Хочаце верце, хочаце не, але на адным з расійскіх тэлеканалаў апытанне правялі: хто пакінуў больш яркі след у гісторыі — Напалеон ці Банапарт? Як і варта было чакаць, меркаванні падзяліліся: большасць рэспандэнтаў на поўным сур'ёзе лічыла, што першы дзеяч, меншасць — што другі... Не цяжка ўявіць, колькі было б адказаў на пытанне пра візітоўку сталіцы. Нехта, прычым адразу ж, назваў бы ёю архітэктурны ансамбль плошчы Перамогі, нехта — Чырвоны касцёл, Тэатр оперы і балета, Нацыянальную бібліятэку, Кафедральны сабор... У гэты ж пералік, без сумнення, трапіў бы і сталічны паштамт — агульнадаступны помнік архітэктуры. Днямі пасля рэканструкцыі адкрылася яго знакамітая круглая зала.
На цалкам зразумелае ў гэтым выпадку пытанне, што ў ёй, той зале, змянілася, адказаць, як высвятляецца, цяжка. Бо... па вялікім рахунку... нічога. І, разам з тым... усё. Гэта значыць, што ў зале ўсё тыя ж зялёныя калоны, тыя ж прыгожыя вітражы, тая ж шыкоўная люстра, тая ж ляпніна, у цэнтры — той самы знак з паказальнікам адлегласцяў да асноўных гарадоў Беларусі і Еўропы, стэла з самым дакладным у сталіцы гадзіннікам, тыя ж акенцы аператараў... Але пры гэтым — у зале як быццам павышэла столь, як быццам «раздаліся» сцены, стала яшчэ больш паветра, святла...
— Будынак сталічнага паштамта з'яўляецца помнікам архітэктуры. Таму падчас рэканструкцыі літаральна кожны крок даводзілася ўзгадняць з Міністэрствам культуры, — патлумачыла генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Ірына Ігнатаўна Саксонава. — Найбольшыя складанасці ўзніклі з заменай вокнаў, з захаваннем пры гэтым унікальных вітражоў. Не дапускаліся і ніякія змены ў дызайне. А вось новыя тэхналогіі прыўнесці трэба было.
Для зручнасці ў цэнтры залы з'явілася новая мяккая мэбля. Гэта значыць, што цяпер, адсочваючы свой нумар электроннай чаргі, кліент можа спакойна пасядзець, пачытаць свежую прэсу. Па-новаму, па-сучаснаму абсталяваны і працоўныя месцы аператараў (дарэчы, сярод іх ужо не толькі дзяўчаты). Новая мэбля падбіралася з тым разлікам, каб пад рукой была ўся неабходная тэхніка, каб зносіны з кліентамі сталі больш блізкімі і празрыстымі.
Паводле слоў Ірыны Саксонавай, праз цэх паслуг сталічнага паштамта праходзіць штодня каля 10 тысяч чалавек: працуе пасылачная зала, тэлеграф, 14 аперацыйных акенцаў у круглай зале. «Натоўпы» (нават з пяці кліентаў) каля іх, як правіла, не ўтвараюцца, але ж так званая электронная чарга працаваць тут будзе, бо выконваецца ні многа ні мала, каля 60 найменняў паслуг!
Дарэчы, у дзень адкрыцця круглай залы ў карыстанне былі ўведзены спецыяльныя штэмпелі з пераводнай каляндарнай датай. Гэта значыць, што цяпер усе паштоўкі, лісты, бандэролі будуць адпраўляцца з паштамта з кароткай і вельмі канкрэтнай пазнакай «Мінск-паштамт». Прычым засведчыць гэта мог кожны ахвотны — выбраць прыгожую паштоўку, чыркануць колькі слоў, правільна (цяпер, з усталяваннем новай сартавальнай тэхнікі гэта вельмі важна!) напісаць адрасы сваіх блізкіх... Так званую «Вясновую вестачку» пошта абяцала даставіць — бясплатна і ў самы кароткі тэрмін.
На паштовым кірмашы, размешчаным там жа, у круглай зале, прыцягвалі ўвагу арыгінальныя паштовыя карткі з серыі «Беларуская кухня», безліч марак, паштовак, канвертаў... На іх — помнікі архітэктуры, рэпрадукцыі карцін славутых мастакоў, наша багацейшая флора і фаўна, наш фальклор, нашы слуцкія паясы, наша У нескладовае (літара, якой няма больш ні ў адным алфавіце свету)...
— Усё гэта — шматгадовая праца па-сапраўднаму апантаных, улюбёных у справу людзей, — адзначыла дырэктар выдавецкага цэнтра «Марка» Ірына Валер'еўна Шыпілава. — Апроч звычных паштовак да Новага года, 8-га Сакавіка, Вялікадня і іншых свят, мы выпускаем паштоўкі для посткросінгу, да святаў прафесійных. У перспектыве — нават адмысловыя: да Дня настаўніка, медыцынскага работніка, будаўніка... Сур'ёзна рыхтаваліся і да чэмпіянату свету па хакеі. Выпусцілі марку, прычым накладам у 240 тысяч (сярэдні тыраж — 60) і адмысловы канверт, 22 сюжэты мастацкіх картак.
На іх, дарэчы, тут можна паставіць штэмпельную пячатку «Welcome to Belarys!» (Сардэчна запрашаем у Беларусь!»), дзе адным з турыстычных аб'ектаў па праве стане паштамт.
Валянціна Доўнар.
Фота Яўгена Пясецкага.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.