(Малады спявак марыць пра раяль, бо пыласос у яго ўжо ёсць)
...Гледзячы на юнака, разумееш, што ўзыходзячая «зорка» беларускай эстрады і падчас перапынкаў у творчай дзейнасці, такіх кароткачасовых, як снег гэтай зімой, застаецца самым звычайным чалавекам. Напрыклад, захапляецца футболам, чытае звычайныя кнігі.
Марк Войтка, вучань сярэдняй школы № 14 г. Маладзечна, спявае 11 гадоў. Цяпер яму 16. З недаверам перапытваю: «Няўжо з 5 гадоў?»
— Не тое каб я сальфеджыа ў дзіцячым садку вывучаў, але рот мне было не заткнуць! Хадзіў, спяваў сабе пад нос. А караоке было сапраўднай уцехай! Першыя хвіліны маёй славы, — жартуе Марк.
Паўтаруся: жартуе. Пры ўсіх сваіх дасягненнях на эстрадзе ён не толькі на зайздрасць мэтанакіраваны, але і застаецца простым, разумным, шчырым хлопцам, які адэкватна сябе ацэньвае і не перабольшвае сваіх заслуг. Пераможца рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, шматлікіх фестываляў, Марк не адмаўляецца ад удзелу ў школьных і раённых канцэртах, бо не забываецца, з чаго стартавала яго імклівая кар'ера спевака.
У пачатковай школе настаўніца музыкі заўважыла любоў хлопчыка да спеваў, і ўжо ў першым класе Марк стаў пераможцам школьнага конкурсу талентаў: «Памятаю, той нумар мы рыхтавалі з аднакласніцай, а я да таго ж адчайна «змагаўся» з балалайкай. Ці не з гэтай нагоды мяне накіравалі вучыцца ў музычную школу?»
Далей — раз'езды па краіне і за яе межамі з хорам «Пеўнікі», дзе Марк саліраваў, асваенне гітары, экзамены, і вось музычная адукацыя за плячыма. Паралельна з музычнай школай Марк наведваў і працягвае наведваць студыю эстраднай песні «Брава» дзіцячага цэнтра культуры «Расток».
Пад фанаграму ён ніколі не спявае, бо лічыць гэта абразай для артыста. Затое ў спадніцы — калі ласка! Часам Марк надзявае белую спадніцу вышэй калена і белыя легінсы, бо гэта частка нацыянальнага грэчаскага касцюма. Так Марк апошні раз выступаў на абласным фестывалі нацыянальных культур.
Першай значнай перамогай стаў прыз глядацкіх сімпатый на рэспубліканскім праекце «Звонкая раніца 2011». Потым былі другія месцы на міжнародных фестывалях «Зямля пад белымі крыламі», Avantі, «Крылатыя арэлі», першае — у адкрытым музычным конкурсе мастацтваў «Ззянне талентаў 2013». На адным з іх — рэспубліканскім конкурсе «Залатая Ліра» — Марк выконваў сваю любімую песню «Yesterday» гурта The Beatles, за якую атрымаў гран-пры.
— Добра памятаю, як год таму ў Мазыры праходзіў Міжнародны фестываль юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі», дзе мяне ўзнагародзілі дыпломам ІІ ступені і... пыласосам. Гэта мяне ўразіла. Дарэчы, фестываль быў цудоўны, — узгадвае юнак.
— Ці можаш падлічыць, колькі разоў ужо выступаў на сцэне?
— Цяжка сказаць. Бывае, за тыдзень па пяць канцэртаў. Бывае, і ніводнага, але гэта рэдкі выпадак.
Узнікае пытанне: як адзінаццацікласнік паспявае за школьнай праграмай ды яшчэ ідзе пры такіх нагрузках на залаты медаль? Хлопец тлумачыць: «Да 10 класа я старанна назапашваў веды, таму цяпер мне даводзіцца толькі кантраляваць адзнакі. Хатнія заданні выконваю ў электрычцы, маршрутцы, ноччу...». Марк знаходзіць час не толькі на ўрокі, а і на рэпетытараў — рыхтуецца да ЦТ. Не дзіва, што настаўнікі часам жартуюць наконт пропускаў заняткаў і яго папулярнасці: «Прывітанне, Марк... Ой, прабач, забылася тваё прозвішча!»
