Як вядома, пасля рэферэндуму ў Крыме і ўключэння яго як новага рэгіёна ў склад Расіі ЗША, ЕС і некаторыя іх саюзнікі ўвялі санкцыі супраць Расійскай Федэрацыі. Сэнс санкцый заключаўся ў забароне ўезду на тэрыторыю заходніх краін двух дзясяткаў палітыкаў з Расіі і пагрозе арыштаваць іх актывы, калі такія будуць выяўлены. Амерыканскія санкцыі аказаліся крыху больш строгімі, чым санкцыі ЕС. Яны ахапілі больш высокапастаўленых палітыкаў, чым еўрапейскія, і да таго ж амерыканцы адважыліся ўвесці санкцыі супраць пятнаццатага па памеры ў краіне банка «Расія», у сувязі з чым нязначна пацярпеў ён сам і некалькі звязаных з ім дробных банкаў. Пры гэтым расійская дзяржава абяцала дапамагаць грамадзянам Расіі і камерцыйным суб'ектам, якія апынуліся пад санкцыямі. Цікава, што санкцыі супраць прэзідэнта Расіі заходнія краіны ўвесці не асмеліліся. У выніку ўвесь мінулы тыдзень як расійская, так і заходняя прэса кпіла са смехатворнасці санкцый, а расійская біржа ў асноўным «расла».
Да таго ж пытанне аб санкцыях спецыфічнае. Што атрымала Расія за два дзесяцігоддзі падпарадкавання амерыканцам у аднапалярным свеце, чаго зараз можа пазбавіцца? Сучасныя тэхналогіі з заходніх краін Расіі здабыць не лягчэй, чым Кітаю або Індыі, а перадавыя савецкія тэхналогіі былі скуплены Захадам за бясцэнак яшчэ ў 1990-я. Многія вядучыя расійскія навукоўцы перакуплены і «паднімаюць» навуку ў заходніх лабараторыях. У расійскія ж лабараторыі патоку заходніх навукоўцаў не назіраецца.
Былыя саюзнікі Расіі па Арганізацыі Варшаўскага дагавора амаль пагалоўна сталі членамі НАТА, нягледзячы на абяцанне Біла Клінтана не рабіць гэтага. У НАТА спрабуюць уключыць Украіну і Грузію, што неверагодна ўскладніць геапалітычныя пазіцыі Расіі.
Амерыканскія і еўрапейскія кампаніі паспяхова ажыццяўляюць экспансію на расійскім рынку, выцясняючы расійскіх вытворцаў. Вынікам членства Расіі ў Сусветнай гандлёвай арганізацыі сталі лепшыя магчымасці пранікнення на расійскі рынак заходніх кампаній, таму выключэнне яе адтуль ударыць перш за ўсё па Захадзе.
Адзінае «дасягненне» пасля краху СССР — утварэнне так званай «васьмёркі» (G-8) з ранейшай «сямёркі» (G-7). Але «васьмёрка» стваралася не з мэтай павелічэння геапалітычнай магутнасці Расіі, а з мэтай узмацнення заходнімі краінамі кантролю за яе знешняй палітыкай і адсячэння ад патэнцыяльных антызаходніх саюзнікаў. Выхад з «васьмёркі» значна палепшыць адносіны Расіі з Кітаем і Індыяй, якія заходнімі краінамі ў гэтую арганізацыю наўмысна ўключаны не былі, нягледзячы на іх велізарны патэнцыял, з мэтай рэалізацыі старажытнай тактыкі «падзяляй і пануй». Таму выключэнне Расіі з «васьмёркі» зноў жа б'е па краінах Захаду, паляпшаючы расійскія адносіны з Індыяй і Кітаем.
Немагчыма таксама пераканаць еўрапейскія краіны не купляць у Расіі газ і нафту, каб пакараць яе эканамічна. Ва ўмовах крызісу такія паводзіны былі б для краін ЕС самагубнымі. Усе энергарэсурсы, якія заходнія краіны адмовяцца купляць у Расіі, будуць з удзячнасцю набыты незаходнімі краінамі, якія маюць патрэбу ў іх, а эканомікі многіх з іх развіваюцца хутчэй за заходнія. Несумненна, за меншую цану. Але гэта пацягне рост расійскага ўплыву ў гэтых краінах, што для Захаду, зноў жа, немэтазгодна.
На справе Расіі нават было б выгадна скарачэнне даходаў ад экспарту энергарэсурсаў, паколькі гэта прымусіла б яе кіраўніцтва задумацца аб рэанімацыі «ўсохлага» за гады сяброўства з Захадам прамысловага патэнцыялу. Прапановы, якія гучаць з вуснаў шэрагу палітыкаў Захаду, зрабіць больш жорсткім візавы рэжым, эфектыўнымі ніяк не назавеш. Захад — толькі невялікая частка свету, які імкліва глабалізуецца, а візавыя санкцыі супраць Беларусі ўжо даказалі адсутнасць усякай эфектыўнасці пры прымяненні іх супраць нацыянальных дзяржаў. Узмацненне жорсткасці візавага рэжыму ў адказ Расіяй ударыць больш балюча па заходнім бізнесе, які бачыць у Расіі незлічоныя магчымасці эфектыўных капіталаўкладанняў.
Што можна чакаць у будучыні, калі сітуацыя ва Украіне ўсё ж стабілізуецца і далейшага абвастрэння адносін у Расіі з Захадам не адбудзецца? Істэрыка з нагоды лёсу Крыма ў гэтым выпадку заціхне на працягу некалькіх месяцаў, і заходнім краінам прыйдзецца асцярожна аднаўляць пастаўленыя пад пагрозу адносіны з Расіяй. Таму што яны выгадныя перш за ўсё ім, а не ёй. Дзесяцігоддзямі захопліваючы расійскі рынак, заходнія кампаніі атрымалі і разлічваюць атрымліваць каласальныя выгады і далей.
Калі ж сітуацыя з Украінай будзе абвастрацца і Расія выкарыстае далейшыя формы канфрантацыі з Захадам у сувязі з лёсам Украіны, магчымае ўзмацненне эканамічных санкцый Захаду супраць Расійскай Федэрацыі з-за неабходнасці захавання твару заходнім светам. У гэтым выпадку, усё, што трэба зрабіць Расіі, — гэта пусціць пастаўшчыкоў з Кітая на месца заходніх вытворцаў. Кітай ужо вядомы як найбуйнейшы прамысловы цэнтр сучаснага свету, і ў ім вырабляюць практычна ўсё, што можа Расіі спатрэбіцца. А газ і нафта, якія адмовіцца з часам купіць ЕС (прычым на сур'ёзнае скарачэнне паставак спатрэбіцца некалькі гадоў), могуць быць кітайцам жа і пастаўлены. Але, каб зноў не патрапіць у падобную сітуацыю, Расіі трэба як след падумаць і пра адраджэнне прамысловага патэнцыялу ў рамках еўразійскіх інтэграцыйных утварэнняў.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».