У Вярхоўным Судзе лічаць, што неабходна павялічыць пакаранне за збыт наркотыкаў і іншых псіхаактыўных рэчываў, а таксама за іх выраб у лабараторыях. Такую думку выказаў напярэдадні пленума, прысвечанага судовай практыцы па справах аб нарказлачынствах, намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі Валерый Калінковіч.
У судзе мяркуюць, што трэба ўдакладніць падыходы да фарміравання спісаў забароненых сродкаў. У тым ліку ўвесці адказнасць за абарот насваю і любых курыльных сумесяў.
«Сёння існуе шэраг так званых легальных курыльных сумесяў. Ёсць яшчэ насвай, з якім мы пакуль нічога зрабіць не можам, — сказаў Валерый Калінковіч. — Можа быць, варта прапрацаваць пытанне аб поўнай забароне абароту гэтых рэчываў на тэрыторыі краіны. Справа ў тым, што часта ў судовай практыцы вырашэнне пытання зводзіцца да таго, што высвятляецца, забаронена ўжо канкрэтная курыльная сумесь ці не. Мне здаецца, што нават за абарот такіх ненарказмяшчальных сумесяў варта прадугледзець сур'ёзную, па меншай меры адміністрацыйную, адказнасць. Думаю, што нас зразумее і бізнес-супольнасць, ды і курцы не вельмі пакрыўдзяцца, калі мы прымем дадатковыя меры па захаванні іх здароўя».
Акрамя таго, у Вярхоўным Судзе прапаноўваюць увесці адказнасць за збыт наркотыку загадзя непаўналетняму, за выраб наркотыку ў лабараторыі.
«Калі чалавек арганізаваў у сябе дома наркалабараторыю, то відавочна, што ён не мае на мэце рабіць наркотыкі для сябе і сваёй сям'і, — адзначыў Валерый Калінковіч. — Таму трэба ўнесці норму па наркалабараторыі не ў ч.3 арт. 328 (незаконны абарот наркотыкаў, псіхатропаў і іх прэкурсораў), як гэта было прапанавана, а ў ч. 4 гэтага артыкула, каб пакаранне было больш жорсткім: не ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі, а ад 10 да 15 гадоў. Наркалабараторыя можа прынесці значна большую шкоду, чым разавы продаж дозы, таму і адказнасць павінна быць адпаведная».
Акрамя таго, у Вярхоўным судзе падтрымліваюць ініцыятыву аб тым, каб прадастаўляць праваахоўнікам магчымасць блакіраваць сайты, з дапамогай якіх рэкламуюцца і распаўсюджваюцца наркотыкі.
«Не варта думаць, быццам праблема наркотыкаў характэрная толькі для Мінска, — адзначыў Валерый Калінковіч, адказваючы на пытанне пра вялікую колькасць смерцяў ад так званых «дызайнерскіх» наркотыкаў у сталіцы. — Судовая практыка паказвае, што справы заводзяцца па ўсёй Беларусі. Найбольшую долю ў наркатычных справах займае збыт марыхуаны. Што тычыцца псіхатропаў, то найбольш часта збываліся амфетамін і метамфетамін. Але ў апошнія два гады ўсё часцей з'яўляюцца справы, звязаныя з распаўсюджваннем спайсаў».
Надзея ПАЎЛАВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.