9 найбольш папулярных пытанняў Міністэрству працы і сацабароны. Ці ўключаецца праца за межамі Беларусі ў стажпры прызначэнні пенсіі? Ці будзе павышацца пенсійны ўзрост? Хто можа разлічваць на прызначэнне пенсіі па ўзросце датэрмінова ў выпадку звальнення? Мы сабралі найбольш папулярныя пытанні аб пенсіі і пераадрасавалі іх начальніку галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Наталлі Мурашкевіч.
— Які мінімальны стаж працы трэба мець, каб аформіць працоўную пенсію па ўзросце?
— Важна адрозніваць працоўны і страхавы стаж. Так, права на працоўную пенсію па ўзросце ўзнікае пры наяўнасці мінімальнага страхавога стажу (г.зн. перыяду выплаты страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва). Зараз мінімальны страхавы стаж працы для прызначэння пенсіі па ўзросце складае 10 гадоў.
Разам з тым для прызначэння датэрміновых пенсій па ўзросце бацькам інвалідаў з дзяцінства, шматдзетным маці (нарадзілі 5 і больш дзяцей), інвалідам з дзяцінства і некаторым іншым катэгорыям грамадзян дастаткова мець мінімальны страхавы стаж, роўны 5 гадам.
— Ці будуць залічаны ў стаж для прызначэння пенсіі перыяды работы, калі чалавек атрымліваў заробак «у канверце»?
— Не, не будуць. У адпаведнасці з пенсійным заканадаўствам, права на пенсію і яе памер абумоўлены выплатай абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Для большасці працадаўцаў узнос на пенсійнае страхаванне ўстаноўлены ў памеры 28% ад фонду аплаты працы, для работнікаў — 1% заробку.
Перыяды работы, на працягу якіх выплата страхавых узносаў не рабілася хаця б адным з бакоў, не ўключаюцца ў стаж і ў заробак для вылічэння пенсіі.
Для таго, каб максімальна засцерагчы сябе ад такіх непрыемных «сюрпрызаў» пры афармленні пенсіі, па-першае, не варта згаджацца на падобныя ўмовы працы, а па-другое, можна скарыстацца сваім правам на атрыманне інфармацыі з сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, у прыватнасці, аб выплаце абавязковых страхавых узносаў. Каб атрымаць гэтую інфармацыю, трэба звярнуцца ў раённы аддзел Фонду сацабароны насельніцтва па месцы жыхарства або па месцы знаходжання сваёй арганізацыі.
— Як можна павялічыць сваю пенсію?
— Такая магчымасць прадугледжана заканадаўствам пры звароце па пенсію ва ўзросце, пазнейшым за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост (або пры адмове ад атрымання ўжо прызначанай пенсіі па ўзросце), калі пры гэтым маецца стаж працы не менш за 20/25 гадоў (адпаведна ў жанчын і мужчын).
За першы поўны год працы пасля агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту без атрымання пенсіі яна будзе павялічана на 6% заробку, які прымаецца для яе вылічэння, за другі — на 8%, за трэці — на 10%, за чацвёрты — на 12%, за пяты і кожны наступны год — на 14%.
Калі праца без атрымання пенсіі працягваецца менш за год, то павелічэнне за кожныя поўныя два месяцы такой працы складае 1% заробку. Пры гэтым пенсія максімальным памерам (75% заробку) не абмяжоўваецца.
У выніку за 5 гадоў працы без атрымання пенсіі яе памер павялічыцца ў 1,7-2 разы.
— Па дасягненні 50-гадовага ўзросту жанчына атрымала датэрміновую пенсію па ўзросце як шматдзетная маці. Ці будзе ўлічаны час працы пасля прызначэння пенсіі для яе вылічэння?
— Час працы пасля прызначэння пенсіі па ўзросце, у тым ліку датэрміновай (напрыклад, за работу з асаблівымі ўмовамі працы, шматдзетнай маці, маці дзіцяці-інваліда і г.д.), залічваецца ў стаж для вылічэння памеру пенсіі толькі ў выпадку, калі пенсіянер не атрымліваў пенсію ў гэты перыяд.
— Хто можа разлічваць на прызначэнне пенсіі па ўзросце датэрмінова ў выпадку звальнення?
— Датэрмінова, але не раней чым за адзін год да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, можа быць прызначана пенсія чалавеку, які прызнаны беспрацоўным і мае права на атрыманне дапамогі па беспрацоўі на працягу не менш як 52 каляндарных тыдняў. Права на датэрміновую пенсію па ўзросце са згоды заяўніка вызначае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне толькі пры адсутнасці магчымасці яго працаўладкавання.
Таксама прызначэнне пенсіі па ўзросце датэрмінова — адна з гарантый для грамадзян, звольненых у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі. У гэтым выпадку права на датэрміновую пенсію па ўзросце таксама вызначае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Але пры гэтым павінны быць выкананы наступныя ўмовы: звальненне ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, адсутнасць магчымасці для працаўладкавання і наступленне неабходнага ўзросту — не раней чым за два гады да дасягнення вызначанага заканадаўствам узросту, які дае права на пенсію на агульных падставах.
