Пляцоўкай для правядзення Дня праваслаўнай кнігі сёлета стала Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Свята можна назваць традыцыйным: яно праходзіць з 2009 года рашэннем Свяшчэннага Сінода Рускай праваслаўнай царквы па ініцыятыве патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Сёлета гэтая дата стала асабліва значнай: праваслаўныя хрысціяне адзначылі 450-годдзе выпуску першай на Русі датаванай кнігі дыякана Івана Фёдарава “Апостал”.
Для Беларусі імя Івана Фёдарава асабліва значнае: ёсць гіпотэза, што рускі першадрукар — выхадзец з нашых зямель. Па меркаваннях даследчыкаў, ён — прадстаўнік шляхецкага роду Рагозаў, якія жылі пад Вілейкай. Абмеркаванню пытанняў паходжання І. Фёдарава, а таксама важных момантаў функцыянавання праваслаўнай літаратуры ў сучасным грамадстве была прысвечаная прэс-канферэнцыя з удзелам свяшчэннікаў, выдаўцоў, пісьменнікаў і навукоўцаў.
— Гісторыя новай праваслаўнай літаратуры распачалася ўсяго 20 гадоў таму, — распавяла пісьменніца і журналіст Алена Міхаленка. — Спачатку гэта былі проста перавыданні дарэвалюцыйных кніг, напісаныя выдатнай мовай, яны ўсё ж не адпавядалі патрабаванням часу, бо выхоўвалі каштоўнасці і рысы мінулага стагоддзя. У той час мала было сапраўды вартых увагі выданняў, якія проста і даступна для шырокага чытача асвятлялі б самыя розныя пытанні духоўнасці. Сёння пісьменнікам важна пісаць на розныя тэмы, але з духоўнай ацэнкай учынкаў героя. Менавіта такія творы выходзяць у серыі “Сонечны зайчык”.
Праваслаўная літаратура ў сучасным свеце закліканая не проста распавядаць пра веру, святых, яна мусіць дапамагаць людзям справіцца са складанымі жыццёвымі абставінамі, дапамагаць сарыентавацца ў свеце. Часта ў кнігах няма нават ні слова пра Бога, але ёсць духоўнасць, маральнасць, светласць і чысціня. Зварот да такіх выданняў часам становіцца адзіным выйсцем для асоб, якія страцілі блізкага чалавека, перажываюць складанае расстанне і вымушаныя проста “збіраць сябе” пасля лёсавырашальнай падзеі.
Значным акцэнтам свята стала ўрачыстая цырымонія перадачы ў дар факсімільнага выдання Полацкага Евангелля ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Адметна, што факсімільнае ўзнаўленне гэтага ўнікальнага помніка славянскага пісьменства канца XII — пачатку XIII ст. было здзейснена ў выніку шматгадовай плённай працы прадстаўнікоў нацыянальных бібліятэк Беларусі і Расіі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Выдавецтва Беларускага Экзархата.
Юзэфа ВОЎК,
Фота Кастуся Дробава
На фота: Ва урачыстых мерапрыемствах у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўзяў удзел Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Павел.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.