не ведаеш, што табе рабіць на сцэне, адчуваеш сябе не ў сваёй талерцы: не слухаеш партнёра, у галаве толькі круціцца: “Што далей, у якую кулісу сыходзіць трэба?” А калі некалькі спектакляў адыграў, усё даводзіцца да аўтаматызму — і гэта выдатна!
— Самае складанае — напэўна, прэм'ерны спектакль?
— Ён быў вельмі хвалюючым, але прайшоў нармальна, роўна. Зноў жа, мяне турбавала, як не забыцца на нешта, як усё адыграць без памылак у тэхнічным плане? Але з кожным разам менш нервуешся, атрымліваеш больш задавальнення ад гульні.
— Як вы рыхтуецеся да выхаду на сцэну?
— Хутка, літаральна за пяць хвілін. Сабраўся, увесь спектакль прайграў у свядомасці, узгадаў важныя дэталі, паўтарыў асноўныя ўстаноўкі рэжысёра. А потым ужо арыентуешся па ходзе дзеяння. Галоўнае — слухаць і разумець, што адбываецца.
— Ці існуе агульны акцёрскі рытуал перад выхадам на сцэну?
— У нас ёсць традыцыя, калі іграем прэм'еру: качаем рукі. Усе ўздыхнулі, аўру агульную адчулі, настроіліся на адну хвалю — і выходзім на сцэну. Таксама існуе “шчаслівы пендаль” (смяецца). Яго ў асноўным старэйшыя акцёры даюць маладым артыстам альбо тым, каго ўвялі на новую ролю, на шчасце! Ну, і знаёмае:“Ні пуху, ні пер’я!”
— У дзяцінстве тэатры наведвалі?
— Бацькі вадзілі мяне на балет, некалькі разоў быў у Тэатры юнага гледача. Памятаю, і батлейку глядзеў, але Лялечны не наведваў. Да паступлення ў Акадэмію мастацтваў я не ўяўляў па-сапраўднаму, якім можа быць тэатр. Паступова прыйшло разуменне таго, што тэатр, як і любы від мастацтва, актыўна развіваецца. У адрозненне ад замежных, наш тэатр для людзей адыходзіць на другі план. А хочацца, каб інтарэс да спектакляў павялічваўся, каб публіка глядзела цікавыя эксперыментальныя пастаноўкі...
— Тады якім павінен быць дзіцячы тэатр?
— Больш відовішчным, бо дзеці моцна рэагуюць на ўсе знешнія прыстасаванні. Паглядзіце, якія ў тым жа спектаклі «Малы і Карлсан» вялікія лялькі, яркія колеры і цікавыя дэкарацыі! Акрамя таго, відовішчнасць павінна падмацоўвацца добрым матэрыялам. У казках закладзена шмат важных пасланняў, па-майстэрску зашыфраваных аўтарам. Дзіцячы пісьменнік імкнецца чароўнай мовай распавесці пра добрае і дрэннае. Падчас спектакля дзеці ўяўляюць, што і яны знаходзяцца як быццам на сцэне, хвалююцца за герояў, хочуць быць падобнымі да іх. Таму дзіцячая літаратура і тэатр выконваюць велізарную павучальную функцыю. Толькі калі становішся дарослым, усведамляеш, што казка, якую ты чытаў або глядзеў у дзяцінстве, заклала ў цябе асноўныя каштоўнасці. У ёй на самай справе ўся праўда жыцця...
Паліна ПЛАТАВА
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.