У сацыяльнай сетцы «Вконтакте» дзейнічае суполка, стваральнікі якой праводзяць «кастынг на здымкі ў праграме «Калыханка». Для ўдзелу ў адборы татам, мамам, бабулям і іншым сваякам невядомыя асобы прапануюць прывесці дзяцей на папярэдні запіс (здымкі, між іншым, каштуюць 250 тысяч).
«Ні тэлеканал, ні Белтэлерадыёкампанія не маюць ніякага дачынення да гэтай дзейнасці! — падкрэслівае намеснік дырэктара тэлеканала «Беларусь 3» Сяргей МАКАРЭЙ. — Мы самі даведаліся аб тым, што адбываецца, выпадкова: атрымалі ліст ад пільнай глядачкі, якая ўдакладняла, ці насамрэч праводзіцца адбор дзяцей для «Калыханкі». Потым і іншыя бацькі, якія засумняваліся ў сапраўднасці кастынгу, забілі трывогу. Цяпер у нас такіх лістоў ужо 5 ці 6. Людзі нават называюць адрас, дзе праходзіць «адбор», і суму, якую трэба заплаціць за здымкі. Нашы юрысты звярнуліся ў праваахоўныя органы: па-першае, стваральнікі інтэрнэт-суполкі незаконна выкарыстоўваюць таварны знак «Калыханкі», а па-другое, падрываюць рэпутацыю праграмы. Пакуль не ведаю, як будзе кваліфікавана падобная дзейнасць (махлярства ці ўвядзенне ў зман спажыўцоў), але хачу звярнуцца да бацькоў з афіцыйнай заявай: сёння ні «Калыханка», ні ранішняя праграма для дзяцей і падлеткаў «Дабраранак» ніякага кастынгу дзяцей для ўдзелу ў здымках не праводзяць! Калі вы альбо вашы сваякі, сябры сталі ахвярамі падману — звяртайцеся ў праваахоўныя органы».
За руку, праўда, тэлевізіёншчыкі пакуль што нікога не схапілі, і група ў сацыяльнай сетцы працягвае дзейнічаць. Яе стваральнікі заклікаюць распавесці аб праекце сябрам (гэта значыць, падзяліцца інтэрнэт-спасылкай з іншымі карыстальнікамі), выкласці ў інтэрнэт фота свайго дзіцяці ад 3 да 8 гадоў(!) і кантактны тэлефон, а таксама ўдакладняюць «С какого вы города?» (арфаграфія арыгінала захавана). Сотні бацькоў (пераважна матулі) ужо выклалі фота і пакінулі ў адкрытым доступе свае нумары тэлефонаў. Тыя, каму тэлефанаваў менеджар праекта, расказваюць, што дзяцей абяцаюць запісаць для зусім іншай штодзённай перадачы і нават на іншым канале — «Дзіцячая казка» на тэлеканале «Жэст». Але ў «шапцы» суполкі ўказана менавіта «Запісваем на здымкі ў «Калыханку», а спасылак на «Жэст» няма. На запыты карыстальнікаў з просьбай патлумачыць сітуацыю адміністратар суполкі адказаў не дае, а па нумары кантактнага тэлефона дазваніцца немагчыма: слухаўку ніхто не бярэ.
Афіцыйны каментарый прадстаўнікоў тэлеканала «Жэст» пакуль атрымаць не ўдалося.
P.S.
Пасля таго, як пра сітуацыю напісалі СМІ, інтэрнэт-суполка змяніла назву і рэкламную абвестку. А аўтар праекта, аператар Аляксей Акмаў, які ўжо не раз адзначаўся скандальнымі выхадкамі, абвясціў, што «грошай ні з каго не браў» і яго не так зразумелі. Кропку ў гэтым канфлікце, думаецца, паставяць усё ж юрысты.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.