або Што зашыфравана ў арнаменце на ручніку?
Вышываны сувенір, зроблены ў аграгарадку Петкавічы Дзяржынскага раёна, ёсць ужо нават у Арменіі. Амаль два гады таму ў мясцовай школе стварылі бізнес-кампанію па вырабе рэчаў, аздобленых традыцыйным беларускім арнаментам, і цяпер справа, што трымаецца на дзвюх настаўніцах і дванаццаці вучаніцах, прыносіць навучальнай установе даход. Ці лёгка старадаўняму рамяству «пасябраваць» з сучаснасцю, як навучыць школьнікаў быць «на ты» з падаткамі і для чаго падлеткам варта ведаць і ўмець тое, чаго не памятаюць і некаторыя бабулі, карэспандэнтам «Чырвонкі» пагадзіліся распавесці ў Петкавічах.
2
— Гэта хлебасольны, вясельны ручнік. На ім я вышыла сімвалы сям'і, урадлівасці, багацця, — гаворыць вучаніца Петкавіцкай сярэдняй школы Дзіяна Храловіч пра адну са сваіх работ.
Старадаўняя беларуская вышыўка пад назвай «набор», якой удзельнікі бізнес-кампаніі аздобілі ручнікі, сурвэткі і іншыя рэчы, — гэта ўнікальнае рамяство. Вышываныя сувеніры ад юных майстрых — не проста прыгожыя, а яшчэ і з сэнсам. Дзяўчаткі вышываюць так, як гэта рабілі даўней, зашыфроўваючы ў арнаменце на ручніку пажаданні шчасця і дабрабыту. Напрыклад, ромб абазначае засеянае поле, гэта сімвал багацця, а «сняжынка» — сімвал сям'і, маленькія ромбікі-«зярняткі» абазначаюць дзяцей. Ручнік нібы гаворыць таму, каму яго дораць: хай ваша сям'я жыве ў дастатку і малых паболей нараджаецца.
На стварэнне такога сувеніра Дзіяне патрабуецца каля месяца. Школьніца, дарэчы, толькі вышываннем ручнікоў не абмяжоўваецца. Дзяўчына зрабіла яшчэ і вясельны набор у беларускім стылі. У яго ўваходзяць ручнік, падушачка для пярсцёнкаў, скрынка для падораных грошай, фотаальбом, канверты для падарункаў ад гасцей і банбаньеркі.
Калі б удалося пабачыць гэтыя рэчы без іх аўтаркі, адразу б і ў галаву не прыйшло, што зрабіла іх сучасная школьніца. Але гэта сапраўды так. І вышываць Дзіяну і яе сябровак навучылі не бабулі ці матулі, а настаўніцы.
— Калі раённы аддзел адукацыі звярнуўся да нас з просьбай стварыць школьную бізнес-кампанію, мы пачалі думаць, які напрамак абраць. Яшчэ да гэтага ўсе госці, што наведвалі нашу школу, не з'язджалі без невялічкага падарунка — «карпаратыўнай» вышытай закладкі. Вучні рабілі іх на ўроках працы. Таму вырашылі заняцца менавіта вышываннем і стварэннем сувенірнай прадукцыі і пачалі распрацоўваць асартымент, — успамінае намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце, куратар адміністрацыі бізнес-кампаніі, настаўніца абслуговай працы Валянціна Іванаўна Рабіноўская.
Вёска Петкавічы дастаткова маладая, і майстрых, якія маглі б навучыць старадаўняй вышыўцы, тут няма. Таму Валянціна Іванаўна разам са сваёй калегай, настаўніцай матэматыкі і кіраўніцай школьнай бізнес-кампаніі Галінай Іванаўнай Цэлагуз, спасцігалі ўсё самі, карыстаючыся самымі рознымі крыніцамі інфармацыі. Яшчэ да стварэння бізнес-кампаніі настаўніцы вялі гурткі па рукадзеллі. Тых, кто лічыць, што матэматыку і творчасць сумясціць цяжка, Галіна Іванаўна на сваім прыкладзе можа лёгка пераканаць у памылковасці такой думкі.
