Безумоўна, настаўнік — прафесія важная. Але апошнім часам прэстыж гэтай прафесіі падае, а мы працягваем рабіць выгляд, нібы ўсё ідзе так, як трэба.
Многія педагогі любяць вучыць дзяцей і хацелі б застацца ў школе, але не кожны хоча атрымліваць за гэта тыя грошы, якія прыходзяць на пластыкавую картку кожны месяц. У прынцыпе, прычына, чаму большасці студэнтаў не падабаецца перспектыва быць настаўнікам, і так для ўсіх відавочная — не вельмі прыемная будучыня ў выглядзе вялікіх нервовых затрат і невялікага заробку...
Нядаўна ў мяне з'явіўся агеньчык надзеі: ёсць яшчэ тыя, у кім жыве жаданне вучыць бескарысліва! Спачатку я пазнаёмілася з адной такой дзяўчынай, а цяпер сустракаю ўсё больш студэнтаў, якія насамрэч чакаюць практыку ў школах, а не хаваюцца ад яе. Шэраг знаёмстваў з будучымі настаўнікамі пачаўся недзе гады два таму: я сустрэла дзяўчыну, якая мэтанакіравана пайшла на алімпіяду па рускай мове, каб паступіць на філалагічны факультэт БДУ і, скончыўшы яго, стаць настаўніцай.
Колькі характараў — столькі лёсаў, столькі сцяжынак вядуць у будучыню. Калісьці, азіраючыся на мінулае, кожны абавязкова будзе бачыць у пачатку ўсіх дарог свайго першага настаўніка. Гэтыя хлопчыкі і дзяўчаткі з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна будуць памятаць яе — сваю першую настаўніцу, Ганну Іванаўну Міхаленю.
Тады гэтая дзяўчына пераканала мяне, што ёсць у нас людзі, гатовыя стаць добрымі настаўнікамі — насуперак папяровай бюракратыі і незайздроснаму заробку. У наступныя гады я таксама сустракала дзяўчат, якія былі не супраць працаваць настаўніцамі ў сваіх навучальных установах. Дарэчы, ведаеце, які прадмет моладзь хацела б весці ў малодшых пакаленняў найперш? Беларускую літаратуру! Як лічаць студэнты, менавіта любоў да яе трэба прывіваць у першую чаргу. А яшчэ многія цяперашнія настаўнікі, якія працуюць у школе, на думку моладзі, расказваюць часам зусім не тое, што можа зацікавіць юныя розумы. Ды і ў нашай літаратуры, асабліва сучаснай, ёсць вартыя ўвагі асобы і творы, якія застаюцца па-за праграмай.
...На аддзяленні рускай філалогіі ў БДУ зараз вучыцца Настасся Буракоўская. «Настаўніцай я захацела стаць толькі паўтара года таму, а да гэтага шукала такую прафесію, у якой я магла б спалучаць любоў да творчасці і зносіны з рознымі людзьмі», — расказвае Насця. І толькі перад цэнтралізаваным тэсціраваннем дзяўчына зразумела, што педагог у такім выпадку — выдатны варыянт. На Насціну думку, калі ты — настаўнік, то павінен прачынацца з жаданнем ісці на працу, а гэта і ёсць галоўнае пры выбары прафесіі. Насця таксама адкрыла сакрэт, што будзе імкнуцца да вобразу сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры: яна вельмі падабалася дзяўчыне ў школе.
Вядома, настаўнік — гэта не проста нянька, якая даглядае дзяцей 45 хвілін урока. Насця гэта разумее і кажа, што галоўная мэта для яе — адкрыць вучням усё багацце кнігі. Як лічыць дзяўчына, сёння дзяцей немагчыма ўтрымаць за чытаннем, і яны не разумеюць, як шмат губляюць праз гэта.
Крыху іншую мэту ставіць для сябе будучая выкладчыца гісторыі Юлія Аляксеенка, якая ў дзяцінстве паглядзела добрую савецкую стужку «Вялікі перапынак». Менавіта з яе, кажа Юля, і пачала фарміравацца ідэя стаць настаўніцай. Вялікі ўплыў на далейшы выбар, на думку дзяўчыны, аказваюць менавіта школьныя настаўнікі. Юлі пашанцавала з добрымі настаўнікамі, а апошнім штуршком да важнага рашэння стаў калектыў выкладчыкаў Ліцэя БДУ. Дарэчы, Юля дасылае прывітанне свайму настаўніку грамадазнаўства, які адыграў асаблівую ролю ў выбары прафесіі.
...Ёсць і тыя, хто прыйшоў да свайго прызвання раптам, выпадкова. Напрыклад, Караліна Комар зразумела, што хоча настаўнічаць толькі пасля таго, як трапіла на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Цяпер дзяўчына ўпэўнена: толькі ў ролі настаўніцы яна зможа рэалізавацца на 100 працэнтаў. Дарэчы, Караліна — адзіная, хто пракаментаваў такую неадназначную рэч, як сённяшні заробак настаўніка. Яго велічыня дзяўчыну не хвалюе, бо яна пераканана, што аддача ад працы з дзецьмі, абуджэнне ў іх прагі дзейнасці — куды больш істотныя рэчы.
Пошук апантаных ідэяй настаўніцтва прывёў мяне да Караліны Кукрэш (дарэчы, будучай выкладчыцы геаграфіі), якая захацела стаць настаўніцай у школе дзякуючы дню самакіравання. Праводзячы заняткі ў малодшых класах, дзяўчына бачыла зацікаўленасць у вачах дзяцей. Працэс пошуку цікавай інфармацыі і адказы на пытанні так зацягнулі Караліну, што не адпусцілі і да гэтага часу.
...Пакуль дзяўчаты яшчэ вучацца ва ўніверсітэце. Магчыма, да таго моманту, як яны атрымаюць дыпломы і прыйдуць на працу ў навучальныя ўстановы, грамадства абудзіцца і зразумее, што прафесія педагога — гэта не «крыж»? Калі чалавек верыць у сваю мару і імкнецца да яе ўвасаблення, то нічога не павінна яго спыніць.
Ганна ПЯРОВА,
студэнтка І курса
Інстытута журналістыкі БДУ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.