Апошнія тыдні падарылі Аляксандру Ермаковічу, галоўнаму трэнеру БАТЭ, палітру разнастайных эмоцый. Спачатку — шчырую радасць ад перамогі ў матчы з «Мінскам» за Суперкубак краіны, а пасля — яўнае засмучэнне ад паражэння ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі, дзе на шляху чэмпіёнаў паўстаў гродзенскі «Нёман». Так, кубак барысаўчане сёлета ўжо не заваююць, аднак гонка па чарговае чэмпіёнства толькі наперадзе. Менавіта пра падрыхтоўку да сезона, самаадчуванне ў трэнерскім крэсле, размовы з Віктарам Ганчарэнкам распавёў журналістам Ермаковіч падчас адмысловай прэс-канферэнцыі.
— Мы заўжды хваравіта перажываем паражэнні, — кажа трэнер. — Але гэта спорт і тут непазбежныя тыя моманты, калі прыходзіцца мець справу з паражэннямі. Важна тое, як мы будзем выходзіць з гэтай сітуацыі. Вялікіх разбораў палётаў у нас не было. Мяркую, Анатоль Анатольевіч Капскі сам добра разумее, што папракнуць нас у адсутнасці самааддачы ці нежаданні гуляць прычын не было. Ён паставіўся з разуменнем.
Падчас паўзы паміж чэмпіянатамі БАТЭ правёў некалькі збораў у Турцыі, і падпісаў кантракты з шэрагам новых гульцоў. Сярод іх — 22-гадовы серб, абаронца з белградскай «Црвены Звезды» Філіп Младзенавіч, ужо добра вядомы беларускаму гледачу Анры Хагуш, галкіпер з «Нёмана» Сяргей Чэрнік, нападаючы брэсцкага «Дынама» Мікалай Сігневіч...
— Падчас падрыхтоўкі да сезона мы выканалі ўсё, што планавалі, — прызнаўся Аляксандр Уладзіміравіч. — Умовы для нас былі аптымальныя. А вынікі «селекцыйнай працы» пакажа толькі сезон. Гаварыць пра яе сёння дачасна. Шмат футбалістаў пакінула каманду, а навічкам на адаптацыю ў калектыве патрэбен пэўны час.
Пра канкурэнцыю ў першынстве краіны па футболе, якое стартуе на бліжэйшых выхадных, Ермаковіч сказаў наступнае.
— Я не бачыў у дзеянні ўсе каманды. Але тыя, каго пабачыў, прыемна ўразілі. У прыватнасці, салігорскі «Шахцёр». «Мінск», сталічнае «Дынама», «Нёман» таксама нядрэнныя каманды. Канкурэнты ў барацьбе за медалі не дрэмлюць і, лічу, чэмпіянат будзе даволі цікавым.
— Аляксандр Уладзіміравіч, а ці цалкам вы адаптаваліся да пасады галоўнага трэнера? — спытаў карэспандэнт «Звязды» ў футбольнага спецыяліста.
— Паступова прывыкаю. Не скажу, што цалкам, але жыццё прымушае. З кожным матчам пачуваюся больш упэўнена і ўжо адчуваю сябе не памочнікам, а галоўным трэнерам. Безумоўна, па меры неабходнасці звяртаюся па параду да калег. Мы, як і раней, пастаянна размаўляем з Віктарам Ганчарэнкам.
— Ганчарэнка неяк сказаў, што БАТЭ варта было б запрасіць трэнера збоку. Як вы адрэагавалі на падобныя словы?
— Нармальна. Гэта думка Віктара Міхайлавіча. Нічога дрэннага ў ёй не бачу. І ніякім чынам на нашы ўзаемаадносіны яна не паўплывала.
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота аўтара
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.