Вы тут

Ад вокнаў вясковых да зор


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 21 сакавіка 2014 г.

_______________________________________________________________________________

Міколу Мятліцкаму — 60 гадоў

Перачытваю кніжачку, выдадзеную ў далёкім 1980 годзе ў славутай серыі “Першая кніга паэта”. На вокладцы пазначана: Мікола Мятліцкі. “Абеліск у жыце”. Першая кніга… Будзе іх пасля багата, больш прэзентабельна і дыхтоўна выдадзеных, у цвёрдых пераплётах — кніг знанага паэта, які даўно ажыццявіўся і сцвердзіўся як мастак. Але тая, першая…

Мятліцкі

З БЛАСЛАВЕННЯ МАЙСТРА

Яна, безумоўна, дарагая і незабыўная і для самога аўтара — як сведчанне першых яго крокаў у паэзіі, упэўненага выхаду да шырокай чытацкай аўдыторыі. Дарагая яна аўтару, думаецца, і тым, што адкрываецца прадмовай Анатоля Вялюгіна, у якой майстар бласлаўляе маладога паэта ў шлях, звяртаючы ўвагу на тое, што ў яго першай кнізе выявілася “неўтаймаванасць пачуцця, узрушанага патрэбамі і трывогамі часу”.

Такая характарыстыка, дадзеная А. Вялюгіным, сведчыць пра яго праніклівасць: у лаканічнай форме схоплена вызначальнае ў паэзіі Міколы Мятліцкага, тое, што характарызуе не толькі пачатковы этап творчасці паэта, але і ўсю яе ў цэлым. Анатоль Вялюгін далёка глядзеў наперад, калі выказваў падтрымку маладому паэту ў прадмове з характэрнай назвай: “Права на песню”.

Гэтае права на песню, на ўласны, не падобны да іншых паэтычны голас, М. Мятліцкі сцвердзіў паэтычнымі знаходкамі, вобразнай важкасцю слова, прасякнутага любоўю да роднай зямлі і людзей. А. Вялюгін з прыхільнасцю і добразычлівасцю да маладога аўтара пісаў: “Хлопец з хойніцкай вёскі, выпускнік універсітэта, Мікола Мятліцкі пачаў працаваць у паэзіі з імпэтам маладосці. Прыемна глядзець на юнацкую хаду, якая ў добры час набіраецца ўпэўненасці”. І далей ён адзначаў, што паэт ідзе ў літаратуру са сваёй тэмай, адной з істотнейшых адзнак якой з’яўляецца духоўная паяднанасць з малой радзімай як крыніцай паэтычнага натхнення. “У яго свой паэтычны загон — палеткі Палесся, адкуль адкрываюцца прасторы Радзімы”.

І ў гэтым таксама выявіліся мастакоўская чуйнасць і празорлівасць А. Вялюгіна. Так, тэма духоўнай сувязі з вытокамі, з палескай вёскай Бабчын стане для М. Мятліцкага галоўнай, лёсавызначальнай, анталагічнай — самай балючай, але адначасова і духоўна ачышчальнай, узвышаючай. Будзем памятаць, што менавіта ён, тонкі знаўца паэзіі і клапатлівы настаўнік паэтычнай моладзі Анатоль Сцяпанавіч Вялюгін, першым заўважыў і адзначыў гэтую асаблівасць таленту М. Мятліцкага.

Паэту вельмі пашчасціла, што на пачатку творчага шляху яго прыкмеціў і падтрымаў такі славуты майстар. Маральная падтрымка, падбадзёрванне любога таленту ў час яго станаўлення — гэта вялікая і ўдзячная справа. Мне бачыцца сімвалічным тое, што гэтай падтрымкай адзін з лепшых паэтаў пакалення, якое вызначала аблічча нацыянальнай паэзіі, як бы перадаваў эстафету найбольш таленавітаму прадстаўніку пакалення, якое нясе “галоўную службу” (выраз М. Арочкі) сёння.