Дарэчы, на эстрадзе Марк вядомы не толькі ў якасці спевака, але і як канферансье. І зноў-такі, спачатку ён вёў школьныя канцэрты, а сёння яго запрашаюць на самыя адказныя гарадскія мерапрыемствы. «Да канферансу я падыходжу творча. Сцэнарый для мяне цяпер не больш, чым план, максімум — апорны канспект. Асабістыя лірычныя ці камічныя рэплікі прыдумляю за кулісамі, калі гутару з артыстамі. Даводзілася ўдала жартаваць і экспромтам. Вучуся майстэрству ў Івана Урганта, гляджу ўсе канцэрты з яго ўдзелам».
Хапае энтузіязму ў Марка і на хобі. Галоўным захапленнем з'яўляецца футбол. Некалі хлопец сам гуляў у яго, часцей за ўсё стаяў на варотах, бо «быў пухлым». Цяпер ён пераважна балельшчык, але ўсё роўна летам у вольны час з задавальненнем выходзіць з сябрамі на поле. «Самае цікавае, што я і мой лепшы сябар, з якім мы разам глядзім матчы, «хварэем» за розныя каманды: я з шасці гадоў нязменна за «Манчэстэр Юнайтэд», а ён — за «Барселону». Таму падчас гульні «Манчэстэр—Барселона» мы нібыта «трэцюю сусветную» рыхтуем!»
Яшчэ Марк, як многія сучасныя людзі, любіць фатаграфаваць. З задавальненнем здымае сяброў, калі папросяць, і прыроду — для сябе. Трэба адзначыць, што фотаапарат, як і новы «Айфон», юнак набыў за свае грошы. «Гэта другі плюс ад канцэртаў. Акрамя вопыту, новых сувязяў, развіцця, матывацыі, я атрымліваю яшчэ і грошы, што дазваляе адчуваць сябе самастойным, бо не сяджу на шыі ў бацькоў».
Дзякуючы сцэне Марк пазнаёміўся з беларускім артыстам Дзядзькам Ванем. Ён для хлопца аўтарытэт і сябар адначасова. «Хоць зараз магу патэлефанаваць яму і пацікавіцца справамі!» — кажа Марк, хапаючыся за тэлефон. Верым словам і тэлефону з нумарам, падпісаным як «Дзядзька Ваня».
Пра што можа марыць сучасны хлопец у 16 гадоў? Хіба не пра каханне? Аказалася, пра раяль! А дакладней, жаданне добра асвоіць клавішы стаіць першым пунктам у плане на лета. Другім — паступленне: «А куды — не так важна, галоўнае — заставацца артыстам. Я са сцэны ўжо — ні нагой!»
«За ўсе свае дасягненні я ўдзячны маёй бабулі. Яна мяне, калі казаць проста, «зляпіла». З дзяцінства Марк жыў пад яе наглядам, але маці з замежжа заўсёды і паўсюдна падтрымлівала юнака. Вялікай падзякі заслугоўвае, безумоўна, і педагог студыі «Брава» Наталля Анатолеўна Соніч.
Мяне здзівіла, што Марк не трапіў на дзіцячае «Еўрабачанне», але ён супакоіў:
— А я не шкадую. На такія рэчы патрэбны шалёныя грошы. Але ёсць у мяне адна ідэйка для «Еўрафэста». У стадыі мары, распрацоўваецца. Хачу напісаць музыку на верш Ніла Гілевіча. Лічу, што Беларусь не мае перспектыў на «Еўрабачанні» з песняй не на роднай мове. Дык прыходзілі ж на апошні адбор малавядомыя гурты з цудоўнымі беларускімі песнямі, на свае вочы бачыў, сваімі вушамі чуў! А журы не спадабалася. Прадчуваю, дачакаюцца яны вартай песні...
Ганна ФІЛІСТОВІЧ,
вучаніца 11 класа гімназіі № 10 г. Маладзечна
Пра аўтара
— Я вялікі аматар тэатра, займаюся любімай справай ва ўзорным тэатры-студыі «ТэсТ». Тэатр для мяне — больш чым хобі. Гэта шлях развіцця, — кажа пра сябе 16-гадовая аўтарка.
Тым не менш Ганна збіраецца звязаць сваё жыццё з журналістыкай, таму наведвае ў сваім горадзе школу журналістыкі «Маладзік».
— І тут мне на дапамогу прыйдуць камунікабельнасць, аптымізм, вобразнае мысленне і здольнасць бачыць крыніцу інфармацыі паўсюдна, — упэўнена дзяўчына. — А самае цікавае — гэта вывучаць людзей. Бо вядома, што кожны чалавек — сусвет!
З іншых захапленняў Ганна адзначыла вандроўкі на веласіпедах: калі летам яны збіраюцца разам з сябрамі і ладзяць сапраўдныя падарожжы па раёне.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.