На працягу апошніх 10 гадоў мы, жыхары Гомеля, атрымліваем дадатковы квіток на аплату ацяплення. Атрымальнік плацяжу пры гэтым — РУП «Гомельэнерга», а не ЖКГ, як у іншых рэгіёнах краіны. Якая розніца? Вялікая. Спажыванне цеплавой энергіі знізілася больш чым на чвэрць. Толькі таму, што выключаны пасярэднік. Гэтая інфармацыя прагучала на пасяджэнні рабочай групы па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, якая прайшла на базе «Гомельэнерга». Грошы прадпрыемства атрымлівае хутчэй, а колькасць скаргаў ад насельніцтва істотна зменшылася. Эканомія складае 12 мільярдаў рублёў за год. Менавіта таму эксперымент у Гомелі прызнаны эфектыўным і можа быць распаўсюджаны на ўсю краіну.
Нагадаю, што напярэдадні, на сустрэчы са старшынёй КДК Аляксандрам Якабсонам, які ўзначальвае рабочую групу па вывучэнні праблемных пытанняў у жыллёва-камунальнай сферы, Прэзідэнт даручыў разабрацца ў рэальным кошце паслуг і выключыць неабгрунтаваных пасярэднікаў. Аляксандр Якабсон падкрэсліў, што сёння асноўная задача — не тарыфы рухаць, а скарачаць выдаткі на паслугі — у прыватнасці, бюджэтны складнік — за кошт больш рацыянальнага выкарыстання сродкаў.
Генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «Жыллёва-камунальная гаспадарка Гомельскай вобласці» Дзмітрый Згурскі гаворыць, што выключэнне пасярэдніка ў першую чаргу дазволіла навесці парадак у цеплазабеспячэнні жыхароў Гомеля:
— Істотна зменшылася спажыванне цеплавой энергіі. Гэта дало зніжэнне нагрузкі як для бюджэту, так і для грамадзян. Уся работа адбывалася ў звязцы энергазабяспечвальнай і жыллёвай арганізацый, якія вырашалі праблемы як на цеплакрыніцах, на сетках, так і ў жылым фондзе.
Яшчэ адзін плюс эксперыменту — памяншэнне колькасці зваротаў ад спажыўцоў, адзначае першы намеснік старшыні КДК Гомельскай вобласці Канстанцін Таранаў:
— Калі 10 гадоў таму іх было больш як 200 за год, то летась — усяго 8. А пасля аналізу высветлілася, што не ўсе адносіліся да энергетыкаў. Праблемы міжведамасныя — па транпартаванні, па перадачы цепланосьбітаў — былі зняты. Засталіся праблемы па эксплуатацыі саміх дамоў і кватэр: пераабсталяванне, зношанасць... Так здарылася, што ЖКГ, якой было даручана ліквідаваць пасярэдніцкія структуры пры абслугоўванні насельніцтва, сама стала пасярэдніцкай структурай. Праз яе сеткі ідзе транспартаванне цяпла. Таму рабочая група паставіла пытанне аб перадачы гэтых сетак у «Гомельэнерга» — для таго, каб зняць усе пытанні ад вытворцы цяпла да канчатковага спажыўца. Гэта павінна прывесці да зніжэння страт і выключэння розных міжведамасных рознагалоссяў.
Пакуль што ў Гомелі на балансе ЖКГ знаходзіцца каля 460 км цеплавых сетак, хоць іх абслугоўваннем ужо даўно займаюцца энергетыкі. Гэта цягне груз дадатковых страт у выглядзе падаткаў, што ў выніку таксама павялічвае сабекошт канчатковага прадукту. Менавіта таму плануецца перадаць цеплавыя сеткі РУП «Гомельэнерга».
Пераход на сістэму прамых разлікаў насельніцтва за цеплавую энергію ў краіне будзе праходзіць паэтапна да пачатку ацяпляльнага сезона 2015-2016 гадоў. Адначасова плануецца правесці шэраг мерапрыемстваў па аптымізацыі схем цеплазабеспячэння населеных пунктаў, а таксама распрацаваць новы парадак дыферэнцаванай аплаты юрыдычнымі і фізічнымі асобамі за цеплавую энергію.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.