ПРАВА НА ПЕСНЮ

Cапраўды, ужо з першых радкоў першага паэтычнага зборніка М. Мятліцкага звяртае на сябе ўвагу тое, што і асноўным адрасат, і галоўны натхняльнік паэта — радзіма. Ён тады яшчэ не ведаў, што гэтай повязі ў далейшым суджана будзе зазнаць надзвычай нялёгкія выпрабаванні на трываласць. Выпрабаванні, якія паэт перажыў годна.

Кожны край песняра свайго мае.

То — ягоная радасць і боль.

Мой палескі бярозавы краю,

Падгалоскам хоць звацца дазволь.

(З кнігі “Абеліск у жыце”.)

Аўтар свядома выкарыстоўвае купалаўскую рэмінісцэнцыю, збліжаючы настрой і танальнасць свайго верша з пафасам паэтычнага прамаўлення класіка. Сёння даследчыкі могуць разглядаць гэтую пераклічку як праяву інтэртэкстуальнасці. Тады ж модны цяпер літаратуразнаўчы тэрмін яшчэ не быў распаўсюджаны. Але сама з’ява, безумоўна, існавала — як выяўленне духоўна-эстэтычнай пераемнасці між пакаленнямі, як сведчанне светапогляднага адзінства нацыянальнай паэзіі.

У вершах з першага зборніка радзіма прадстае не ў абстрагавана-абагульненым выглядзе, а ва ўсёй канкрэтыцы адзінкавага, індывідуальнага і непаўторнага. Ужо ў гэтай кнізе ўзнікае вобраз роднай вёскі паэта Бабчын, які пазней трывала ўвойдзе ў кола вобразаў-топасаў нацыянальнай культуры. Паколькі вядучай тэмай “Абеліска ў жыце” была патрыятычная тэма памяці пра вайну, вобраз Бабчына таксама паўстае ў яе святле. У вершы “Атава” ён выяўляецца праз аўтарскую этымалагізацыю назвы вёскі:

За вёснамі маіх усіх гадоў

Ёсць вёска з горкім іменем удоў:

У збажыне,

У пошуме бяроз

Стуманены слязой

Жаночы лёс.

З вобразам роднай вёскі ў гэтым вершы спалучаецца вобраз атавы, якая адрастае на пакошах і патравах. Несумненна, вобраз, як і многія іншыя ў паэзіі М. Мятліцкага, мае глыбока сімвалічнае значэнне. Гэта паэтычны сімвал пасляваеннага пакалення, да якога належыць і сам аўтар. Таго пакалення, якое прыходзіла ў свет у пяцідзясятыя, яшчэ не такія аддаленыя ад Вялікай Айчыннай вайны, гады (паэт нарадзіўся ў 1954-м). У той час наступствы жахлівай нягоды былі востра адчувальнымі. Яны былі навідавоку, выяўляліся праз нялёгкія лёсы тых жа бабчынскіх удоў.

Тут зноў хочацца вярнуцца да прадмовы А. Вялюгіна, які разважае: “Адно здзіўляе: аўтар нарадзіўся ў пяцьдзесят чацвёртым, а ў вершах столькі згадак пра вайну!” Аднак старэйшы паэт, які зведаў на сабе жорсткія выпрабаванні ваеннага часу, са зброяй у руках змагаючыся супраць ворагаў, прызнае права сказаць сваё слова пра вайну, пра гора, прынесенае ёй, і для маладзейшых, тых, хто нарадзіўся пасля ваеннага ліхалецця.

М. Мятліцкі пацвярджае такое права. У вершы, у якім зноў паўстаюць абрысы роднага паселішча (“Вёска Бабчын”), паэт вымалёўвае колішняе бядотнае жыццё жанчын пасляваеннай пары так, быццам бачыў усё на свае вочы. “Не выдумка, што правілі жанчыны. / На іх руках смылелі мазалі: / Цягнулі плуг гурмой і гэтак чынна / З сявенькамі ступалі па раллі”.

