Сёлета не ўсе кандыдаты ў дэпутаты палічылі неабходным актыўна пазіцыянаваць сябе ў вачах выбаршчыкаў. Не ўсе нават скарысталіся правам выступлення па мясцовым тэлебачанні і радыё, хаця эфірны час прадастаўляўся бясплатна.
...Пажылы мужчына, які выйшаў на вуліцу пасля галасавання на выбарчым участку, пракаментаваў:
— На жаль, гэтых кандыдатаў я не ведаў — на сустрэчу яны не запрашалі. А добра вядомыя мне людзі, за якіх з задавальненнем аддаў бы свой голас, балатаваліся па іншых акругах.
Сапраўды, прапаноў, якія заслугоўваюць увагі, на сустрэчах з выбаршчыкамі можа быць нямала. Вось некаторыя меркаванні, пачутыя карэспандэнтам «Звязды» ў Гродне ў дзень выбараў:
Валянціна Кушнярэвіч, прадпрымальнік:
— Апошнім часам мясцовымі жыхарамі, прэсай узнімаліся важныя прыродаахоўныя пытанні, якія датычыліся, напрыклад, упарадкавання гродзенскага лесапарку Румлёва, а таксама перспектыў торфараспрацовак у заказніку «Азёры». Хацелася б, каб і дэпутаты цікавіліся гэтымі праблемамі, былі «сувязным» звяном паміж грамадскасцю і органамі выканаўчай улады.
Іосіф Басіцкі, пенсіянер:
— Прапаную дэпутатам тэму для абмеркавання на сесіі: «Як выконваюцца патрабаванні безбар'ернага асяроддзя?» На жаль, многія аб'екты гарадской інфраструктуры па-ранейшаму не прыстасаваны для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Дэпутаты маглі б вывучыць гэтую сітуацыю ў сваіх выбарчых акругах, вызначыць «балявыя» кропкі і прыняць адпаведныя рашэнні, узяўшы на кантроль іх выкананне.
Паводле інфармацыі старшыні Гродзенскай абласной выбарчай камісіі Валерыя Саўко, усе 186 Саветаў рознага ўзроўню сфарміраваны. Выбары адбыліся ва ўсіх акругах, акрамя адной — Слонімскага раённага Савета.
Сур'ёзных заўваг да работы выбарчых камісій не паступала, паведаміў Валерый Саўко. Быў, напрыклад, званок: маўляў, не пойдуць усім домам галасаваць, калі за кошт бюджэту не будуць устаноўлены пластыкавыя вокны. Аднак апошняе немагчыма, бо ўсе кватэры прыватызаваныя. Ды і, мяркуючы па яўцы выбаршчыкаў на ўчастак, званок не адлюстроўваў калектыўную пазіцыю...
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.