3
— Я сама шыла сабе вясельную сукенку, люблю вязаць, умею ткаць на старадаўнім станку і, зразумела, вышываць. У той жа час і матэматыка для мяне — адна з самых любімых спраў. Мне заўжды было цікава разабрацца са складанай задачай. Муж нават часам забіраў кніжку і сшытак. Маўляў, няўжо табе ў школе навукі не хапае, хоць дома ўжо адпачні. Так што ў маім выпадку матэматыка і рукадзелле дапаўняюць адно аднаго, — кажа настаўніца.
Той, хто хоць раз спрабаваў вышываць, цудоўна зразумее яе словы. Нават звычайныя крыжыкі патрабуюць уважлівага ліку, а калі працаваць з наборам, тут увогуле без добра структураванага мыслення не абысціся. Адступленне ад правільнага ўзору хоць на міліметр пагражае сапсаваць усю работу.
Але калі ўсё зроблена ідэальна, атрымліваюцца цудоўныя рэчы. Людзі нават часам не разумеюць, што бачаць перад сабой вышыўку, пытаюцца, на якім станку гэта выткалі.
Цяпер у школьнай «майстэрні» ў Петкавічах можна замовіць ручнікі, сурвэткі, закладкі-абярэгі, бірулькі, канверты для грошай, з якімі звычайна ідуць госці на вяселле, чахлы для мабільных тэлефонаў, вокладкі для кніг і вясельных альбомаў і іншыя рэчы такога кшталту.
Калі ж вучаніцы паспяваюць і заняткі наведваць, і вышыўкай займацца? Часцей за ўсё дзяўчаты бяруць працу дадому і вышываюць у свой вольны час. У школе існуе факультатыў «Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці». Але на ім не да творчасці — там больш займаюцца бізнес-планамі і рознымі арганізацыйнымі момантамі, якія датычаць бізнес-кампаніі. Таксама дзяўчаты-майстрыхі наведваюць гурток, на якім распрацоўваюць схемы вышыўкі і мадэлі прадукцыі.
З усім аб'ёмам працы спраўляюцца 12 чалавек, задзейнічаных у бізнес-кампаніі, але вышываць вучацца многія. Справа ў тым, што «бізнесоўцам» можна стаць толькі калі табе споўнілася 14 гадоў. Малодшыя ж могуць наведваць гурток і вучыцца вышываць, каб у будучыні далучыцца да вытворчасці сувеніраў.
— Дзеці вельмі зацікаўленыя ў гэтым, — кажа Галіна Іванаўна. — Яны не проста наведваюць гурток па інтарэсах, а маюць магчымасць зарабіць свае першыя грошы, няхай і не надта вялікія. Вельмі добра, што ўжо ў падлеткавым узросце нашы вучаніцы разумеюць значэнне заробку. Так, нашы дзяўчаты без праблем могуць падлічыць аб'ём зробленай за месяц працы, адняць падаходны падатак і такім чынам даведацца суму сваёй зарплаты.
Тут усё сур'ёзна. Юныя майстрыхі ведаюць, што ў бізнес-кампаніі ёсць свой касавы апарат і афіцыйная рэгістрацыя ў падатковай інспекцыі.
