Заварыце смеццеправод — за вываз адходаў заплаціце менш. Сёлета выканкамам і органам дзяржкіравання будуць даведзены павышаныя заданні па зборы асноўных відаў другаснай сыравіны, у тым ліку ўвядзенне дзяржзаказу, каб забяспечыць максімальную загрузку беларускіх перапрацоўчых вытворчасцяў. Пра гэта паведаміў падчас прэс-канферэнцыі міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй ШОРАЦ.
Таксама плануецца не менш чым на 50% павялічыць сетку прыёмных пунктаў другаснай сыравіны, арганізаваць яе прыём у насельніцтва ў гандлёвай сетцы, якая ўжо існуе.
Каб павялічыць аб'ёмы збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, Мінбудархітэктуры даручана ўнесці ў нарматыўныя акты абавязковасць стварэння прыёмных пунктаў пры праектаванні гандлёвых аб'ектаў. Амаль у кожным раёне Беларусі арганізуюць асобны комплексны збор адходаў і лініі для іх сартавання.
Апроч таго, у 2015 — 2016 гадах у Мінску, Віцебску і Гродне плануюць стварыць прадпрыемствы па сартаванні і перапрацоўцы камунальных адходаў на беларускім абсталяванні. Мінгарвыканкамам неаднойчы праводзіўся тэндар на будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода, але заяўленыя цэны пакуль што непад'ёмныя для бюджэту. Інвестары таксама не выказваюць зацікаўленасці, таму што тарыфы для насельніцтва павінны быць значна вышэйшымі, чым цяпер.
А вось стварэнне прадпрыемства па перапрацоўцы батарэек у краіне пакуль не апраўдана. Каб яго пабудаваць, неабходна сабраць 100 тон батарэек за год. Пакуль што ў краіне сабрана 27 тон за тры гады. Таму разглядаецца пытанне аб іх перапрацоўцы ў Расіі.
Па словах міністра, яшчэ недастаткова ахоплена сфера прыёму другаснай сыравіны ў насельніцтва. Таксама пакуль ёсць праблемы па перапрацоўцы складанай бытавой тэхнікі.
«Мы разглядалі гэта пытанне з гандлёвымі сеткамі, і яны зацікаўлены ў тым, каб людзі здавалі ім стары тэлевізар ці халадзільнік і атрымлівалі зніжку на новы», — сказаў міністр.
Увогуле ж у Беларусі ўтвараецца прыкладна 3,7 млн тон адходаў за год, і пакуль што з іх перапрацоўваецца крыху больш за 12%. Гэтую лічбу можна павялічыць удвая — больш другаснай сыравіны ў камунальных адходах няма. Для гэтага насельніцтва павінна бачыць выгаду ад здачы сыравіны. Апроч таго, вядзецца работа па асобным зборы другасных рэсурсаў. Зрэшты, апошняя пакуль наладжана недасканала, бо многія жыльцы карыстаюцца смеццеправодамі ў дамах, што робіць немагчымым асобны збор смецця. Па словах міністра, на заварванне смеццеправода людзі ідуць неахвотна. Таму цяпер распрацоўваецца пытанне пра ўсталяванне так званага двухставачнага тарыфу: калі ў двары стаяць кантэйнеры для асобнага збору другрэсурсаў і заварваецца смеццеправод, тарыф будзе ніжэйшы, чым пры наяўнасці смеццевай шахты.
У краіне рэалізуецца «Дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў Рэспубліцы Беларусь на 2009 — 2015 гады», якую з 2013 года каардынуе Мінжылкамгас. З пачатку дзеяння праграмы аб'ёмы збору паперы павялічыліся на 161%, шкла — на 222%, палімерных адходаў — на 194%.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».