У тыднёвым спартыўным аглядзе «Звязда» распавядае пра фініш біятлоннага сезона, жорсткую барацьбу «зубраў» у Кубку надзеі і першыя сенсацыі ў Кубку Беларусі па футболе.
1. Біятлонны сезон скончыўся нечаканым подыумам у гонцы з масавым стартам, другім у кар'еры Вялікім хрустальным глобусам Кайсы Мякярайнен і трафеем прэстыжу Дар'і Домрачавай. На апошнім этапе Кубка свету ў нарвежскім Халменколене лідар нашай зборнай толькі аднойчы ўзнімалася на п'едэстал — «залатым» стаў непакорлівы спрынт. А вось у пасьюце Домрачаву падвяла стральба: шэсць промахаў на дзвюх «стойках» не дазволілі Дар'і прэтэндаваць на месца ў тройцы лепшых. Падобны сцэнар разгарнуўся і ў завяршальнай гонцы сезона: як і ў пасьюце, на апошнюю стральбу беларуская біятланістка прыйшла лідарам, аднак з-за промаху і лішніх у сукупнасці 450 метраў дыстанцыі Домрачава не змагла паспаборнічаць за «медаль» з больш «свежымі» саперніцамі. Як вынік — крыўднае 4-е месца на фінішы. Тым не менш, выступіўшы ў мас-старце лепш, чым Тура Бергер і Кайса Мякярайнен, Дар'я заваявала Малы хрустальны глобус у гэтай дысцыпліне. А галоўны трафей сезона дастаўся Кайсе Мякярайнен. У жорсткай барацьбе фінская спартсменка на чатыры ачкі апярэдзіла Туру Бергер, для якой гэтая гонка стала апошняй у кар'еры. У агульным заліку Кубка свету Дар'я Домрачава фінішавала на трэцім месцы. Між іншым, трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы ўручылі медаль Халменколена — гэта найвышэйшы знак прызнання спартыўных дасягненняў у лыжным спорце Нарвегіі!
2. Мінскае «Дынама» працягвае выступленні ў Кубку надзеі.
У першым паўфінальным матчы «зубры» саступілі чарапавецкай «Поўначсталі» 2:5. Адзначым, што ў апошнім перыядзе мінчане прапусцілі тры шайбы. А вось у наступным матчы серыі падапечныя Любаміра Покавіча гулялі да перамогі. Лёс сустрэчы вырашаўся ў авертайме, дзе другая шайба Сяргея Дразда паставіла тлустую кропку. Пасля матча галоўны трэнер «Дынама» Любамір Покавіч падвёў вынікі паядынку: «Цяжкая гульня — для абедзвюх камандаў. Для нас яшчэ больш цяжкая, таму што мы страцілі двух гульцоў — Аляксандра Кітарава і Канстанціна Захарава. У авертайме сапернік дзейнічаў вельмі добра. Але мы вытрымалі гэты націск і правялі некалькі хуткіх контратак, і апошняя завяршылася прыгожым голам». Наступны матч «зубры» правядуць на «Мінск-Арэне» 26 сакавіка.
3. Чвэрцьфінальныя матчы Кубка Беларусі па футболе прынеслі некалькі нечаканых вынікаў. На хатнім стадыёне гродзенскі «Нёман» перайграў БАТЭ — 2:1. Вырашальны гол у дадатковы час забіў Ігар Тарасаў. З такім жа лікам магілёўскі «Дняпро» абыграў яшчэ аднаго фаварыта — «Гомель». Дублем вылучыўся Аляксандр Сазанкоў. У дзвюх другіх сустрэчах абышлося без сюрпрызаў: «Шахцёр» і «Мінск» з аднолькавым лікам 3:1 абыгралі «Белшыну» і «Гарадзею» адпаведна. У паўфіналах, якія адбудуцца 15 красавіка, «гарнякі» праэкзаменуюць «Дняпро», а «гараджане» на хатнім стадыёне згуляюць супраць «Нёмана».
4. Меліціна Станюта чатыры разы ўзнімалася на подыум на этапе Кубка свету ў Штутгарце. У практыкаваннях з абручом, булавамі і стужкай беларуская гімнастка была трэцяй. А выступленне з мячом прынесла Меліціне серабро. У шматбор'і наша грацыя паказала чацвёрты вынік, саступіўшы толькі расіянкам — Яне Кудраўцавай, Маргарыце Мамун і Марыі Цітовай. У групавых практыкаваннях беларускія гімнасткі ўдзел не прымалі.
Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».