Музыку яна любіла з дзяцінства. Таццяна хоць і атрымала адукацыю па спецыяльнасці «дырыжыраванне», але шляхам класічнага музыканта не пайшла. Стварыла свой гурт «Tanіn Jazz», у якім спалучае музыку розных жанраў. Варта зазначыць, што піша дзяўчына не толькі для сябе, але і для іншых артыстаў. Аранжыроўкі, саўндтрэкі да расійскіх фільмаў... Пра ўплыў музыкі на творцу і невыпадковыя сустрэчы ў сваім жыцці Таццяна Гарошка расказала нашаму выданню.
— Мы цяпер перажываем вельмі цікавы перыяд у творчасці. Паступова змяняецца канцэпцыя музычнага матэрыялу. Мы імкнёмся да якаснага гуку ў клубных залах. Ёсць жаданне стварыць новы прадукт, а для гэтага патрабуюцца спецыяльныя ўмовы. У нас за плячыма багата фестывальных і канцэртных выступленняў. Хочацца, каб працяг быў цікавым, без паўтораў. Я даўно саспела зрабіць альбом на беларускай мове. Новая праграма будзе адрознівацца па стылі…
Мне часта шчасціла з аднадумцамі, вось і цяпер праект нібы сам прыцягвае натхнёных таленавітых людзей, здольных не толькі прапаноўваць свае ідэі, але і слухаць адзін аднаго. Супрацоўніцтва з Надзеяй Падрэз якраз прыклад сінтэзу, калі музыка і тэкст яднаюцца так, што ўзнікае адзінства вобраза, агульны сэнс таго, што кожная з нас хоча сказаць. А адзіны настрой — рэч вельмі важная.
— Што будзе адлюстроўваць новы матэрыял?
Таццяна: З цягам часу я адчуваю сябе больш ураўнаважанай і дарослай, з'яўляюцца новыя мэты, змяняюцца запатрабаванні. Веру, што ўсё невыпадкова, і цяпер у нас можа атрымацца добрая праца. У бліжэйшы час выпусцім тры новыя сінглы. Я ніколі не адчувала сябе такой упэўненай у творчасці. Мабыць, адбіваецца вопыт запісу альбомаў ці пройдзены шлях з мноствам музычных эксперыментаў. Сёння мне спяваць камфортна. Падаецца, усё ідзе так, як мае быць.
(Да размовы далучаецца Надзея Падрэз — аўтар тэкстаў будучага альбома.)
Надзея: Мы пазнаёміліся ў верасні мінулага года, планавалася абмеркаваць маркетынгавыя пытанні, бо я працую ў сферы рэкламы. Адразу зразумелі, што нам цікава разам, таму вырашылі паспрабаваць сумесна ствараць песні. Мы належым да тых людзей, якім не толькі ёсць пра што сказаць, але яшчэ ёсць пра што падумаць і памаўчаць.
Наконт беларускай мовы хачу сказаць — яна проста неверагодная. Яна вельмі адрозніваецца па фанетыцы ад іншых. Наша мова лічыцца другой па прыгажосці пасля італьянскай. Мы адчуваем сябе нашчадкамі адной з еўрапейскіх культур, але здаецца часам, што наша мова недаацэненая, і на ёй мы — большасць з нас — так абыякава і «сучасна» маўчым. А варта хаця б адзін раз паспрабаваць загаварыць.
— Праца над праектам — новы творчы крок для вас. Але ж, мабыць, і да гэтага задумваліся над запатрабаванасцю мовы?
Таццяна: Спецыяльна такое пытанне ніколі не ставіла для сябе. Не было задумы рабіць музыку і тым самым неяк дапамагаць мове гучаць. Цяпер так атрымліваецца, што ўсё склалася ў адну карцінку. І гэта тое, чым хочацца займацца. Падчас навучання ў рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка я выхоўвалася ў цікавай творчай атмасферы, безумоўна, на мяне ўплывала асяроддзе інтэлігентных людзей. Потым была вучоба ў музычным вучылішчы, дзе мне пашчасціла з выкладчыкам. Але да пэўнага часу ўва мне не было той сілы, каб сабрацца і зрабіць пэўны крок. А цяпер ужо не трэба яе шукаць.
