Паэту-песенніку, празаіку, перакладчыку, фалькларысту, этнографу, краязнаўцу, даследчыку, навукоўцу, сцэнарысту і рэжысёру, нашаму славутаму земляку Кастусю Цвірку 28 сакавіка 2014 года споўніцца 80 гадоў. З гэтай нагоды мы вырашылі расказаць пра таленавітага чалавека, ураджэнца вёскі Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.
«...Зялёная Дуброва — вёска невялікая. Складаецца яна з адной вуліцы. У часы яе самага росквіту ў ёй было крыху больш за 70 двароў. Сёння засталіся толькі лічаныя хаты. Як «неперспектыўная», яна асуджана на адміранне. Няўжо зноў тут стане пустка? Як з гэтым мірыцца?» — гучыць рытарычнае пытанне ў кнізе Кастуся Цвіркі «Будзіла вёску берасцянка». Кніга выдадзена ў 2007 годзе. Дзякуючы ёй увекавечана памяць аб невялікай вёсачцы Зялёная Дуброва, заснаванай у 1904 годзе (дарэчы, сёлета вёсцы спаўняецца 110 гадоў) братамі Цвіркамі-Гадыцкімі.
Кніга «Будзіла вёску берасцянка» чытаецца на адным дыханні. Упэўнены, што духоўна пабагацее той, хто прачытае яе і зразумее, што «чалавек, які помніць і шануе сваіх продкаў, сам робіцца дабрэйшым і мудрэйшым, чым глыбей ведаем мы свой род, тым багацейшыя духоўна, тым лягчэй і цікавей жывецца на свеце».
Мясцовыя краявіды зачароўваюць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Клічуць да сябе ў госці возера Скачальскае, лясы, багатыя на грыбы і ягады. А мы наведалі вёску Зялёная Дуброва і пагутарылі з Кастусём Цвіркам. І трэба адзначыць, што паэт ніколі не забываў сваіх зялёнадуброўцаў, ён нават не проста памятае, а жыве сярод землякоў, быццам і не з'язджаў адсюль ніколі. Тэма малой радзімы жывіць творчасць нашага паэта-земляка. Ён піша:
Я не госць тут, тут — мая зямля.
...Я тут — я.
Тут мае і карані, і крона...
Кажуць, без маленства няма паэта. Усе паэты родам з маленства.
— Што вы можаце расказаць пра сваё дзяцінства? — цікавімся ў паэта.
— Мая бабуля па матулінай лініі звалася Гэля, а прозвішча ў яе было Рымашэўская. Паходзіла з роду Дубовікаў. Я вельмі любіў слухаць казкі, якія баяла бабуля Гэля. Яна ведала іх столькі, што мая дзіцячая памяць не дае забыцца іх і цяпер. А матуля мая закончыла нават пачатковую школу, што ў той час для дзяўчатак было рэдкасцю. Яна добра спявала. Колькі памятаю маму, яна заўсёды спявала, нават калі цяжка было. А яна ж у 29 гадоў засталася ўдавою з пяццю дзецьмі на руках. Пасярод вайны. Загінуць нам не дала радня — з мацерынага і бацькавага боку. А яшчэ песні, якія так любіла спяваць матуля. Магчыма, і мне ад бабулі Гэлі і маці перадаўся ў спадчыну талент творчай асобы...
— У колькі гадоў вы пайшлі ў школу?
