Не, гэта не шчымлівая гісторыя кахання з запазычаным у культавага пісьменніка Паўла Каэлья загалоўкам. Проста я прачытала, што 22 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень вады, і ўспомніла пра маленькую рэчку Пульву ў Камянецкім раёне, каля якой часта давялося бываць мінулым летам. На беразе Пульвы некалі размяшчалася рэзідэнцыя бацькоў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Сёння там, у Воўчыне, аднаўляецца прыгожы касцёл Панятоўскіх. Я пісала пра гэты гістарычны помнік раней.
А вось рэчка, некалі прыгожая і чыстая, падзяліла лёс многіх нашых малых рэк. Яна паступова зарастае, мялее. Тое ж самае адбываецца з рачулкай на маёй радзіме, у Баранавіцкім раёне. Нашы рэкі хварэюць.
Эколагі кажуць, што таму ёсць некалькі прычын. І адна з іх — устойлівае развіццё прамысловых прадпрыемстваў. Мясаперапрацоўчыя альбо малочныя заводы маюць ачышчальныя збудаванні і скідваюць «у прыроду» ўмоўна чыстую адпрацаваную ваду. Але ў нас не такія дасканалыя ачышчальныя механізмы, каб вада атрымлівалася сапраўды чыстай. Застанецца ў ёй крыху, здавалася б, бяскрыўднага азоту, які потым трапіць у раку. Шматлікія ўгнаенні, якімі шчодра пасыпаюцца сельскагаспадарчыя ўгоддзі, таксама прыносяцца дажджавымі і іншымі водамі ў рэкі. А для пустазелля гэта сапраўдны баль — яно і буяе па берагах. Далей у шэрагу прычын ідзе такая прагрэсіўная ў нашай балоцістай мясцовасці кампанія, як меліярацыя. Хто чытаў «Людзей на балоце» Мележа, той ведае, як цяжка даводзілася продкам жыць. Але прыйшла меліярацыя на Палессе, вызваліла шмат зямлі для патрэб чалавека. А рэкам асушэнне нанесла пэўную траўму: яны сталі мялець.
Пакаленне нашых бацькоў, не кажучы пра іх бацькоў, уявіць сабе не магло, што людзі могуць столькі часу праводзіць на берагах рэк і азёр. Паўстагоддзя і больш таму чалавек на гэта не меў часу: усе шмат і цяжка працавалі. Таму на берагах не заставаліся гурбы смецця, у вадзе не плавалі пластыкавыя бутэлькі і іншыя штучныя вырабы.
Колькі гадоў таму давялося чытаць нататкі адной неабыякавай журналісткі пра беды возера Свіцязь у Навагрудскім раёне. На падставе некаторых разлікаў аўтар сцвярджала, што возера церпіць сапраўдную экалагічную катастрофу. Паводле навуковых даных, Свіцязь можа бязбольна вытрымаць да пяці тысяч адпачывальнікаў у дзень. А там летнімі днямі бывае 25—30 тысяч чалавек. Возера ж, апетае Адамам Міцкевічам, сапраўды было ўнікальнай жамчужынай нашага краю. Пра яго чыстую і гаючую ваду хадзілі легенды. Старыя людзі ўспаміналі, што падчас акупацыі немцы скрынямі вывозілі нейкія водарасці са Свіцязі, якія іх дактары прызналі лекавымі. Яшчэ мая мама расказвала: падчас яе маладосці, на якую б глыбіню ні заплыў у Свіцязі, дно мог убачыць. Такая чыстая вада была. А цяпер?!
Як ні круці — чалавек асноўны вораг прыроды. Чым больш развіваецца цывілізацыя і расце дабрабыт чалавека, тым горш ад гэтага прыродзе — асабліва рэкам і азёрам. Бо свядомасць, на жаль, не расце паралельна з дабрабытам.
А беражліва ставіцца да рэк і азёр, нашага нацыянальнага багацця, мы проста абавязаны. Паглядзіце, колькі краін на свеце маюць праблемы з прэснай вадой. Калі апошнім часам усе толькі і гавораць пра Крым, то амаль заўсёды згадваюць, што паўвостраў не мае сваіх запасаў пітной вады. Праўда, мы параўнальна нядаўна перасталі выкарыстоўваць для піцця ваду з наземных крыніц, а пампуем яе з-пад зямлі. Але водныя сістэмы — наземная і падземная — звязаны. Ды і перасталі браць ваду зверху з прычыны забруджвання. Чалавек сваёй дзейнасцю нанёс урон найвялікшаму з багаццяў, якое і зрабіла, і робіць магчымым жыццё на Зямлі.
Але вернемся да нашай Пульвы, невялікай рэчкі, якая працякае ў Брэсцкім і Камянецкім раёнах, затым бяжыць у Польшчу. Дык вось, з абодвух бакоў ракі шмат крыніц. Некаторыя з іх добраўпарадкаваны, людзі бяруць там ваду, якасць якой не раз засведчана лабараторыямі. Тое месца, з якога б'юць крыніцы, заўсёды шанавалася ў народзе. Пра некаторыя з тутэйшых крыніц складзены легенды. Адна з крынічак, як лічыцца, выратавала салдат падчас вайны. Чырвонаармейцы доўга былі адрэзаны ворагам ад сваіх. Маленькі, ледзьве прыкметны з зямлі струменьчык не даў загінуць ад смагі за нейкі кіламетр ад Пульвы, да якой пад суцэльным абстрэлам дабрацца было немагчыма.
Крыніца тая ёсць і цяпер. Яна дагледжана. А вось Пульва ў раёне любога населенага пункта, акрамя таго, што зарастае, церпіць ад сучасных вандалаў, якія кідаюць у ваду рознае смецце. Здавалася б, колькі пра гэта гаворыцца цяпер, пачынаючы з дзіцячага садка, школы, гуртка па інтарэсах! Вобразна, даступна і пераканаўча тлумачыцца, што ад забруджвання вадаёмаў горш будзе ўсім, а не толькі тым, хто гэта разумее. Калі нельга перайначыць наступствы індустрыялізацыі, то не наносіць шкоду водным аб'ектам па сілах кожнаму, хто бывае на беразе. Ну што ў гэтым складанага — не выкідваць смецце побач з вадой? Тым больш не паводзіць сябе як дзікун, не кідаць яго ў ваду? Як гэта давесці суайчыннікам, каб яны зразумелі? Я не ведаю. Адсюль і загаловак гэтых нататкаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.