Варта звярнуць увагу, што абавязковай умовай для прызначэння датэрміновай пенсіі і ў першым, і ў другім выпадках з'яўляецца адсутнасць магчымасці працаўладкавання. Таксама неабходна наяўнасць патрабаванай працягласці мінімальнага страхавога стажу (не менш за 10 гадоў) і агульнага стажу працы.
— Ці ўключаецца праца за межамі Беларусі ў стаж пры прызначэнні пенсіі і пры якіх умовах?
— У стаж працы залічваюцца перыяды працы, у тым ліку той, што працякала за мяжой, пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых узносаў у адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.
Пры накіраванні работнікаў у камандзіроўку за мяжу пералік узносаў у Фонд сацыяльнай абароны ажыццяўляецца іх працадаўцамі ў вызначаным заканадаўствам парадку.
Што тычыцца асоб, якія працуюць за межамі нашай краіны і не знаходзяцца ў працоўных адносінах з працадаўцам на тэрыторыі Беларусі, то Законам «Аб асновах дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» ім прадастаўлена права самастойна выплачваць узносы на пенсійнае страхаванне ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 29% ад вызначанага імі даходу.
Для гэтага чалавеку неабходна стаць на ўлік у якасці плацельшчыка узносаў у аддзяленне Фонду па месцы жыхарства ў Беларусі. Усе пытанні, звязаныя з парадкам пералічэння узносаў, растлумачваюцца пры пастаноўцы на ўлік.
Таксама неабходна ўлічваць, што ў выпадку выплаты ўзносаў з даходу, ніжэйшага за мінімальную заработную плату (з улікам індэксацыі), стаж для прызначэння пенсіі будзе вылічацца з улікам паправачнага каэфіцыента.
І яшчэ. Згодна з пенсійным заканадаўствам, у тых выпадках, калі пагадненнямі (дагаворамі) аб сацыяльным забеспячэнні паміж Рэспублікай Беларусь і іншымі дзяржавамі прадугледжаны іншыя правілы, адпаведна прымяняюцца правілы, вызначаныя гэтымі пагадненнямі (дагаворамі).
Такія пагадненні (дагаворы) заключаны паміж дзяржавамі — удзельніцамі СНД (за выключэннем Азербайджана), а таксама з Літвой і Латвіяй. З палажэннямі гэтых пагадненняў можна азнаёміцца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.
— У якім памеры ажыццяўляецца выплата пенсій асобам, якія знаходзяцца ў дамах-інтэрнатах для састарэлых на дзяржаўным забеспячэнні?
— Тым, хто знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні ў дзяржаўных стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання, у тым ліку ў дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, выплачваецца 10% прызначанай пенсіі, але не менш за 20% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце. У выпадках, калі памер іх пенсіі перавышае кошт утрымання ва ўстанове, выплачваецца розніца паміж пенсіяй і коштам утрымання, але не менш за 10% прызначанай пенсіі і не менш за 20% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Інвалідам вайны і іншым удзельнікам вайны пенсіі выплачваюцца ў такім жа парадку, але не менш за 25% прызначанай пенсіі і не менш за 20% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.
Калі пенсіянер з'язджае з дома-інтэрната на тэрмін звыш аднаго месяца (без адлічэння з яго), пенсія яму выплачваецца ў поўным памеры.
— Чаму для атрымання пенсіі па пластыкавай картцы неабходна штогод афармляць заяву?
— Пенсія можа выплачвацца праз банк (пры наяўнасці заключанага дагавора); арганізацыю паштовай сувязі; арганізацыю, якая ажыццяўляе дзейнасць па дастаўцы пенсій. Права выбару спосабу выплаты (дастаўкі) пенсіі належыць пенсіянеру.
Усталяванне абмежавання тэрміну дзеяння заявы аб пералічэнні пенсіі на карт-рахунак у падраздзяленне банка — адзін са спосабаў забяспечыць кантроль за мэтавым расходаваннем пенсійных сродкаў. Справа ў тым, што пры выплаце пенсій праз арганізацыі паштовай сувязі або па дастаўцы пенсій забяспечваецца непасрэдны кантакт асобы, якая выплачвае пенсію, і пенсіянера, а пры атрыманні пенсіі па пластыкавай картцы банка немагчыма ведаць, хто ёю фактычна карыстаецца і ці жывы пенсіянер. Таму заканадаўствам вызначана патрабаванне пра гадавы тэрмін дзеяння заявы аб пералічэнні пенсіі на карт-рахунак у падраздзяленне банка. Патрабаванне да атрымальніка сацыяльных выплат пацвердзіць знаходжанне ў жывых з'яўляецца стандартным і шырока ўжываецца ў практыцы, у тым ліку міжнароднай.
— Ці будзе павышацца пенсійны ўзрост?
— У Беларусі не плануецца павышаць пенсійны ўзрост. Але дасягненне работнікамі 55 і 60 гадоў не з'яўляецца прычынай для іх звальнення, бо ў гэтым узросце людзі ўжо прафесіяналы сваёй справы, і іх вопыт і веды могуць быць карыснымі наймальніку. Мы будзем стымуляваць больш позні выхад на пенсію. Зараз пры заробку, вышэйшым за сярэдні, чалавеку выгадна як мага даўжэй працаваць без атрымання пенсіі.
Святлана Бусько.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.