З многіх раслін у навуковай і народнай медыцыне вырабляюцца розныя лекавыя прэпараты — настоі, адвары, мазі, парашкі, лекавыя зборы. Сумесі аказваюць лепшы эфект, чым настоі або адвары асобных раслін. Пры выкарыстанні настояў і адвараў нельга адмаўляцца ад прызначаных лекаў без кансультацыі ўрача. Некаторыя захворванні можна вылечыць лекавымі раслінамі, а іншыя — толькі з дапамогай медыкаментаў. Настоі з раслін могуць спрыяць лепшаму засваенню прэпаратаў, павышаюць імунітэт, нагадвае інструктар-валеолаг 23-й дзіцячай гарадской паліклінікі г. Мінска Ірына ШЫМАНСКАЯ.
Прыгадаем некалькі найбольш распаўсюджаных спосабаў гатавання настояў, адвараў і інш. у хатніх умовах.
Настой. Здрабніць расліну, пакласці ў каструлю, наліць неабходную колькасць вады пакаёвай тэмпературы і паставіць (пад накрыўкай) на паравую лазню на 10-15 хвілін. Настой астудзіць, працадзіць, даліць пры неабходнасці гатаванай вады да патрэбнага аб'ёму.
Можна здрабніць расліну, заліць кіпенем і настояць 20-30 хвілін. Настой працадзіць.
Або расліну здрабніць, заліць гатаванай вадой пакаёвай тэмпературы, настояць 8-12 гадзін у шчыльна закрытым посудзе і працадзіць.
Адвар. Гатуецца практычна гэтаксама, як настой. Толькі час на паравой лазні павялічваецца да 30-35 хвілін. Адвары, як правіла, робяць з кары або карэння ці з цвёрдага лісця. Гатуючы лісце брусніц або талакнянкі, кару дубу, корань рэвеню і іншых раслін, якія змяшчаюць дубільныя рэчывы, адвар трэба працэджваць адразу пасля здымання з вадзяной лазні, каб гэтыя рэчывы не разбураліся. Настоі і адвары вельмі добра засвойваюцца. Іх трэба захоўваць не больш за 4 дні ў цёмным халаднаватым месцы.
Кісель. Свежыя або сушаныя ягады заліваюць 2 шклянкамі халоднай вады і вараць 15-20 хвілін. Калі яны стануць мяккімі, адвар працадзіце, ягады пратрыце праз сіта, зноў заліце шклянкай вады і гатуйце 3-5 хвілін. Пасля працадзіце ў каструлю з адварам, дадайце цукар і варыце як кісель. Звычайна на 1 шклянку ягад бяруць 150 г цукру і 2 чайныя лыжкі крухмалу.
Кампрэс. Каб зрабіць сагравальны кампрэс, прыгатуйце настой ці адвар, намачыце ў гарачым настоі складзеную ў некалькі слаёў марлю, адцісніце і прыкладзіце да хворага месца. Накрыйце поліэтыленам і пакладзіце зверху слой ваты. Кампрэс шчыльна прыбінтуйце і трымайце, пакуль не астыне.
Прымочкі. Некалькі слаёў марлі намачыць у халодным адвары або настоі і прыкласці да хворага месца, не замацоўваючы бінтам. Праз 2-3 хвіліны замяніць прымочку.
Паласканне. Прымяняюць для лячэння горла і ротавай поласці. 3-4 сталовыя лыжкі здробненых раслін заліць трыма шклянкамі халаднаватай вады і пакінуць на ноч для настойвання. Раніцай настой гатаваць пад накрыўкай, пакінуць на 20-30 хвілін і працадзіць.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.