— Як хацелася хутчэй сесці за парту, узяць буквар у рукі! Але ўсе мары абарвала вайна. У школу, у першы клас, пайшоў я толькі па выгнанні немцаў, у 1944 годзе, калі мне было ўжо 10 гадоў. Мне пашанцавала, што ў Зялёнадуброўскай пачатковай школе працаваў такі талковы настаўнік, як Уладзімір Антонавіч Пятроўскі. Ён добра рыхтаваў усіх выпускнікоў за курс пачатковай школы да далейшай вучобы. А яшчэ настаўнік Пятроўскі заахвочваў усяляк тых вучняў, якія спрабавалі пісаць вершы ў школьную насценгазету. Аднак вершы настаўніку прыносілі толькі двое — мой аднакласнік Зэна і я. Ні радка не помню я са свайго першага вершыка, але Уладзімір Антонавіч змясціў яго ў нашай газеце. Змясціў і Зэнаў. Я пачытаў яго і здзівіўся, як складна Зэна яго напісаў. Калі ж пасля ўрокаў я зайшоў да Зэны ў хату, ён разгарнуў перада мной нейкую старую чытанку, паказаў пальцам верш, які адтуль перапісаў і, паставіўшы пад ім сваё прозвішча і імя, перадаў настаўніку.
А з 1947 года па 1950 год я вучыўся ў Залужскай сямігодцы. Гады вучобы запомніліся дарогай у 10 кіламетраў, якую дуброўскія дзеці асільвалі пешшу туды і назад. Добрая была фізкультурная загартоўка. Асабліва цяжка было дабірацца глыбокай восенню і ўзімку, калі дарогу замятала і рана цямнела. Але жаданне вучыцца было агромністае. Запомніўся настаўнік матэматыкі. Прозвішча дакладна не памятаю. Інтэлігентны чалавек быў, заўсёды свае ўрокі пачынаў з вершаў. Вось радкі, якія зараз набягаюць у памяць:
Нікла жыцце ў сумным лесе...
І ляцелі ў паднябессі
З сумным крыкам журавы...
Трэба перачытаць Коласа і знайсці абавязкова гэты душэўны верш пра восень.
— Як склаўся ваш далейшы лёс?
— У 1953 годзе скончыў сярэднюю школу ў Старых Дарогах. Пра мой далейшы лёс апавядаюць наступныя радкі:
Усіх нас, пасляваенны вырай,
Дзяцей палёў з душою шчырай,
Што ў Мінск, бы птушкі ад шпакоўняў,
Зляцеліся ад хат, ад ёўняў,
Якісьці крытык незнарок —
Хоць, можа, ён быў і з сумленнем —
Філалагічным пакаленнем
Па блізарукасці нарок.
Пасля заканчэння Старадарожскай сярэдняй школы №1 паступіў на філфак БДУ. У 1951 годзе з'явіўся ў друку першы артыкул, а ў 1953 годзе — першы верш. Яго надрукавалі ў часопісе «Полымя». Як зараз памятаю, быў я тады дзесяцікласнікам. Першы раз у горад ехаў і, вядома, хваляваўся. Знайшоў рэдакцыю «Полымя», яна тады змяшчалася ў двух невялікіх пакойчыках. Зазірнуў у адны дзверы, у другія — і працягнуў свой запаветны сшытак першаму, хто трапіўся. Ён, самавіты такі мужчына, пагартаў, уважліва пачытаў.
— Ну вось, — кажа, — гэты і гэты верш я падпраўлю і надрукуем. Тады я асмеліўся:
— А з кім я гавару?
— Максім Танк.
Вось дзіва дык дзіва. Я ж яго вершы па школьнай праграме вывучаў, а тут сустрэча з жывым класікам! Максім Танк тады быў рэдактарам часопіса. Мы доўгі час сябравалі з ім.
Друкавацца стала я стаў у час вучобы ва ўніверсітэце...
Паэт неаднойчы наведваў Залужскую сярэднюю школу Старадарожскага раёна, выступаў перад настаўнікамі і вучнямі. У Канстанціна Аляксеевіча хапае часу на тое, каб глыбока і прачула расказаць пра тых людзей, што сёння берагуць у сваёй памяці «вячысты дар продкаў». Калі слухаеш паэта, то разумееш, што маеш справу з дасціпным і цікавым, мудрым і назіральным апавядальнікам. Для такога няма дробязяў у жыцці, бо ведае, што ў гэтым свеце трэба не толькі чакаць лепшага, а і ўласнымі высілкамі штодня ствараць яго самому...
Валянціна ЗАЯЦ,
Валянціна ЧАЛЕЙ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.