Многія ўладальнікі карткі «БелКарт», калі выязджалі за мяжу, абавязкова сутыкаліся з тым, што для безнаяўных разлікаў «за кардонам» трэба было заводзіць асобную картку, якая працавала б у міжнароднай плацежнай сістэме. Таму рубам паўстала пытанне аб тым, каб стварыць кабэйджынгавую банкаўскую картку. Адметнасць яе ў тым, што яна можа працаваць адначасова ў дзвюх плацежных сістэмах — як нацыянальнай, так і міжнароднай.
— Мы першымі ў краіне прапаноўваем цікавы прадукт — кабэйджынгавую картку «БЕЛКАРТ-Maestro», — гаворыць намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Таццяна Міхайлоўская.
— Знешне яна адрозніваецца тым, што на ёй знаходзяцца лагатыпы гэтых дзвюх сістэм. Але куды большыя адрозненні функцыянальныя. Дагэтуль жа сістэма «БЕЛКАРТ» працавала толькі ўнутры краіны. Гэта хутка стане гісторыяй: новая картка дазволіць айчыннай сістэме выйсці на міжнародны рынак. З яе дапамогай за мяжой можна будзе разлічвацца, спакойна здымаць грошы ў банкаматах — зусім як і ў Беларусі. Праўда, яна задарма давацца не будзе. Але і дарагой яе назваць нельга. Так, сёння кошт карткі «БЕЛКАРТ-Maestro» тэрмінам дзеяння ў тры гады складае 50-60 тысяч рублёў.
— Нават у сусветнай практыцы гэтыя сумесныя праекты сустракаюцца нячаста, — гаворыць дырэктар таварыства «Плацежная сістэма БЕЛКАРТ» Аляксандр Сотнікаў. — Што ўжо казаць пра нашу краіну, дзе праект з'яўляецца ўнікальным... Але дзякуючы яму нарэшце будзе разбураны даўні стэрэатып аб тым, што карткі нашай сістэмы з'яўляюцца выключна зарплатнымі.
Асаблівасць кабэйджынгавай карткі яшчэ і ў тым, што яна будзе адпавядаць усім ступеням абароны па сусветных стандартах. Акрамя магнітнай паласы, у яе будзе ўбудаваны чып. Зашыфраваную інфармацыю, якая ў ім знаходзіцца, скапіраваць злодзею амаль што немагчыма.
Аднак мала выпусціць карткі з чыпам — трэба яшчэ і падрыхтаваць адпаведную інфраструктуру. Таму ад усіх банкаў-экваераў будуць патрабаваць, каб праграмнае абсталяванне, банкаматы, інфакіёскі і плацежныя тэрміналы з наступнага года працавалі з карткамі з мікрапрацэсарам.
Беларусбанк стаў першапраходцам у аб'яднанні айчыннай і міжнароднай плацежнай сістэм. Але што рабіць кліентам іншых банкаў, якія маюць картку «БелКарт»? Ці змогуць яны адчуць на сабе зручнасць новага сэрвісу?
— Наша пагадненне з сістэмай MasterCard адкрытае, — гаворыць Аляксандр Сотнікаў. — Тры буйныя беларускія банкі ўжо ініцыявалі распрацоўку аналагічнага праекта. Але па вядомых прычынах мы пакуль іх назваць не можам...
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.