На працягу некалькіх месяцаў на праект «100 ідэй для Беларусі» моладзь адпраўляла самы нечаканы, рознабаковы і складаны «плён розуму». Не так даўно акцыя падышла да фінальнай стадыі — эксперты абралі дзесяць лепшых, па іх меркаванні, ідэй. Дыпломы раздадзены, эмоцыі пакрысе ўлягліся, і чацвёра фіналістаў падзяліліся сваімі ўражаннямі, звязанымі з уваходжаннем у дзясятку лепшых, і паразважалі пра планы на будучыню. Сваю і сваіх праектаў.
Хімія «па тэлефоне»
— Мая ідэя з'явілася вельмі проста: аднойчы паленаваўся рашаць задачы па хіміі, якія задалі на дом. У гэты момант падумаў: «А што, калі б за мяне гэта мог зрабіць тэлефон?» Як вы зразумелі, хімія — гэта не «мой профіль». Больш падабаюцца фізіка, матэматыка і інфарматыка, — расказвае Павел Бацылеў, аўтар мабільнага памочніка па хіміі «Хімія Х10».
27-8
Спачатку мабільны памочнік «умеў» рашаць задачы па зададзеным алгарытме, потым хлопец дадаў яму яшчэ магчымасцяў. Напрыклад, калькулятар малярных мас, 200 своеасаблівых «шпаргалак», канвертар велічынь, а таксама такую цікавую штуку, як «абарона» ад настаўнікаў. Дастаткова правесці пальцам па экране тэлефона злева направа — і замест правільнага рашэння задачы экран пакажа звычайны гадзіннік. Атрымаўся ўніверсальны дапаможнік, які спатрэбіцца кожнаму школьніку.
Калі Павел даведаўся пра свой выхад у фінал праекта «100 ідэй для Беларусі», безумоўна, узрадаваўся: заўжды прыемна, калі тваю працу ацэньваюць.
— Першыя крокі да таго, каб яна не засталася проста ідэяй, ужо зроблены. Я сваімі сіламі апублікаваў праект, — кажа хлопец. — Хацеў бы зрабіць мабільны памочнік платным, але прадаваць мабільныя дадаткі распрацоўшчыкі з Беларусі пакуль могуць толькі праз замежныя фірмы.
Зараз Павел жыве ў Старых Дарогах і вучыцца ў сярэдняй школе №3. Плануе паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і атрымаць спецыяльнасць «Праграмуемыя мабільныя сістэмы». У будучым, калі браць ідэальны расклад падзей, малады чалавек бачыць сябе ўладальнікам ІT-кампаніі.
Грыбы «на вадзе»
27-7
— Пра «цудадзейныя» каналы Бярозаўскай ГРЭС я ведала яшчэ з дзяцінства, бо нарадзілася і вырасла непадалёк ад Бярозы. Яны не замярзаюць ўзімку, — успамінае Вольга Пупыкіна, аўтар праекта па вырошчванні вешанак з выкарыстаннем цёплай вады гэтых самых каналаў.
Ужо калі пачала працаваць у каледжы (Вольга — выкладчык спецдысцыплін першай катэгорыі ў Белаазёрскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы электратэхнікі. — Аўт.), у галаву прыйшла ідэя неяк гэтую акалічнасць выкарыстаць. Цёплая вада і павышаная вільготнасць — акурат тое, што трэба для вырошчвання вешанак.
— Калі мы зайшлі на сайт БРСМ і ўбачылі, што праект трапіў у дзясятку лепшых, адразу не паверылі, — распавядае Вольга. — «Мы» — таму што праект пачалі распрацоўваць разам з маімі навучэнцамі, групай 6С. А яшчэ ў нас былі надзейныя дарадцы — выкладчыкі Аляксандр Іванавіч Жур і Галіна Максімаўна Тыш'янава. Складанасці падчас работы былі звязаны ў першую чаргу з тэхналогіямі. Усё ж не так проста зрабіць усё правільна з першага разу.
Самае галоўнае, што даў Вользе, па яе меркаванні, удзел у праекце «100 ідэй для Беларусі», — гэта ўпэўненасць у сваіх сілах і ў тым, што ёсць жаданне і далей працягваць навуковую дзейнасць. «Да праекта ўжо праяўляюць цікавасць прадпрымальнікі нашага раёна. Бо гэта не проста карысная задумка, а яшчэ і прыбытковая. З аднаго квадратнага метра плошчы можна сабраць ад 80 да 100 кілаграмаў грыбоў».
