На вуліцы цёпла і сонечна, а дзеці раптам сталі кволымі, гуляць не хочуць. Да вясенняй хандры схільныя не толькі дарослыя, але і дзеці. Стомленасць, раздражнёнасць і апатыя — даволі распаўсюджаныя адчуванні з надыходам вясны ў дарослых і дзяцей.
На тое ёсць свае прычыны. Па-першае, фізіялагічныя: вясна — час, калі мы пазбаўлены жыццёвай энергіі, вітамінаў і мікраэлементаў. Па-другое, псіхалагічныя: вясна — час, калі нам падаецца, што ўсё навокал мяняецца і рухаецца, а мы стаім на месцы. З-за гэтага мы больш схільныя да канфліктаў.
Дзецям таксама не проста справіцца з хандрой. Актыўныя дашкаляты ў такі час могуць стаць замкнёнымі, плакаць без прычыны, дрэнна спаць, спакойныя — наадварот, праяўляюць актыўнасць. У школьнікаў вясенняя дэпрэсія адбіваецца на вучобе — знікае ўважлівасць і зацікаўленасць, з'яўляецца жаданне толькі забаўляцца.
Паводле слоў псіхолага цэнтра дружалюбных адносін да падлеткаў «Поспех» 23-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Кацярыны БЛІЗНЮК,
наступныя агульныя парады дапамогуць і дзецям, і бацькам перамагчы песімістычны настрой.
1. Рэжым дня. Паўнацэнны сон (7-8 гадзін), чаргаванне працы і адпачынку. Не карайце за зніжэнне паспяховасці. Лепш дапамажыце справіцца з заданнямі.
2. Харчаванне. Замяніце мяса і каўбасу на рыбу і сыр, а пірожныя і цукеркі — на фрукты і мёд. Піце ўсёй сям'ёй зялёны чай, фруктовыя сокі без цукру. Ніякага галадання, строгіх дыет, паколькі нервовая сістэма і так пад напружаннем.
3. Прагулкі. Імкніцеся ў светлы час сутак як мага даўжэй бываць на свежым паветры. Дома і на працы сачыце за тым, каб асвятленне было найбольш яркім.
4. Паветра. Часцей праветрывайце пакоі, спіце з адкрытай форткай. Ідэальна — гуляць перад сном або хоць бы пастаяць на балконе. Гэта нармалізуе сон, робіць раніцу лёгкай.
5. Спорт. Любыя фізічныя нагрузкі паляпшаюць агульнае самаадчуванне. Дапамагае і штодзённы кантрасны душ. Праўда, перапады тэмпературы трэба павялічваць вельмі паступова.
6. Задачы. Не прымайце нейкі час важных рашэнняў. Разбівайце работу на часткі, якія будзе лягчэй выканаць. Вучыце дзіця арганізоўваць свой дзень.
7. Адзінота. Выбірайцеся на сустрэчы з сябрамі, сваякамі. Званіце самі і адказвайце на званкі.
8. Уражанні. Няблага разам з дзецьмі ажывіць свае дзіцячыя эмацыянальныя захапленні. Прагулка на конях, наведванне цырка, выстаў будуць дарэчы.
9. Колер. У адзенні і інтэр'еры выкарыстоўвайце ўсё тое, што мае яркія колеры.
10. Дробязі. Усё прыемнае вітаецца: ад паходу ў кіно і гульні ў мяч да набыцця абновак і паядання марозіва.
11. Прыгажосць. Самы час наведаць цырульню, касметолага і г.д.
12. Лянота. Рабіце хоць што-небудзь (напрыклад, тое, да чаго даўно не даходзілі рукі) — нельга зараз ленавацца.
13. Развагі. На тэму «Што мне перашкаджае быць шчаслівым», «Што мне дапаможа стаць шчаслівым», «Што я магу зрабіць сёння, каб стаць шчаслівым».
14. Усмешкі і каханне. Тут можна і не тлумачыць нічога.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.