Падчас 100-й гадавіны з пачатку Першай сусветнай вайны тыя, хто захапляецца гісторыяй таго перыяду, безумоўна, з цікавасцю чытаюць усё, што тычыцца знаходжання ў ваенныя гады ў беларускіх гарадах і мястэчках прадстаўнікоў дынастыі Раманавых. Гэтая тэма нязменна прыцягвае ўвагу краязнаўцаў. І, вядома, кожны візіт цара або членаў яго сям'і ў глыбінку надоўга заставаўся ў памяці іх сучаснікаў. Цікавы факт з гісторыі: прысутнасць расійскіх манархаў на Віцебшчыне часцей за ўсё была звязана з вядзеннем або падрыхтоўкай ваенных дзеянняў. Нядобрую памяць пакінулі цар Аляксей Міхайлавіч, які «правяраў», наколькі верныя яму жыхары Прыдзвінскага краю, Пётр І, які асабіста загадаў спаліць Віцебск і пакараць палачан. Акрамя іх, праязджалі тэрыторыю сучаснай Віцебскай вобласці Кацярына ІІ, Павел І, Аляксандр І...
— Аб знаходжанні ў нашым краі апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ згадвалася не часта, ды і мімаходзь. Дарэчы, менавіта Мікалай ІІ, напэўна, як ніякі іншы царскі правіцель Расіі, шмат падарожнічаў па краіне. А з пачаткам Першай сусветнай вайны імператар літаральна жыў у цягніку. У сваім дзённіку ён фіксаваў шэраг бясконцых раз'ездаў, — расказвае карэспандэнту «Звязды» Валерый ШЫШАНАЎ, намеснік дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея па навуковай рабоце.
Вось што цар напісаў 19 снежня 1914 года, у пятніцу: «Добра выспаўся і ўстаў у 81/2 пасля прыпынку ў Віцебску. Ехалі ўвесь дзень новымі месцамі, якія да гэтага часу праязджалі ноччу».
«
Назаўжды твая старая Жоначка»...
Між іншым, і імператрыца, якая апякала шпіталі і параненых, у суровую часіну вайны таксама не сядзела на месцы. 8 мая 1915 года яна разам з дзецьмі прыпынілася ў Віцебску — пра што паведамляла ў лісце да свайго мужа. Яна напісала Мікалаю ІІ пра тое, што надвор'е дзіўнае. Далей цытата ў перакладзе на беларускую мову: «Усё пакрыта зелянінай, — такая змена пасля Царскага! Да гэтага часу ўсё ішло цудоўна, і цяпер мы спыніліся на тры гадзіны для адпачынку. Усюды добрае паветра, чыста і хораша. Мы здымаліся групай з вялікай колькасцю параненых у садзе. З Курляндыі прыходзяць цягнікі, перапоўненыя яўрэямі. Яны ўяўляюць сумнае відовішча са сваімі вузламі і маленькімі дзецьмі»...
Далей царыца паведаміла мужу пра тое, што горад вельмі прыгожы з моста. Дзеці снедалі з губернатарам і нейкім Мезенцавым, які кіраваў складам Чырвонага Крыжа. «Такі мілы чалавек і добры працаўнік, відаць», — працягвае ў лісце імператрыца. — «Зараз мы агледзім адзін з яго складоў, тры лазарэты і палац, у якім жыве губернатар, бо там змяшчаецца склад, што знаходзіцца пад маім заступніцтвам. Мы выязджаем зноў а 7-й... Цалую цябе пяшчотна ад усёй глыбіні майго любячага сэрца. Назаўжды твая старая Жоначка...»
Імператар запрасіў дам... у палатку
— 30 кастрычніка 1915 года імператар зноў зрабіў прыпынак у Віцебску. У 2 гадзіны ён прыбыў у Віцебск і праехаў праз горад да лагера. Тут адпачывала і папаўнялася салдатамі і афіцэрамі 78-я пяхотная дывізія са сваёю артылерыйскаю брыгадаю. Яна была прадстаўлена ў бліскучым выглядзе і ў поўным баявым складзе: 14 тысяч штыкоў, прычым прыбыла сюды пасля баёў у складзе 980 чалавек. Нягледзячы на бруд і велізарныя лужыны, палкі прайшлі бадзёра. Уражанне ў цара ад убачанага было наступным: «Самае цудоўнае, надае бадзёрасці!» На зваротным шляху Мікалай ІІ заехаў з сынам Аляксеем у сабор, — працягвае Валерый Шышанаў.
Ва ўспамінах начальніка палацавай ахоўнай агентуры Аляксандра Іванавіча Спірыдовіча захаваліся цікавыя падрабязнасці візіту: «Пад праліўным дажджом цар абыходзіў полк за палком і дзякаваў за подзвігі. Наследнік адважна мясіў гразь каля яго, жадаючы бачыць твары вайскоўцаў. Перад праходжаннем палкоў цар заўважыў групу палкавых дам, якія моклі пад дажджом, толькі б бачыць яго вялікасць з наследнікам. Ён паслаў флігель-ад'ютанта запрасіць дам у падрыхтаваную для яго палатку, якой не пажадаў скарыстацца. На зваротным шляху ў цягнік цар заехаў у сабор, перапоўнены людзьмі. Сцяной стаяў народ на вуліцах, нягледзячы на дрэннае надвор'е. Энтузіязм быў вялікі».