Душэўная спагада тым, на кім пакінула свой пякучы знак мінулая вайна, стала адным з вызначальных момантаў грамадзянскай пазіцыі паэта. Трывогі веку, пагрозы, якія працягваюць навісаць над светам, — усё тое, што больш і больш настойліва ўваходзіць у абсяг роздумаў паэта, праецыруецца ім на лёс асобнага чалавека. Менавіта чалавек, з яго надзённымі клопатамі і перажываннямі, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. “Душы збалелы ўскрык / Глыне азяблы вецер. / «Ваюе» франтавік / За дровы ў сельсавеце” — і такое падмечана ўважлівым поглядам паэта, нібыта і не сувымернае па сваіх маштабах з вялікімі падзеямі, што адбываюцца ў свеце. Але ў паэтычным свеце творцы ўсё змацавана духоўнай повяззю — вялікае з малым, вечнае з надзённым.

Мікола Мятліцкі — паэт, у творчасці якога грамадзянскасць вельмі арганічна спалучаецца з паэтызацыяй і ўзвышэннем чалавека і свету. У гэтым ён, несумненна, з’яўляецца годным прадаўжальнікам традыцый нацыянальнай паэзіі. Аўтару ёсць што сказаць свету, таму што, прамаўляючы ад свайго імя, выяўляючы сваё запаветнае, перажытае, выпакутаванае, ён адначасна прамаўляе і ад імя тых, з кім адчувае наймацнейшую кроўную повязь.

Традыцыйная для нашай паэзіі тэма ўзвышэння чалавека знаходзіць сваё ўвасабленне ў спалучанасці мастацкага і філасофскага падыходаў, у разгорнутасці свету лірычнага героя да маштабаў касмічнага. У выбудоўванні адметнага паэтычнага хранатопу Мятліцкі ідзе ўслед за класікамі айчыннай паэзіі — Купалам, Коласам, Багдановічам, Куляшовым, Танкам.

“Чалавек падымае неба” — так назваў М. Мятліцкі кнігу свайго выбранага, якая выйшла ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў 2012 годзе. Абазначыўшы тым самым невыпадковасць заўсёднай зацікаўленасці касмалагічнай тэмай, творца паспяхова прадаўжае развіццё традыцыйнай для нацыянальнай паэзіі натурфіласофскай рэфлексіі пра ўзаемадзеянне зямнога і касмічнага, якая на мяжы ХХ — ХХІ стагоддзяў, ва ўмовах сусветнай глабалізацыі і звязаных з ёю пагроз, набыла яшчэ больш актуальнае значэнне.

Трывога за Зямлю, за яе выжыванне прысутнічае ва ўсіх кнігах М. Мятліцкага. Галоўны жыццесцвярджальны імператыў яго паэтычнага паслання — “Планету маю зберагчы ад агню” — падмацоўваецца горкім досведам і папярэдніх пакаленняў, і самога паэта. “Чуйная памяць / Вечна журлівых хатынскіх званоў” — адзін з істотнейшых маральных аргументаў творцы ў барацьбе за мір.

БЕЗ ЗЯМЛІ ПАД НАГАМІ

Чарнобыльская аварыя стала для Міколы Мятліцкага асабістай трагедыяй: родная вёска паэта апынулася ў зоне адчужэння. Да чарнобыльскай трагедыі звярталіся многія пісьменнікі. Можна з пэўнасцю сцвярджаць, што гэтая тэма стала ў беларускай літаратуры на рубяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў адной з самых эмацыянальна перажываемых. Чарнобыльская тэма і светаадчуванне пасля катастрофы ў многім прадвызначылі драматызм і эмацыянальную напружанасць лірычнага выказвання М. Мятліцкага. Для яго, зрэшты, гэта не проста тэма, а згустак болю, тугі і смутку па самым дарагім. Радзіма для кожнага паэта — тое сакральнае месца на Зямлі, сувязь з якім надае яму жыццёвую трываласць, служыць духоўным апірышчам. Гэта не толькі крыніца паэтычнага натхнення, але і першапачатковая жыццёвая школа, у якой адбываецца фарміраванне асобы. Цяжка нават уявіць сабе, што азначае для творцы гвалтоўны разрыў такой жыццятворнай і духаўздымнай повязі.

