Прафесія вучонага за апошнія гады, здаецца, страціла былую прывабнасць, і цяпер не часта можна пачуць ад моладзі пра жаданне стаць даследчыкам. Тым не менш і сёння знаходзяцца людзі, гатовыя прысвяціць навуцы сваё жыццё. Мы пагутарылі з маладым вучоным, стыпендыятам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Алегам ІВАНОВЫМ, навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук.
5
— Спадар Алег, раскажыце, як вы зацікавіліся навукай і чаму выбралі менавіта батаніку?
— Ёсць такі збіты выраз: «Навука — гэта задавальненне ўласнай дапытлівасці за кошт дзяржавы». Ён вельмі ўмоўны, але адначасова і трапны. Калі ў чалавека прысутнічае «жылка» цікаўнасці, то яму апрыёры будзе падабацца нейкая даследчыцкая, навуковая дзейнасць. Усё залежыць толькі ад таго, у якіх умовах гэтая цікаўнасць будзе расці.
Мае бацькі цікавасць свайго сына да прыроды актыўна падтрымлівалі: першую кніжку па біялогіі падарылі яшчэ ў пяцігадовым узросце. Зразумела, што ў гэты час дзеці звычайна цікавяцца больш простымі рэчамі. Я любіў шукаць усялякіх жучкоў, павучкоў, назіраць за імі. Ужо ў школе ў мяне склаліся вельмі добрыя стасункі з выкладчыцай біялогіі Аленай Дзмітрыеўнай Шкут. Яна дазваляла заходзіць у лабаранцкую, а пасля школы нават падарыла мікраскоп. Я аднолькава цікавіўся як біялогіяй, так і хіміяй, а скончылася ўсё тым, што стаў біяхімікам (смяецца)
.
Пасля школы ўсе раілі паступаць на біяфак БДУ, але я выбраў для сябе педагагічны ўніверсітэт. З трэцяга курса пачаў займацца даследчыцкай работай у галіне эндакрыналогіі. На пятым курсе адзін з выкладчыкаў прапанаваў мне прыйсці сюды, у Інстытут эксперыментальнай батанікі. Я доўга думаў, бо на ўніверсітэцкім узроўні батаніка мне не зусім падабалася, але ў выніку паступіў у аспірантуру пры інстытуце. Мне прапанавалі месца ў лабараторыі, якая вывучае біяхімічныя якасці і ўласцівасці асобных раслін, і ў некаторай ступені мае, скажам так, скіраванасць на медыцыну. Гэтай працай я зараз і займаюся.
— Фінансавы складнік працы не расхалоджвае?
— Тут усё, як і ў любым іншым месцы: як працуеш — так зарабляеш. Іншая справа, што бюджэтнае фінансаванне змяншаецца і цяпер складае прыблізна 25 працэнтаў ад агульнага аб'ёму. Усё астатняе інстытут зарабляе сам. Камерцыйнымі распрацоўкамі, грантамі (у тым ліку і бюджэтнымі) і іншымі падобнымі рэчамі. Калі ты на працягу года пабегаеш, пашукаеш сабе праекты і распрацуеш іх, то можна атрымаць вельмі добрыя грошы.
— Але бегаць і шукаць гранты — занятак, далёкі ад навукі…
— Безумоўна. Справа ў тым, што вучонаму цяпер мала быць толькі вучоным. Трэба адначасова быць і маркетолагам, і менеджарам, і рэкламшчыкам для самога сябе. Калі ты падаеш нейкі праект на разгляд, то павінен максімальна адаптаваць яго для публікі, каб людзі зразумелі, пра што ідзе размова. Дрэнна, што навукоўцам даводзіцца займацца такой працай, але іншага шляху няма.
— Каб атрымаць Прэзідэнцкую стыпендыю, гэтыя метады таксама спатрэбіліся?
