Большасць беларусаў ставіцца да свайго здароўя па прынцыпе «пакуль гром не грымне». Медыкі раяць не чакаць праяўлення хваробы, а ўзяць за правіла абследавацца «на апярэджванне» — у прыватнасці, рэгулярна здаваць некаторыя аналізы.
— Дзеля чаго здароваму чалавеку гэта рабіць? — перапытвае намеснік дырэктара па медыцынскіх пытаннях незалежнай медлабараторыі «ІНВІТРА», кандыдат медыцынскіх навук Васіль ЮРАСАЎ.
— Найперш для таго, каб пераканацца, што ён сапраўды здаровы, а не проста добра сябе адчувае... Летась мы праводзілі ў некалькіх рэгіёнах Расіі акцыю, падчас якой валанцёры запрашалі людзей з вуліцы бясплатна здаць аналізы. У выніку было абследавана больш за 500 чалавек. У паловы выявіліся тыя ці іншыя праблемы са здароўем, найбольш распаўсюджаная з якіх — парушэнне абмену рэчываў, так званы метабалічны сіндром. Метабалічны сіндром уключае ў сябе павышаны ўзровень халестэрыну, высокі ўзровень глюкозы ў крыві, павышаны артэрыяльны ціск, сімптомы цукровага дыябету 2 тыпу і г.д. Між тым ніхто з гэтых людзей на здароўе не скардзіўся!
Метабалічны сіндром, які многія ўрачы называюць эпідэміяй ХХІ стагоддзя, істотна павышае рызыку інсульту, ішэмічнай хваробы сэрца, сіндрому полікістозу яечнікаў у жанчын, а таксама анкалагічных захворванняў. «Вылечыць» гэты сіндром, папярэдзіць сур'ёзныя захворванні, звязаныя з ім, можна самастойна — варта толькі ўзяць сітуацыю на кантроль. Для гэтага найперш трэба перагледзець рацыён харчавання на карысць здаровай ежы, весці актыўны лад жыцця, рэгулярна, хоць бы раз на год, здаваць аналізы (на «дрэнны» і «добры» халестэрын, узровень глюкозы ў крыві), вымяраць акружнасць таліі (не больш за 80 см — у жанчын і не больш за 94 см — у мужчын) і артэрыяльны ціск.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.