Неба вёскі маёй —

Не ўзіраюцца вочы,

І зоркі журліва глядзяцца ў пустэчу.

Я пад зоркамі гэтымі

Веку

Прызначу сустрэчу.

Якія неспазнаныя касмічныя абсягі прыадкрываюцца па-над знямелай вёскай! Касмічная пустэча, што разгортваецца не там, у недасяжным небе, а тут, на зямлі. Звыклы погляд з зямлі ўгору, на зоркі, змяняецца на супрацьлеглы: зоркі “журліва” ўзіраюцца ўніз. Перарвана повязь жыцця, спынены дыялог паміж чалавекам і сусветам? Не, гэтага не адбываецца. Вядзецца адкрыты дыялог з векам, з падступным лёсам, з мінулым і будучым. 1986 год стаў межавым у свядомасці паэта. Звяртаючыся да яго, М. Мятліцкі гаворыць: “Ты мне ахвяраваў / З радзімай развітанне: / Шаптанне мёртвых траў, / Крыніц атрутных ззянне”. Недарэчным прадстае тое, што калыска жыцця — прырода — нясе ў сабе не жыццядайнасць, а атрутнае змярцвенне.

Сілы, якія могуць выйсці з-пад улады людскога розуму, з’яўляюцца пагрозай для будучыні ўсяго чалавецтва. У наш век над планетай навісае тэхнакратычная пагроза.

Трывога б’е ў званы

Пустэльнага абшару:

Хто гэты шар зямны

Ўратуе ад пажару?!

 

Шаптанне мёртвых траў

І пошум труннай хвоі...

Ты кут мой адабраў —

Пакінь Зямлю жывою!

Памяць паэта нястомна блукае там, дзе “безгалосае спіць сяло”, дзе ўтравелі сляды родных і блізкіх людзей. Там, па яго прызнанні, засталася палова яго сэрца.

І ўсё ж надзея на тое, што жыццёвая сіла пераможа, падрымлівае паэта. Перад яго ўнутраным зрокам паўстае час, калі радзіма ачысціцца, “калі распадзецца стронцый, / адпрэчыўшы злую бяду”. Тады хтосьці з патомкаў упершыню ўвойдзе пад лясныя шаты:

Думаць зямную думу

Будзе ён, ідучы

Колішняй зонай суму,

Прывідам злой начы.

Гэты будучы жыхар Беларусі атрымае ў спадчыну зямлю, да якой ён зможа ставіцца даверліва, як некалі продкі. Паэт верыць: людзі будучага улічаць памылкі мінулага, зямля захавае красу і жыццядайнасць.

І ў добрую долю нашых наступнікаў сапраўды верыцца. Ёсць і грунтоўныя спадзяванні на тое, што яны не страцяць нічога з маральных і эстэтычных каштоўнасцей нашай паэзіі, якая прадстаўляе народны духоўны досвед.

Паэтычнае слова Міколы Мятліцкага — неад’емная частка багатага свету нацыянальнай паэзіі. Галоўная адметнасць яго слова, мне думаецца, у шчырасці і адкрытасці. У тым, што яно прамоўлена натхнёна, усхвалявана і ўзвышана, заўсёды скіравана да тых, хто пачуе і зразумее яго, прыме як сваё, сугучнае ўласным думкам і адчуванням.

Гэтым водгуллем і жывая паэзія.

Яўген ГАРАДНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.