Нягледзячы на досыць прагматычны падыход да справы, кошты ў петкавіцкай «сувеніркі» дэмакратычныя: закладкі-абярэгі каштуюць 15 тысяч рублёў, канверты для дарэння — 30 тысяч, маленькі ручнік на ікону — 150 тысяч, а вялікі ручнік — 300 тысяч рублёў. Дзеці за сваю працу атрымліваюць прыкладна трэць ад кошту. Прадукцыю можна не толькі набыць, але і ўзяць напракат. Заплаціць давядзецца 70 працэнтаў той сумы, у якую ацэньваецца рэч. Попыт заўсёды ёсць. Рэкламаваць сваю прадукцыю бізнес-кампаніі дазволена на сайце школы, прадаваць сувеніры дапамагае і «сарафаннае радыё»: знаёмыя, сябры і калегі. Пакупнікі, якія ўжо маюць дома «прадукт» ад школьнай бізнес-кампаніі, таксама часта рэкамендуюць яе паслугі. За мінулы год школьная бізнес-кампанія атрымала даход каля 7 мільёнаў рублёў. А з пачатку гэтага года ў Петкавічах ужо паспелі зарабіць чатыры мільёны рублёў. Першапачатковыя капіталаўкладанні ў школьны бізнес былі невялікімі. Спатрэбілася набыць толькі спецыяльную тканіну — канву, якая ёсць у любым буйным універмагу, і ніткі для вышывання.
У Петкавічах упэўнены: для таго, каб паспяхова развіваць бізнес, трэба ўмець адаптаваць старадаўняе рамяство да сучаснасці і ўвесь час сачыць, што сёння карыстаецца асаблівай папулярнасцю.
— Мы хацелі б знайсці магчымасць прадаваць сваю прадукцыю падчас чэмпіянату свету па хакеі, — дзеляцца планамі Валянціна Іванаўна і Галіна Іванаўна. — Напрыклад, можна было б вышыць абярэгі з імёнамі вядомых хакеістаў. Замежным балельшчыкам павінна спадабацца.
Прыгажосць петкавіцкіх вырабаў замежнікі, дарэчы, ужо ацанілі. Аднойчы ў школу прыехалі госці з Расіі. На той момант лішніх гатовых ручнікоў у школе не аказалася, былі толькі тыя, што захоўваюцца як узоры. Але расіяне такое тлумачэнне не прынялі і доўга ўпрошвалі прадаць ім беларускі сувенір. Іх вельмі ўразіла, што такую карпатлівую ручную працу асвоілі дзеці, і беларускія традыцыі не спыняюцца выключна на бабулях і дзядулях. Ёсць вышываны падарунак з Петкавіч і ў міністра адукацыі Арменіі, які атрымаў яго падчас свайго візіту ў Мінскую вобласць.
Галіна Іванаўна і Валянціна Іванаўна ўпэўнены: адзінага сакрэту поспеху ў школьнай бізнес-кампаніі няма. Тут трэба і ўгадаць з відам дзейнасці, і зацікавіць дзяцей, і самому быць захопленым гэтай справай. А што датычыць дзяўчат, якія ўдзельнічаюць у бізнес-кампаніі, то яны, нягледзячы на ўзрост, па сувязі з роднай культурай пераўзыходзяць некаторых дарослых. Мала хто ведае такія факты: на традыцыйным ручніку не павінна прысутнічаць болей за сем сімвалаў, а яго даўжыня пачынаецца ад 1,5 метра; калі гэта ручнік на ікону ці для хлеба, яго сярэдзіна пакідаецца невышыванай, белай і чыстай, а вось рукабітны ручнік (яго выкарыстоўваюць падчас вясельнай цырымоніі) мае арнамент па ўсёй даўжыні.
Адна з юных майстрых, Кацярына Эбергарт, распавяла, што калі б нацыянальная вышыўка з'явілася на сучасным адзенні, яна б з задавальненнем такое насіла. Гэта было б прыгожа, стыльна і з сэнсам. Кацярына і яе сяброўкі пакуль не вышываюць кашуль, але атрыманае ўменне дзецям у жыцці абавязкова спатрэбіцца. На сваё вяселле дзяўчатам дакладна не давядзецца набываць ручнікі. Некаторыя з удзельніц бізнес-кампаніі, дарэчы, ужо пачалі вышываць сабе «пасаг».
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Мінск — Дзяржынскі раён — Мінск.
Мінск — Дзяржынскі раён — Мінск.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.