Ад таго, ці здолеем мы абараніць сваіх і чужых дзяцей ад наркотыкаў, залежыць наша ўласнае жыццё.
Гэтыя дзве смерці мінулым летам прайшлі зусім блізка ад сэрца, дыхнулі холадам у твар, доўга шчымелі ў душы, будзілі сярод ночы трывожным тахканнем у скронях.
Спачатку, у ліпені, быў Сашка. Вясёлы дваццацівасьмігадовы хлопец, які помніўся яшчэ падшыванцам у чыжоўскім двары. Разам з такімі ж гарэзамі ён круціўся ў нас, гадоў на дзесяць старэйшых, пад нагамі, а мы, «дарослыя», пасылалі іх у магазін за пепсі-колай… Сашка працаваў на будоўлі, у яго засталася паўтарагадовая дачушка і маленькая худзенькая жонка, якая ад усіх нягод магла схавацца за яго шырокія плечы. Цяпер ёй абаперціся няма на каго.
А ў жніўні была цётка Света. Звонкагалосая, з добрымі іскрынкамі ў зялёных вачах, наша суседка ў вёсцы — там у іх сям'і дача. Маладая бабуля — ёй было толькі пяцьдзясят чатыры, яна вельмі любіла сваіх унучак, а для сваёй васьмідзесяцігадовай матулі была святлом у акне, праменьчыкам надзеі, сэнсам жыцця. Яны сазвоньваліся штодня па пяць разоў, як толькі была магчымасць, цётка Света імчала да мамачкі, везла ёй прысмакі, добрыя навіны, ласкавыя словы і цёплую ўсмешку… Цяпер яе маці пачарнела ад гора і цэлымі днямі зацята глядзіць на тэлефон, чакаючы званка, якога ўжо ніколі не будзе.
Гэтыя смерці прайшлі вельмі блізка і закранулі не столькі сваёй раптоўнасцю, колькі несправядлівасцю, недарэчнасцю, усведамленнем, што так не павінна было быць. Сашку на пераходзе проста перад домам збіў яго ж аднакласнік, які сеў за руль, як паказала потым эспертыза, «пад уздзеяннем псіхатропнага рэчыва». Цётка Света адчыніла дзверы кватэры трыццаціпяцігадоваму суседу, хлопцу, які вырас на вачах, з маці якога сябравалі-куміліся. «Абдолбаны» псіхатропам недавярак проста па-зверску зарэзаў яе, нанёс больш як дваццаць удараў нажом. Пасля на следстве ён сцвярджаў, што падпарадкоўваўся ў сваіх дзеяннях нейкаму «голасу»…
М
ожа, менавіта з‑за гэтых дзвюх смерцяў я напішу зараз тое, што многім здасца, мякка кажучы, негуманным. З усіх апошніх паведамленняў аб маладых наркаманах, якія, ужыўшы атруту («маркі», «міксы», яшчэ нейкую брыдоту), паміралі, выскоквалі з вокнаў, траплялі ў «псіхушку», мяне асабіста найбольш закранулі іншыя гісторыі. Трыццацітрохгадовы наркаман «пад кайфам» зарэзаў свайго сябра-равесніка. Дваццацівасьмігадовы ганяў па перапоўненых вуліцах Мінска на машыне, парушаючы ўсе магчымыя правілы, б'ючы іншыя аўто — толькі цудам ніхто не загінуў і не быў пакалечаны.
Зрэшты, я не пра тое, што яны нарабілі (абодва «сюжэты» гучалі гэтымі днямі і па тэлевізары, і ў прэсе). Я знарок падкрэсліла ўзрост гэтых фігурантаў заведзеных крымінальных спраў. Гэтаксама як і тых, што ўлетку забілі маіх знаёмых. Ім не па пятнаццаць-дзевятнаццаць, як тым няшчасным падлеткам, якія з‑за ўласнай дурасці, з‑за недагляду бацькоў, з‑за нашага агульнага недагляду лізалі тыя «маркі» (можа, упершыню ў жыцці) і так недарэчна і страшна загінулі, не прычыніўшы нікому шкоды, акрамя як сваім родным і блізкім.
Гэтыя — іншыя. Дарослыя. І тым страшныя. Не для сябе — для тых, хто побач, хто выпадкова падвернецца пад адурманенае вока, хто воляй лёсу акажацца ў сферы іх вар'яцкіх фантазій, народжаных наркотыкам. Яны не «навічкі», яны ведаюць, што робяць і чаго хочуць. Мы ўпусцілі іх з‑пад увагі гадоў дзесяць-пятнаццаць назад, калі яны дзесьці ў двары першы раз спрабавалі таблетку ці парашок. Ушчуваць іх, паказваць ім ролікі аб шкодзе наркотыку ўжо позна: яны свой выбар робяць свядома, яны ведаюць, што за гэтым выбарам стаіць. З‑за нашай агульнай абыякавасці ці недастатковай увагі дзесяць-пятнаццаць гадоў таму яны сёння ператварыліся ў рэальную патэнцыяльную пагрозу для кожнага з нас. Іх няшмат, але яны побач. І каля кожнага з іх не паставіш міліцыянера, і кожнага не зловіш за руку, калі ён пад кайфам будзе садзіцца за руль ці званіць у суседнюю кватэру, кіруючыся загадам д'ябальскага «голасу». Нам усім застаецца толькі быць пільнымі і маліцца ўласнаму анёлу-ахоўніку, каб не апынуцца на іх шляху.
Страшна? А вы ўявіце, што будзе, калі мы ўпусцім (ці, калі прызнавацца шчыра, — ужо пачалі ўпускаць) яшчэ адно пакаленне — тых, каму сёння пятнаццаць. Пасля сямі смерцяў ад «спайсаў» і «марак», што за некалькі тыдняў здарыліся ў Мінску, аб праблеме, аб тым, што з ёй трэба змагацца ўсімі сіламі, загаварылі на самым высокім узроўні. Прымаюцца меры супраць распаўсюджвальнікаў гэтай атруты (іх сёння ў калоніях сядзіць больш за 2000 чалавек), асаблівы акцэнт зроблены на прафілактычную работу з моладдзю і падлеткамі.
Але гэта наўрад ці вырашыць балючую праблему цалкам. Пакуль, бачачы, што падлеткі ў двары разглядаюць нейкі парашок у пакеціку, мы моўчкі будзем ісці міма (бо сярод іх няма нашага дзіцяці — і дзякуй Богу). Пакуль, ведаючы, што ў суседняй кватэры, калі бацькі з'язджаюць у камандзіроўку, збіраецца шумная кампанія, а па пляцоўцы ходзяць маладыя людзі з утаропленымі ў нікуды вачыма, мы проста будзем прашмыгваць міма іх — абы не зачапілі. Пакуль будзем знаходзіць на пажарнай лесвіцы дома выкарыстаныя шпрыцы і моўчкі іх падбіраць і кідаць у сметніцу, пры гэтым здагадваючыся, што гэта «гулялі» хлопец з N‑най кватэры з сябрамі. І больш не ўмешвацца, маўляў, хай разбіраюцца бацькі, школа ці тыя, каму гэта па пасадзе належыць рабіць…
У выніку можа здарыцца так, што гадоў праз пяць адзін з гэтых хлопцаў пастукае ў вашы дзверы або перастрэне вас на цёмнай вуліцы. А анёла-ахоўніка ў гэты момант не акажацца побач.
Алена ЛЯЎКОВІЧ
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.