«Если б я был султан, я б имел трёх жён, и тройной красотой был бы окружён…» Памятаеце гэтыя словы з песні патэнцыяльна шчаслівага чалавека, які вынайшаў асабістую «залатую прапорцыю»: колькі жанчын павінна ў ідэале прыпадаць на адну асобу, каб яна, гэтая асоба, магла адчуваць сябе сапраўдным мужчынам? Праўда, танальнасць далей мяняецца: «Но, с другой стороны, тёщи тоже три…» Здавалася б, пры такім раскладзе памер калі не шчасця, дык, прынамсі, клопату з боку жаночага полу да памянёнай асобы павінен быў таксама аўтаматычна падвоіцца, а выходзіць зусім нават наадварот — ён ва ўяўленні мужчыны імкнецца да нуля… Ну ды хопіць пра святое — пра цешчаў. Пра іх, бедных, ужо столькі сказана… Не здагадаліся, пра што гаворка пойдзе? Добра, яшчэ адна падказка. Студэнт чацвёртага курса педагагічнага інстытута Іваноў прысніў жудасны сон: у яго на калготках папаўзла «стрэлка»… Тэма нашых сённяшніх «Балясаў» — камфортныя суадносіны сіл у калектыве, пры якіх мужчыны застаюцца мужчынамі, а жанчыны — жанчынамі. І ўвогуле, ці магчымы такі расклад у прыродзе?..
Анекдоты анекдотамі, а сапраўды, тая ж журналістыка зараз ператвараецца амаль што ў выключна жаночую прафесію: не хочуць чамусьці хлопцы ісці ў яе. Памятаю, у нашы гады юнакоў і дзяўчат было прыкладна пароўну. Прычым, многія хлопцы ішлі ў журналістыку пасля арміі, таму і атмасфера на факультэце была не такой, як сёння. Маю на ўвазе пэўны цяперашні інфантылізм юнакоў. А чаго здзіўляцца, калі менавіта студэнткі пераважаюць у аўдыторыі. Таму нешматлікія хлопцы з цягам часу папросту «раствараюцца» ў такой суполцы, вобразна кажучы, губляюць свае палавыя прыкметы. Тут ужо не да заляцанняў… Як сабе хочаце, у такой сітуацыі мужчынскі пол — не «жылец». Гэта я ўжо не толькі пра студэнцкую аўдыторыю, а ўвогуле пра любую працоўную суполку, дзе пераважае прыгожы пол. А што зробіш, калі калектывы жывуць кожны па сваіх законах? Як той казаў, мужчынская логіка правільная, а жаночая — цікавая. Дастаткова прыгадаць вядомае пра тое, што жанчыны могуць захоўваць сакрэты толькі невялікімі групамі — чалавек па сорак. І калі яны аб'яднаюцца, могуць «прыціснуць»: хоць адкрытым ігнараваннем, хоць празмернай увагай.
Вось яшчэ адно цікавае назіранне, не мной заўважанае. Мабыць, ніхто не чуў, каб мужчыны свядома прасіліся на працу ў выключна жаночы калектыў. Хіба што толькі ў анекдоце. «Сантэхнік Пятроў, наглядзеўшыся фільмаў для «дарослых», піша ўжо пятую заяву з настойлівай просьбай перавесці яго ў нямецкі ЖЭС». А вось многім прадстаўніцам прыгожага полу, як ні дзіўна, даспадобы працаваць менавіта там, дзе калі не ўсе, дык большасць работнікаў — мужчыны. Цікава, праўда: жанчыны не могуць ужыцца з сабе падобнымі. Чаму так? Недзе прачытаў, што моцны пол хоць і любіць «перакуры», не цураецца перакінуцца жартам, але, у прынцыпе, на працу ходзіць менавіта працаваць і зарабляць грошы, таму звычайна яго рабочы час падпарадкаваны пэўнаму рэжыму. А ў большасці жанчын праца — на другім месцы пасля сям'і. Жанчына па сваёй прыродзе створаная для яе, для адносін з процілеглым полам. Мабыць, па гэтай прычыне тыя з прадстаўніц прыгожай паловы, якія ўсё ж такі хочуць хадзіць на працу не толькі дзеля таго, каб пахваліцца чарговай абновай, і выбіраюць варыянт з мужчынскім працоўным калектывам. Зрэшты, гэта не перашкаджае і пахваліцца… Памятаеце вядомае: у яе «ўсё» было наперадзе! Гэта ж і ёсць магчымасць наладзіць стасункі з моцным полам: шанц незамужнім абзавесціся другой палавінкай.
Але вернемся да пачатку размовы: а ці можа жанчына «згубіцца» сярод мужчын? Залежыць ад характару. Памятаеце даўні анекдот? Выйшла дзяўчына замуж за ўзбека. Той ёй гаворыць: «Калі буду вяртацца з працы, глядзі, на якім баку галавы ў мяне цюбецейка. Калі на левым, кахаць цябе буду, падарункі розныя дарыць. А калі на правым — сварыцца буду». Паслухала тое кабета ды і кажа: «Ты, калі дадому будзеш вяртацца, а я буду стаяць рукі ў бокі, ведай: мне абсалютна напляваць, на якім баку галавы ў цябе будзе цюбецейка!»
Гэта я да таго, што ніхто не ставіць пад сумненне сілу волі, характар і іншыя якасці прадстаўніц чароўнага полу. (Як тут не прыгадаць у якасці доказу чарговы анекдот. «Іншаземную жанчыну збіў на вуліцы конь, калі яна глядзела, як гарыць дом»). Многія прафесіі дзякуючы выбару жанчын ужо даўно не атаясамліваюцца з выключна мужчынскім заняткам. Але давайце глядзець праўдзе ў вочы: яны ў асноўным усё роўна не працуюць асобна ад мужчын або, калі гаворка ідзе пра начальніц, кіруюць змешанымі калектывамі (прыгадайце хоць бы самую вядомую Мымру Савецкага Саюза са «Службовага рамана»).
Да якой відавочнай высновы прыходзім у выніку? Мысляць жанчыны і мужчыны па-рознаму, псіхалогія ў нас таксама адрозніваецца. Але, напэўна, гэта і яднае. У адзін працоўны калектыў. Ад гендарнага складу, не сакрэт, залежыць вельмі шмат. Там, дзе супрацоўнік-мужчына палянуецца, работу бездакорна выканае жанчына-калега. Затое, калі трэба будзе «пакачаць правы», наперадзе, хутчэй за ўсё, будзе прадстаўнік моцнага полу. Узровень сярэдняй заработнай платы будзе, як правіла, большым там, дзе працуюць мужчыны. А мора прыгажосці — дзе шчыруюць жанчыны. За баланс?!
Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.