Першыя грошы бізнес прынясе ўжо ў год старту. Да таго ж, па словах Вольгі, у яе рэгіёне вырошчванне вешанак — лічы, вольная ніша. Між іншым, гэтыя грыбы карысныя, напрыклад, тым, што выводзяць радыенукліды.
Лямпачкі для... агуркоў
27-6
— Зрабіць працу на гэтую тэму я вырашыла пасля аднаго са школьных урокаў хіміі. Мы праходзілі тэму «Металы», і ў падручніку быў прыклад, як старыя лямпачкі могуць «пераўвасобіцца» ва ўгнаенне: такі карысны элемент, як малібдэн, калі яго дастаць з лямпачкі і злучыць з іншымі рэчывамі, цудоўна спрыяе росту раслін. Мне захацелася даследаваць гэта як мага больш падрабязна, — распавядае Аляксандра Пілат, аўтар праекта па эфектыўным выкарыстанні перагарэлых электрычных лямпачак (сінтэз малібдату амонію). — Гэта была проста вучнёўская даследчая праца, таму абвяшчэнне вынікаў фіналу «100 ідэй для Беларусі» стала прыемнай нечаканасцю. Хачу падзякаваць сваёй настаўніцы Маі Уладзіміраўне Сільвановіч, бо без яе дапамогі многае б у мяне не атрымалася.
У дзень прэзентацыі перад камісіяй экспертаў, якія павінны былі даць ацэнку праекта, дзяўчына хвалявалася, але настройвала сябе на добрае выступленне. Аляксандра лічыць, што ўдзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі» даў ёй каштоўны вопыт публічных выступленняў і магчымасць пазнаёміцца з беларускімі навукоўцамі.
Пакуль што ніякіх прапаноў па рэалізацыі ідэі школьніцы не паступала, але яна ад гэтага не засмучаецца. Дзякуючы гэтай распрацоўцы цяпер у яе школе №1 у Клецку рыхтуюць незвычайнае ўгнаенне для прышкольнага ўчастка. Вучні спецыяльна збіраюць старыя лямпачкі, каб пасля яны дапамаглі лепш расці моркве, цыбулі ці буракам. Так, з 15 лямпачак можна атрымаць тры грамы карыснага рэчыва.
Сёння Аляксандра вучыцца ў 9 класе, але праз дзесяць гадоў бачыць сябе дзіцячым рэаніматолагам ці нейрахірургам. Галоўная мара на бліжэйшы час — паступіць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
Свята пісьменства
«анлайн»
27-9
— Аднойчы ў Глыбокім праходзіў Дзень беларускага пісьменства. Я звярнуў увагу на тое, што свята праводзіцца ўжо 19 гадоў, але сайта мерапрыемства яшчэ ніхто не стварыў, — успамінае Уладзіслаў Лаўцэвіч, аўтар сайтаў «Дзень беларускага пісьменства» і «Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны», гісторыю з'яўлення сваёй ідэі. — Так і ўзяўся за працу. Працягнуў яе яшчэ адным праектам, які быў прысвечаны віртуальнаму падарожжу па музеях Глыбоцкага краю. Каштоўныя парады давала мне настаўніца інфарматыкі Лідзія Анатольеўна Раманчук (на фота побач з Уладзіславам менавіта яна. — Аўт.).
Падчас выступлення перад экспертамі Улад адчуваў вялікую адказнасць: ад Віцебскай вобласці на фінальным этапе былі прадстаўлены толькі два праекты, аўтарам аднаго з іх быў ён. Хлопцу вельмі хацелася, каб хоць нехта з Віцебшчыны аказаўся ў ліку пераможцаў.
— На сёння мая ідэя практычна рэалізавана. Яшчэ ёсць некаторыя складанасці, але, спадзяюся, мой выхад у фінал дапаможа ў іх вырашэнні, — распавёў Уладзіслаў.
У будучым ён хоча звязаць сваё жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі, стаць праграмістам. Пакуль жа вучыцца ў 8 класе Глыбоцкай раённай гімназіі, а ў вольны час захапляецца рыбалкай, шахматамі і спортам.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота з архіваў герояў
і сайта http://www.vіtbіchі.by/
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.