У Цэнтральным дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў Санкт-Пецярбурга захаваліся два альбомы з фатаграфіямі, на якіх адлюстраваны фрагменты знаходжання Мікалая ІІ у дзеючай арміі на тэрыторыі Беларусі. Гэты цікавы фотаматэрыял ілюструе параўнальна «бедныя» запісы імператарскага дзённіка.
Цару — кіслую капусту, кашу...
16 студзеня 1916 года імператар прыбыў на агляд войскаў у Оршу.
Вось што ён пісаў у сваім дзённіку: «Апоўдні паехаў у Оршу. Поле было шырокае, з невялікім узвышшам у сярэдзіне. Удзельнічалі: 1-я і 2-я Кубанскія і Уральская казацкія дывізіі з трыма Данскімі артылерыйскімі дывізіёнамі. Прыемна было бачыць такую казацкую сілу на невялікай прасторы! І казакі, і коні былі прадстаўлены ў выдатным выглядзе — пасля двухмесячнага адпачынку!»
30 студзеня 1916 года пасля начлегу на станцыі Сіроціна (цяпер гарадскі пасёлак Шуміліна) імператарскі цягнік рушыў да станцыі Дрыса (сёння — Верхнядзвінск).
«Да 11 гадзін падышлі да станцыі Дрыса... Месца агляду ў 3/4 вярсты... Усе часткі прадстаўлены ў выдатным выглядзе, конскі склад у выдатных целах. Адзенне і рыштунак былі нават фарсіста», — запісаў у сваім дзённіку імператар.
Далей цар піша пра тое, што раніцай на наступны дзень а 11-й гадзіне прыбыў на станцыю Барковічы, дзе яго чакала ганаровая варта ад 13-га Драгунскага палка. Агляд быў побач з вёскай. У ім удзельнічалі дзве кавалерыйскія дывізіі, самакатная (веласіпедная) рота і два конна-артылерыйскія дывізіёны. «Усе прадставіліся ва ўсіх адносінах выдатна — душа радавалася такому стану гэтак шмат папрацаваўшай конніцы і праз 17 месяцаў вайны! Накарміў усіх начальнікаў сняданкам; развітаўся з імі і з'ехаў у 3 гадзіны», — дзяліўся ў дзённіку прыемнымі ўражаннямі цар.
7 лютага таго ж года імператар зноў рабіў агляд: «Да 10:00 цягнік падышоў да станцыі Сяславіна (цяпер Круляўшчызна)... Паехаў з Фрэдэрыксам (расійскі дзяржаўны дзеяч, апошні ў гісторыі міністр імператарскага двара Расійскай імперыі) у закрытым маторы па занесенай снегам цяжкай дарозе да месца агляду за 37 вёрстаў. Удзельнічаў увесь 1-ы Сібірскі корпус і па палку прадстаўнікоў ад 1-га і 34-га армейскіх карпусоў. Усе часткі прайшлі цырыманіяльным маршам выдатна... Радаваўся вельмі ўбачыць сваіх сібірскіх стралкоў і сваю роту ў ганаровай варце.
Відавочца тых падзей пакінуў для нас некаторыя дэталі таго знаходжання на Віцебшчыне цара: «Па кепскай выбоістай, снежнай дарозе ледзь-ледзь рухаліся аўтамабілі. Уся світа адстала і прыехала да месца агляду, калі цар аб'ехаў ужо палову войскаў. Корпус быў прадстаўлены бліскуча. Цар дзякаваў войскам за ўдзел у трох войнах: Кітайскай, Японскай і цяперашняй і прасіў ДАПАМАГЧЫ (выдзелена ў арыгінале. — Аўт.) яму канчаткова перамагчы ворага. Пасля агляду ў сядзібе графа Тышкевіча, у Дунілава, адбыўся сняданак, дадзены цару ад корпуса. Кіслая капуста, каша, сечаныя катлеты, марозіва і кава — такое было меню. Гасудар правёў паўтары гадзіны сярод начальнікаў асобных частак і генералаў корпуса, размаўляючы ўвесь час пра справы корпуса, яго патрэбы і клопаты асобных частак. У 7 гадзін царскія аўтамабілі з цяжкасцю дабраліся да Сяславіна, і імператарскі цягнік адбыў у Царскае Сяло».
У апошнія дні расійскай манархіі імператар зноў праязджае па тэрыторыі Віцебшчыны. Бесперапынныя беспарадкі ў Петраградзе прымусілі яго 28 лютага пакінуць Магілёў і праз Оршу, Вязьму ехаць у Царскае Сяло. Але дабрацца ён змог толькі да Пскова, дзе ўвечары 2 сакавіка быў падпісаны маніфест аб адрачэнні ад улады.
На наступны дзень ужо былы імператар праз Дзвінск зноў адпраўляецца ў Магілёў. А 8 сакавіка пакідае горад, запісваючы ў дзённіку наступнае: «У 4.45 з'ехаў з Магілёва, кранальны натоўп людзей праводзіў... Паехаў на Оршу і Віцебск. Надвор'е марознае і ветранае. Цяжка, балюча і сумна».
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.