У наступным навучальным годзе ў Белдзяржуніверсітэце стартуе інавацыйны адукацыйны праект: у Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій распачнецца падрыхтоўка на англійскай мове кадраў для рускамоўнай і англамоўнай сфер вядзення бізнесу.
— Раней навучанне на англійскай мове практыкавалася ва ўніверсітэце толькі на некаторых спецыяльнасцях у магістратуры, а цяпер размова ідзе пра першую ступень вышэйшай школы, — расказаў на сустрэчы з журналістамі рэктар БДУ, акадэмік Сяргей АБЛАМЕЙКА. — На спецыяльнасць «Бізнес-адміністраванне» будуць набірацца дзве групы: адна — з рускай і другая — з англійскай мовай навучання. Для чытання лекцый і практычных семінараў плануем прыцягваць выкладчыкаў з устаноў адукацыі Еўропы і ЗША. Тым больш што ў Інстытуце бізнесу і менеджменту БДУ ўжо назапашаны багаты досвед выкладання бізнес-дысцыплін на англійскай мове.
Сяргей Абламейка паведаміў, што стаць студэнтам англамоўнай групы могуць як замежныя, так і беларускія абітурыенты. Па ўмовах прыёму ў групу з англійскай мовай будуць залічвацца абітурыенты, якія паспяхова пройдуць у верасні гутарку па англійскай мове. Праўда, добра здадзенае цэнтралізаванае тэсціраванне таксама ніхто не адмяняў. Навучанне будзе весціся на платнай аснове, і, хутчэй за ўсё, кошт англамоўнага навучання будзе нават вышэйшым, чым на самых прэстыжных спецыяльнасцях БДУ, паколькі і намаганні выкладчыкаў ацэньваюцца крыху іншым чынам. Увогуле што тычыцца магчымых «цэннікаў» на платнае навучанне ў наступным навучальным годзе, то агучыць іх сёння ў БДУ не бяруцца.
Як зазначыў рэктар БДУ, за апошнія пяць гадоў ва ўніверсітэце была адкрыта падрыхтоўка па 22 новых спецыяльнасцях і 33 новых напрамках. Абнаўленне пераліку спецыяльнасцяў склала 30%. Не стане выключэннем і гэты год: на механіка-матэматычным факультэце БДУ адкрыюцца два новыя напрамкі навучання на спецыяльнасці «Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі» — «вэб-праграмаванне і інтэрнэт-тэхналогіі» і «матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных прыкладаў».
Лічбы прыёму на бюджэтную форму навучання ў БДУ практычна не змяніліся. На дзённую бюджэтную форму навучання плануецца прыняць 2045 студэнтаў (летась было 2048 чалавек) і на завочную бюджэтную форму — 350 чалавек (у 2013 г. — 337).
Як вядома, згодна з новай рэдакцыяй Правілаў прыёму ў ВНУ, школьныя медалісты, выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з дыпломам з адзнакай, а таксама пераможцы абласнога тура рэспубліканскіх школьных алімпіяд атрымалі магчымасць паступаць без іспытаў на спецыяльнасці педагагічнага профілю. Як высветлілася, у БДУ таксама хапае спецыяльнасцяў, дзе будуць рады бачыць школьных выдатнікаў.
— Навукова-педагагічныя патокі ў нас ёсць на многіх факультэтах. Выпускнікі гэтых спецыяльнасцяў размяркоўваюцца ва ўстановы адукацыі, таму мы лічым, што на іх таксама павінна распаўсюджвацца згаданая прывілея, — удакладніла сітуацыю адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Людміла ХУХЛЫНДЗІНА.
— Не будзем утойваць, што колькасць ахвотных пайсці менавіта на педагагічныя спецыяльнасці была ў нас нязначнай, і толькі дзякуючы агульнаму конкурсу на факультэце нам удавалася іх укамплектаваць, але, на жаль, у прыярытэтах абітурыентаў педагогіка не займала першага месца. Таму мы зусім не супраць таго, каб Міністэрства адукацыі ўключыла нашы педагагічныя спецыяльнасці ў свой пералік і мы мелі магчымасць залічваць медалістаў без экзаменаў. Як мы пераканаліся, гэта адны з лепшых студэнтаў: па ўзроўні сваёй паспяховасці падчас навучання ва ўніверсітэце яны саступаюць толькі пераможцам алімпіяд.
Дарэчы, 29 сакавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце будзе дадзены афіцыйны старт прыёмнай кампаніі. Гэта будзе не традыцыйны Дзень адчыненых дзвярэй, а Фестываль факультэтаў, які пройдзе пад дэвізам «БДУ вачамі студэнтаў». Пра вучобу, спецыяльнасці, культурнае і спартыўнае жыццё ў БДУ гасцям свята раскажуць самі студэнты. Яны ж стануць і гідамі па выставачных павільёнах фестывалю.
А ў 13.00 і 15.00 адбудзецца прэс-канферэнцыя «Задай пытанне рэктару БДУ» з удзелам Сяргея Абламейкі і адказнага сакратара прыёмнай камісіі Людмілы Хухлындзінай. Аўтарам двух самых цікавых пытанняў абяцаюць падарункі.
Надзея НІКАЛАЕВА.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».