Губернатар Мінскай вобласці Сямён Шапіра правёў выязную прэс-канферэнцыю для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ цэнтральнага рэгіёна ў Дзяржынскім раёне. «Такія мерапрыемствы будуць ладзіцца і ў далейшым. Яны даюць магчымасць больш дэталёва азнаёміцца з канкрэтным рэгіёнам вобласці, яго сацыяльна-эканамічным развіццём, адметнасцю, гісторыяй і культурай», — адзначыў Сямён Шапіра. Менавіта такую форму сувязі з прэсай ён практыкаваў у Гродзенскай вобласці падчас свайго губернатарства.
Адказваючы на пытанні журналістаў, значную ўвагу старшыня Мінскага аблвыканкама ўдзяліў сацыяльна-эканамічным аспектам і аграрнаму сектару. Як адзначыў губернатар, яму дасталася эканамічна моцная, развітая вобласць. Пра што сведчыць і самы вялікі ў краіне аб'ём валавога рэгіянальнага прадукту, атрыманы летась, — 104%. Разам з тым, у мінулым годзе знізіліся паказчыкі ў сельскай гаспадарцы. Зрэшты, як і па іншых рэгіёнах. На гэта паўплывалі аб'ектыўныя фактары, перш за ўсё, кліматычныя. Але кіраўнік цэнтральнага рэгіёна ўпэўнены: сёлета аграрыі навярстаюць упушчанае: сельскагаспадарчыя культуры выйшлі з зімы ў добрым стане, практычна не спатрэбіцца перасяваць плошчы.
Сямён Шапіра таксама расказаў, што па выніках дзейнасці за 2014 год лепшы раён Міншчыны атрымае 400 млрд рублёў з абласнога бюджэту. Такіх сродкаў дастаткова, каб прывесці ў ідэальны стан адзін раённы цэнтр. Акрамя таго, гэта нядрэнны стымул да больш плённай працы, правядзення «Дажынак». Сёлета, напрыклад, Дзяржынскаму і Крупскаму раёну выдзелена па 100 млрд рублёў. Менавіта гэтыя рэгіёны за апошнія тры гады дасягнулі значных поспехаў у развіцці — з улікам не толькі аб'ёму вытворчай прадукцыі, але і заработнай платы, сацыяльных складнікаў. 100 мільярдаў рублёў атрымала і Заслаўе, дзе ладзіцца Дзень беларускага пісьменства. Дарэчы, у горадзе ідзе актыўная падрыхтоўка да свята, за кожным аб'ектам замацаваны арганізацыі, ведамствы, якія прыводзяць у парадак крамы, фасады камбіната бытавога абслугоўвання, паштовага аддзялення, жылых будынкаў, цэнтральную плошчу і чыгуначную станцыю.
Як адзначыў губернатар, вобласць ставіць перад сабой задачу — павялічыць экспарт прадукцыі і паслуг. На Міншчыне ўжо рэалізуецца звыш 300 інвестыцыйных праектаў з удзелам айчынных і замежных кампаній. Напрыклад, адна з літоўскіх фірмаў з абаротам каля 1 млрд долараў ЗША плануе пабудаваць на тэрыторыі вобласці завод па перапрацоўцы рыбы. Сямён Шапіра ўпэўнены, што доля малога і сярэдняга бізнесу будзе ўзрастаць, бо для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы і прававая база.
— Што датычыцца сітуацыі ва Украіне, то Міншчына не адчула ад тамтэйшых падзей нейкіх цяжкіх наступстваў, хоць нашы эканомікі звязаны паміж сабой. Тым не менш некаторыя ўкраінскія прадпрыемствы перасталі разлічвацца за раней узятую прадукцыю. Цяпер зніжаны аб'ём узаемных паставак, — канстатаваў Сямён Шапіра.
Цікавіла журналістаў і тэма Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. «Пакуль ідзе праектаванне, у тым ліку інфраструктуры, станаўленне, прыцягванне рэзідэнтаў, — адказаў губернатар. — Кітайскія калегі настроены актыўна працягваць праект. Але пакуль не прыйшлі да адзінай думкі — як з аднаго, так і з другога боку — наконт праектавання інфраструктуры. Але гэта рабочыя моманты, а ўвогуле ўсё ідзе па плане».
Закрануў старшыня аблвыканкама і пытанні кадравай палітыкі. Ён, напрыклад, не ўспрымае, калі падначаленыя на нарадах, пасяджэннях выступаюць па паперцы. «Нам патрэбна не статыстыка, а аналіз спраў: што зроблена, што не, ацэнка работы кіраўнікоў, спецыялістаў. Разам з тым кожнаму чалавеку важна пачуць добрае слова, нават калі і не ўсё ў яго атрымліваецца. І, бясспрэчна, нельга дапускаць у дачыненні да людзей хамства, прыніжаць іх чалавечую годнасць».
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.