Ёсць творчыя асобы і калектывы, якія не маюць патрэбы ў стасунках з публікай злоўжываць словамі «легендарны» і «культавы». Проста таму, што такімі насамрэч з'яўляюцца. З іх ліку і вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры», створаны 45 гадоў таму ў Мінску Уладзімірам Мулявіным. Нязменны мастацкі кіраўнік звышпапулярнага музычнага гурта здзейсніў сапраўдны цуд: расіянін па паходжанні, ён сам стаў сімвалам беларускай нацыянальнай культуры і здо
леў захапіць ёй жыхароў іншых савецкіх — і не толькі — рэспублік... «Песняры» задалі амаль недасяжную планку творчай працаздольнасці і прафесіяналізму, на якую дагэтуль арыентуюцца многія сучасныя музыканты.
Таму не дзіва, што нават больш чым праз 15 гадоў пасля распаду калектыву страсці вакол брэнда «Песняроў» не сціхаюць. Звычайны глядач блытаецца ў гуртах, якія прэтэндуюць на званне спадчыннікаў, — хто больш «сапраўдны», «Беларускія песняры», якія цяпер жывуць і працуюць у Маскве, або Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», «Песняры» на чале з Ігарам Свечкіным або «Песняры» пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча? І ніякія рашэнні патэнтных камісій і судовыя пасяджэнні не ставяць кропку ў гэтым пытанні. Так і суіснуюць паралельна некалькі калектываў, — і гэта калі не ўлічваць шматлікіх былых салістаў, пра гісторыю спрэчак і прымірэнняў якіх можна пісаць раман...
Трэба браць сітуацыю ў свае рукі і сумесна займацца вяртаннем брэнда былой славы, вырашылі музыканты. Прынамсі, менавіта такую прычыну агучылі журналістам Леанід Барткевіч і Анатоль Кашапараў, якія зноў аб'ядналі намаганні і склікаюць пад свае сцягі іншых музыкантаў. А ў найбліжэйшы час, 10 красавіка, дадуць у Мінску канцэрт «Залатыя галасы залатога саставу ансамбля «Песняры», прымеркаваны да 45-годдзя калектыву. У гэтай назве няма нясціпласці: менавіта ў выкананні Леаніда Барткевіча набылі ўсесаюзную папулярнасць песні «Алеся», «Александрына», «Вераніка» і «Бярозавы сок», а кранальную «Волагду» немагчыма ўявіць у іншым гучанні, чым голас Анатоля Кашапарава.
— Гэта не значыць, што на сцэне будзем стаяць і красавацца толькі мы, — удакладняе Леанід Барткевіч. — У складзе гурта — адзін з найлепшых беларускіх барабаншчыкаў Міхаіл Пенда, гітарыст Віктар Навумік (ён пэўны час працаваў з Алёнай Свірыдавай), Вадзім Касэнка, які працаваў яшчэ з Мулявіным, клавішнік Генадзь Бліноў — ён, да таго ж, выдатны аранжыроўшчык, быў музычным кіраўніком у Валерыя Лявонцьева; вакаліст Міхаіл Долатаў. Мы стараемся працягваць тую традыцыю, якую заклаў Уладзімір Георгіевіч, — набіраць лепшых, прычым не абмяжоўвацца ў геаграфіі. Напрыклад, Долатаў — з Масквы, Бліноў — з Растова...
Наконт спадчыны «Песняроў» музыканты выказваюцца асцярожна: маўляў, добра, што ідзе актыўнае выкарыстанне, сучаснае пераасэнсаванне тых песень; але засмучае, што «ўнукі» славутага ансамбля не спяваюць жыўцом, а некаторыя толькі разбягаюцца і збягаюцца»...
— Але ж не публіка ў гэтым вінаватая. Яна, публіка, з задавальненнем паслухала б «залатыя» хіты ў выкананні ўсіх «залатых» галасоў калектыву, — асмеліліся мы на вострае пытанне. — 5 гадоў таму, помніцца, была такая ідэя — зрабіць агульны канцэрт на «Славянскім базары ў Віцебску», але нічога з гэтага не атрымалася. Ці ёсць шанц, што «Песняры» розных саставаў, розных пакаленняў калі-небудзь збяруцца на адной сцэне?
— Праспяваць тое, што было раней, — для гэтага нічога складанага не патрабуецца: паклаў перад сабой ноты і праспяваў. Але ж трэба, каб нутро было «песняроўскае», а яго няма! — гарачыцца Анатоль Кашапараў. — Трэба, каб людзі не проста спявалі, а ўдзельнічалі ў аранжыроўках, уносілі кожны нешта сваё, як рабілі гэта Ігар Палівода, Анатоль Гілевіч і ўсе астатнія выдатныя музыканты; і каб усе былі нацэлены на агульны вынік, а не цягнулі кожны ў свой бок. Цяпер гэтага няма. Таму і размнажаюцца, як паразіты, экс-ансамблі — іх сёння пяць ці шэсць, а будзе яшчэ больш... І аб'яднацца з кімсьці з такіх клонаў — барані Божа!
— Брэнд, які мы зараблялі крывёй і потам, цяпер крыху не той, і замест жывых «Песняроў», якія яшчэ спяваюць, выступаюць, раптам выходзяць на першы план нейкія іншыя юнакі з рэстаранаў, выконваюць «кашэчымі» галасамі старыя хіты і пішуць у розныя інстанцыі лісты аб тым, што гэта яны сапраўдныя «Песняры». Гэта нонсэнс, — разводзіць рукамі Леанід Барткевіч. — Чаму ў Англіі няма копіі «Бітлз»? Ім проста ў галаву падобнае не прыходзіць — скарыстаць брэнд такой велічыні. Нам проста крыўдна стала, таму і вырашылі зноў аб'яднацца. А выступаць на адной сцэне? Не ведаю нават. У «Беларускіх песняроў», напрыклад, свой выдатны стыль, свой адметны почырк і высокі прафесіяналізм. Але ў іх няма мэты быць мулявінскімі «Песнярамі»...
Дырэктар калектыву Ігар Кузняцоў, тым не менш, мяркуе, што зрабіць зборныя канцэрты — гэта ўсё ж не фантастыка, а цалкам выканальная задача. Калі будзе жаданне і зацікаўленасць ва ўсіх бакоў. «5 гадоў таму разам з адным з беларускіх тэлеканалаў мы зладзілі 4 вечары канцэртаў «Залатая калекцыя «Песняроў», — успамінае ён. — Усіх, каго мог, я сабраў, у тым ліку «Беларускіх песняроў», Валянціна Бадзьярава, Уладзіміра Ткачэнку. Калі атрымаецца, сёлета зробім другую спробу і зладзім у верасні вялікі фестываль з удзелам усіх зацікаўленых у культурным брэндзе Беларусі — ансамблі «Песняры». А проста на плошчы Перамогі ў Мінску мы прапанавалі Міністэрству культуры адкрыць культурны цэнтр, куды кожны чалавек зможа зазірнуць і паслухаць музыку «Песняроў», пазнаёміцца з гісторыяй калектыву, набыць сувенір».
Усе гэтыя ідэі цяпер абмяркоўваюцца і, хочацца верыць, хоць бы часткова ажыццявяцца. Каб замест знакамітага «песняроўскага» радка (які так і напрошваецца да гэтай сітуацыі) «Няма таго, што раньш было»... у сэрцы гучаў іншы: «...і там душою спачываю».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.