Надзея: Я заўсёды ведала, што мова — гэта не толькі сродак зносін. Мне падабалася працаваць са словамі яшчэ са школы. Мяне вабіла безліч варыянтаў стварэння розных выказванняў і трансфармацыі сэнсаў: там я бачыла крыніцу натхнення, якая вяла да акіяна магчымасцяў. Спалучэнне музыкі і слова бывае сапраўдным цудам. У маіх тэкстах на Таніну музыку няма штучных прыдумак і ўпрыгажэнняў, усё грунтуецца на глыбіні ўласных пачуццяў. Яны пра нас з вамі, пра сучасных людзей. Пра мяне і пра Таццяну, пра наш «жыццёвы джаз» — з яго няроўным рытмам, адхіленнямі і ланцужком акордаў-думак, уласцівых маладой жанчыне. Мы намагаемся зрабіць тое, што можам, каб людзі па-новаму адчулі смак беларускіх слоў у роднай танальнасці.
— Супрацоўніцтва патрабуе быць на адной хвалі. Ці варта тут гаварыць пра натхненне?
Таццяна: Тое, што мы робім зараз, дапамагае даць выхад творчай энергіі. Я не ведаю, чым абумоўлена гэтая сітуацыя — удалым збегам абставін альбо нашай з Надзеяй гатоўнасцю да такога кроку, але ў мяне адчуванне, што рана ці позна, але мы б абавязкова сустрэліся. Натхненне — проста нейкі канал, які адкрываецца табе перыядычна, і ты бярэш для сябе неабходнае. Музыка, як і іншыя віды мастацтва, змяняе чалавека. Зразумела, што я толькі праваднік, а стварэнне музыкі для мяне — своеасаблівая медытацыя. Таму спецыяльна не шукаю натхнення, а толькі дзялюся тым, што збіраецца ў сэрцы. Часам патрэбна эмацыянальная перазагрузка. Некалькі дзён у Рыме ці Парыжы — і ў цябе новыя ўражанні, нечаканыя вобразы і мелодыі. У кожнага горада свая энергетыка, якую назапашваеш падчас вандровак. А потым вяртаешся дадому і ўзгадваеш, параўноўваеш, працуеш зноў. Часам трэба апынуцца ў цягніку ці ў самалёце, каб адкрылася новае дыханне. Бывае карысна пабыць у адзіноце, адключыцца ад знешняга свету, каб адпачыць у цішыні. Так, напрыклад, за два тыдні на дачы быў напісаны мой першы альбом.
— Як вас змяніла музыка?
Таццяна: Мы з ёй увесь час змяняемся, я змяняю аранжыроўкі, яны — мяне. Маленькай дзяўчынкай мне падабалася дырыжыраваць дрэвамі. Не думаю, што яны мяне слухаліся. Зараз прыемна гэтаму ўсміхацца. Таксама я ніколі ў дзяцінстве не бачыла раяль, але аднойчы яго намалявала, і мама аддала мяне ў музычную школу. Творчым людзям патрэбна адзінота, але адначасова яна ім шкодзіць, калі яе зашмат. Мяне музыка заўсёды ратуе. Ведаеце, я даволі замкнуты чалавек, гэта не вельмі добра для артыста. Я ствараю свой унутраны свет і цудоўна там жыву, часам запрашаю ў госці. Можна сказаць, я пазнаю свет і кантактую з ім праз музыку.
— Што значыць свабода для вас?
Таццяна: Маё разуменне свабоды — магчымасць займацца любімай справай і не залежаць ад абставін, выбіраць той шлях, які блізкі табе, ісці за сваім сэрцам без урону для сумлення, мець свае каштоўнасці і прыярытэты. Ведаць, хто ты і што робіш.
— Нешта здзіўляе вас у самой сабе?
Таццяна: Я раблю некамерцыйную музыку, і ў гэтым ужо шмат дзіўнага.
Алена ДРАПКО.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.