Гэта і сапраўдны можна было назваць феноменам. Рэкордныя тыражы кніг, якія раскупляліся ў сціслыя тэрміны. Рэкордныя касавыя зборы ад фільмаў. Рэкордная папулярнасць галоўнага героя сярод дзяцей і падлеткаў па ўсім свеце...
У тым ліку і ў нашай краіне...
Памятаю, як на адным школьным навагоднім ранішніку — а я «быў» там Дзедам Марозам, а значыць павінен быў вызначаць пераможцаў сярод навагодніх касцюмаў — так цяжка было выбраць самых лепшых у гэтай намінацыі. Бо, пацясніўшы традыцыйных «сняжынак», «зайчыкаў», «снегавікоў», на ранішніку прысутнічала аж шэсць (!) «Гары Потэраў». Амаль сапраўдных, у чорных плашчах і галаўных уборах, у акулярах і з чароўнымі палачкамі ў руках. Нават знакаміты шрам на ілбе прысутнічаў у кожнага...
І гэта ў адной толькі невялікай вясковай школе, дзе ўсіх вучняў можа было літаральна па пальцах пералічыць. Уяўляю, што тварылася тады ў гарадскіх, і асабліва ў сталічных школах на падобных мерапрыемствах!
Цяпер, вядома ж, той небывалы ажыятаж заканамерна пайшоў на спад, але гэта не значыць, што інтарэс дзяцей і падлеткаў да асобы Гары Потэра адышоў у мінулае. Па-ранейшаму вялізнымі тыражамі выдаюцца і перавыдаюцца кнігі, раскупляюцца дыскі з фільмамі. Фанаты чароўнага хлопчыка ў акулярах па-ранейшаму аб'ядноўваюцца ў клубы і гурткі па інтарэсах...
У чым жа сакрэт такога неверагоднага літаратурнага поспеху? У незвычайным таленце англійскай пісьменніцы Джоан Роўлінг? Ці, можа, фенаменальны поспех кніг і фільмаў пра Гары Потэра — усяго толькі вынік добра прадуманай піяр-кампаніі? Адны лічаць так, другія — гэтак... На мой погляд, тут прысутнічае цэлая сукупнасць самых разнастайных фактараў, якія паспрыялі поспеху «потэрыяды»... І шырокае рэкламаванне кніг і фільмаў аб хлапчыку-чараўніку хоць і спрыяла гэтаму поспеху, але толькі часткова.
Галоўная прычына такога неверагоднага поспеху — у літаратурна-мастацкай своеасаблівасці цыкла раманаў аб неверагодных прыгодах юнага чараўніка і яго верных сяброў. Усе дзеці (тым больш падлеткі) любяць прыгоды, самыя неверагодныя. І кнігі аб прыгодах Гары Потэра дазваляюць ім нібы апынуцца ў чароўным свеце, паверыць нават у тое, што ён, свет гэты, сапраўды існуе і існуе дзесьці зусім побач з нашым, звычайным.
Яшчэ адным (хоць і не галоўным) фактарам літаратурнага і кінематаграфічнага поспеху Гары Потэра з'яўляецца гісторыя жыцця самога аўтара, англійскай пісьменніцы Джоан Роўлінг, якая ўсяго за некалькі гадоў змагла прайсці шлях ад беспрацоўнай маці-адзіночкі, вымушанай жыць на сацыяльную дапамогу, да мільянеркі.
Зразумела ж, ніхто нават з самых адданых прыхільнікаў творчасці Роўлінг не стане спрачацца з тым простым фактам, што раманы пра Гары Потэра не адносяцца да нейкіх звышасаблівых шэдэўраў сусветнай літаратуры. Але тое, што кнігі гэтыя прыахвоцілі мільёны дзяцей ва ўсім свеце да чытання — факт вядомы. І тыя дзеці, якія дагэтуль не чыталі амаль нічога і нават кнігі Роўлінг пачалі чытаць толькі таму, што гэта стала модна і прэстыжна, зразумелі раптам, што чытанне — гэта не менш прыемны занятак, чым сядзець гадзінамі каля тэлевізара альбо гуляць у камп'ютарныя «войны».
Гары Потэр, галоўны герой раманаў і фільмаў, — равеснік асноўнай масы сваіх чытачоў. У яго тыя ж праблемы, што і ў іх (няпростыя адносіны з бацькамі, сябрамі, настаўнікамі), і, галоўнае, ён расце разам з імі. У кожным рамане Гары Потэр станавіўся старэйшым роўна на адзін год... І, адпаведна, падрасталі тыя, хто з нецярпеннем чакаў працягу «патэрыяны». Праўда, узрост галоўнага героя крыху спазняўся ў параўнанні з узростам чытачоў-фанатаў, бо калі з моманту выхаду першага рамана «Гары Потэр і філасофскі камень» (1997 г.) да з'яўлення заключнай часткі «Гары Потэр і дары смерці» (2007 г.) прайшло дзесяць гадоў (і чытачы, адпаведна, пасталелі на гэтыя дзесяць гадоў), то Гары Потэр «стаў старэйшым» усяго толькі на сем.
А ўрэшце, гэта невялікая розніца! Джоан Роўлінг у сваёй творчасці паставіла цікавы эксперымент, і чытачы з задавальненнем яго прынялі.
Вось толькі як быць сучасным юным чытачам Гары Потэра, калі ўсе раманы ўжо выйшлі?
Бо тыя, першыя чытачы, якія падрасталі разам са сваім любімым героем, нават не заўважалі, што і сам Гары, і наступныя раманы аб ім становяцца ўсё больш і больш дарослымі. Сучасныя ж дзесяцігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі з інтарэсам чытаюць першыя два (ці няхай тры) раманы «патэрыяны», а вось наступныя кнігі серыі ўжо не пададуцца ім такімі ж цікавымі і займальнымі. А вось апошні, сёмы раман, які ўжо ніяк нельга назваць «дзіцячай літаратурай», яны проста не зразумеюць...
Дык што ж рабіць гэтым юным аматарам прыгод Гары Потэра? Набрацца цярпення і... чытаць кожны год па адным рамане? Вось толькі як гэта зрабіць, калі вунь яны, усе сем, гэтак спакушальна пазіраюць на цябе з-за шкла кніжнай шафы?
Генадзь АЎЛАСЕНКА.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.