— Так, і з ёю, і з маім праектам для конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Першы праект быў фактычна заснаваны на кандыдацкай рабоце, у якой вывучаліся ўласцівасці бялкоў раслін сямейства складанакветных. Там былі пэўныя прыкладныя вынікі, але праца была збольшага фундаментальнай. А вось другое даследаванне, для «100 ідэй…», было ўжо скіравана менавіта на практыку. Там ішла размова пра выкарыстанне сумніка канадскага, які сёння ў некаторых краінах становіцца прычынай сапраўднай экалагічнай катастрофы. У Беларусі з ім змагаюцца, але плошчы, якія ён займае, павялічваюцца ў геаметрычнай прагрэсіі. Шкодна гэта таму, што там, дзе расце сумнік, не расце больш амаль нічога. На барацьбу з ім выдаткоўваюцца вялікія сродкі, і мой праект заключаўся ў іх кампенсацыі ці хаця б мінімізацыі. Справа ў тым, што ў корані сумніка змяшчаецца бялок, здольны знішчаць некаторыя фітапатагены (грыбы, якія шкодзяць раслінам). Гэты бялок можна выдзеліць і стварыць прэпарат, які можа быць выкарыстаны ў сельскай гаспадарцы. Такім чынам, знішчэнне сумніка будзе даваць пэўны фінансавы прыбытак. Папярэдняя дамоўленасць аб рэалізацыі праекта ў паўпрамысловых маштабах ужо існуе.
— Вы згадалі пра фундаментальную навуку. З боку кіраўніцтва дзяржавы часта гучыць: беларуская навука павінна мець прыкладны характар, які прывядзе да яе самаакупнасці. Ці згодны вы з гэтым?
— Я думаю так: калі шукаць нейкае выйсце, то рабіць гэта вельмі акуратна. Тут можна знайсці залатую сярэдзіну: па напрамках, у якіх мы безнадзейна адсталі ад сусветнай навукі, фундаментальныя даследаванні сапраўды можна спыніць. Перавесці гэтыя падраздзяленні на прыкладныя «рэйкі» і чакаць ад іх пэўнай эканамічнай аддачы. Астатнія напрамкі, у якіх яшчэ не ўсё страчана, трэба працягваць падтрымліваць. Бо не вельмі хочацца, каб праз колькі гадоў мы пазычалі ідэі, напрыклад, у кітайскіх навукоўцаў.
— Навукоўцам зараз даводзіцца працаваць у даволі складаных умовах. Такая з'ява, як «уцечка мазгоў», для Беларусі характэрная?
— Яна, безумоўна, ёсць. Чалавек проста з'язджае туды, дзе ён зможа самарэалізавацца. Звычайна такія людзі працуюць і на карысць Беларусі, бо яны будуюць «масткі» паміж навуковымі супольнасцямі краін. Але масавай гэтую з'яву назваць нельга. Масавасць была ў 1990‑я, гэта лёгка заўважыць па ўзроставым складзе Акадэміі навук. Пераважная большасць вучоных — гэта тыя, каму за 60 або каму да 40 гадоў. Сярэдняе пакаленне быццам цалкам знікла.
— Вас што-небудзь цікавіць, акрамя батанікі? Чым займаецеся ў вольны час, і ці ёсць ён увогуле?
— Нельга займацца навукай з дзевяці да пяці. Сам я кожны тыдзень складаю для сябе план і, калі не паспяваю выканаць, сяджу на працы да пераможнага канца. Бывае і наадварот — спраўляюся за дзве-тры гадзіны. Гэта асаблівасць навуковай дзейнасці. Адна мая знаёмая вучыцца ў аспірантуры ў Японіі, дык яна кажа, што там практычна ўся лабараторыя можа сядзець на працоўных месцах да дзесяці гадзін вечара нават у выхадныя. Але трэба браць пад увагу і тое, што да дзесяці застаюцца тыя, каму гэта цікава. А гэта вельмі важна.
На адпачынак часу хапае. У апошнія гады я вельмі шмат падарожнічаю. Аб'ездзіў з сябрамі Сіцылію, Швецыю. Ідэя нашых падарожжаў заключаецца ў тым, што мы ўвесь маршрут распрацоўваем самі. Самі шукаем жытло, па краіне перасоўваемся таксама самастойна. Гэта вельмі цікавыя прыгоды, і яны пакідаюць надзвычай яскравыя ўражанні.
Акрамя гэтага, я шмат чытаю. Нядаўна перачытаў збор твораў Джэка Лондана, падабаецца Тэадор Драйзер. З беларускіх пісьменнікаў люблю Уладзіміра Арлова.
Ну і, відавочна, не магу не сачыць за поспехамі футбольнага клуба БАТЭ, бо сам родам з Барысаўшчыны.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.