У народным календары адразу два святы з сімволікай жаўрука і галёп прыпадаюць на канец сакавіка — пачатак красавіка: Саракі (22 сакавіка паводле новага стылю) і Дабравешчанне (25 сакавіка ў католікаў і 7 красавіка ў праваслаўных).
Першае свята, якое ў праваслаўі лічыцца днём 40 пакутнікаў Севасційскіх, закатаваных за веру рымскімі паганцамі ў 320 годзе, пераасэнсавана народнай свядомасцю як дзень сустрэчы вясны, у прыватнасці, жаўрукоў і іншых птушак. Дабравешчанне — у хрысціянскай традыцыі гэта той дзень, калі архангел Гаўрыіл паведаміў Дзеве Марыі пра будучае нараджэнне Хрыста — у народзе звязвалася з прылётам буслоў. У кулінарным аспекце такая традыцыя вылілася ў выпяканне рытуальнага печыва ў форме птушак.
40 «жаўрукоў» («сарок», «кулікоў») на Саракі або іншае сімвалічнае печыва (галушкі, піражкі) з жытняга цеста жанчыны пяклі напярэдадні свята. Часта ў адзін з іх запякалі «саракоўку» (20 капеек) або іншыя рэчы — пярсцёнак, трэску.
Дзеці бегалі па вёсцы, высока трымаючы галушкі ў руцэ, або нанізвалі іх на пруток, залазілі на страху і спявалі веснавыя песні — перш за ўсё славутую «Жавароначкі, прылятайце». Печыва выстаўлялі на дах, а таксама ва ўсіх значных месцах: у хляве, каб жывёла радзіла, у гумне, каб збожжа вялося, і нават кідалі ў печ. Такія смачныя выпечаныя птушкі павінны былі прывабіць вяртанне птушак сапраўдных, а з імі і вясну, бо прылёт птушак заўжды быў звязаны з яе надыходам. Часта «куліковыя» галовы аддавалі жывёле, «каб яна была здаровай і добра пладзіла», ім частавалі адзін аднаго, «каб не хварэць улетку».
Вечарам рытуальнае печыва з'ядалі і прадказвалі будучы лёс па тым, каму што трапілася. Пярсцёнак прадракаў вяселле, трэска — пахаванне, грошык — багацце.
Адной з самых дакладных прыкмет вясны лічыўся прылёт бусла, любімай птушкі беларуса. Паводле павер'я, бусел заўсёды прылятае на Дабравешчанне. На чыім двары ён паселіцца, там будзе поўны дастатак. Разбураць гняздо бусла — вялікі грэх, бо бусел лічыўся пераўвасабленнем чалавека. Звестка аб з'яўленні гэтага дарагога госця вясны заўжды радасная, усе хочуць паглядзець на яго, ды не адважваюцца тут жа выйсці на двор, бо лепш за ўсё ўбачыць бусла першы раз у палёце — тады цэлы год «будзеш лёгкі на ногі».
Да Дабравешчання, каб сустрэць буслоў, здаўна пяклі адмысловае печыва з пшанічнай мукі ў выглядзе булак ці коржыкаў рознай формы — сахі, бараны, сярпа. Але найчасцей рабілі іх у выглядзе розных птушак (найперш буслоў) ці буслінай лапкі або хаця б са знакам гэтай лапкі, выціснутым на паверхні (досыць падобным на «пацыфісцкі», толькі без кола). Называлі такое печыва «бусліная лапка», або «галёпа». Пяклі галёп
ы напярэдадні Дабравешчання або на наступны дзень, бо на само свята пячы хлеб забаранялася. Гэтая традыцыя найлепш захавалася ў Заходнім Палессі і на поўдні Падляшша.
Галёпы раздавалі дзецям, якія выходзілі з імі на падворак, бегалі, стараючыся паказаць печыва першаму ўбачанаму буслу і пачаставаць яго. Пры гэтым прыгаворвалі: «Бусел, бусел, на табе галёпу, Дай мне жыта копу!» Або казалі так: «Буську, буську, на тобі борону, дай мне жыта сторону! Буську, буську, на тобі сырпа, дай мне жыта снопа!». Часам печыва проста пакідалі на двары, каб ім пачаставаўся бусел. Астатнія галёпы, як і печыва на Саракі, дзеці елі самі.
«Жаўрукі»
Для цеста:
2 кг мукі, 50 г дражджэй, 250 г алею, 1 шклянка цукру, 1/2 літра вады, трохі солі.
Для змазкі:
салодкі моцны чай.
Прыгатаванне:
«Жаўрукі» робяцца з моцнага, пругкага цеста, якое добра вымешваецца. Затым з яго лепяць шар, адшчыпваюць ад яго невялікія кавалкі. З іх раскочваюць жгуты, завязваюць вузлом, галоўцы надаюць адпаведную форму. З разынак робяць вочкі: трохі прыціснуўшы пальцамі, лепяць хвосцік, робяць надрэзы-«пёркі». Змазваюць паверхню настоем моцнага чаю з цукрам (для колеру) і ставяць у духоўку.
Кухмістр Верашчака
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.