Дзіця любіць неабавязкова, галоўнае — яго правільна выхаваць. Так лічаць некаторыя псіхолагі. Сярод педагогаў існуе шмат розных поглядаў на гэтую з'яву і мноства распрацаваных метадаў па выхаванні дзяцей. Але ёсць меркаванне пра любоў, якое не змяняецца ўжо больш за дзве тысячы гадоў. Яго трансліруе хрысціянская рэлігія. Так што ж такое любоў з хрысціянскага пункту гледжання? Ці ўсе людзі здольныя палюбіць? У гэтым мне дапамог разабрацца настаяцель прыхода храма святога Мікалая Японскага у Мінску, іерэй Павел СЯРДЗЮК.
— Айцец Павел, што такое любоў у хрысціянскім разуменні?
— Хрысціянскі пункт гледжання грунтуецца не проста на нейкай суме разважанняў, не на даследаваннях прадмета, а на з'яве любові праз справы.
Гэта не эмоцыі і пачуцці. Сапраўдная любоў — гэта дар, які просяць і чакаюць. Да гэтага дару трэба рыхтавацца. Шлях набыцця дароў Божых — гэта шлях працы і самаадрачэння, гэта шлях выйсця за межы свайго эга.
— Любоў бывае рознай: да радзімы, бацькоў, дзяцей. Ці любоў — гэта нешта адзінае?
— У нас і сапраўды вельмі розныя паняцці і з'явы маюцца на ўвазе пад гэтым словам. Напрыклад, у грэчаскай мове існуе восем слоў, якія акрэсліваюць тую ці іншую ўласцівасць любові. Калі мы кажам пра ўзаемнае прыцягненне мужчыны і жанчыны, то гэта эрас. Эрас — дар Божы. У залежнасці ад таго, як ён рэалізуецца, гэты дар можа стаць блаславеннем, а можа і праклёнам...
Любоў-агапэ — братэрская любоў. Падчас набажэнства, напрыклад, прамаўляюцца такія словы: «З вераю і любоўю прыступім, каб стаць нам прычаснікамі жыцця вечнага». У тэксце літургіі на грэчаскай мове слова «любоў» азначае нейкае тамленне, прагу і прадчуванне сустрэчы, свяшчэннае трапятанне тых, хто моліцца, тых, хто вельмі жадае сустрэцца са сваім Богам.
Ёсць і іншыя паняцці гэтага слова ў грэчаскай мове. Вельмі часта мы прысвойваем адно і тое ж слова розным з'явам, тым самым часта страчваем яго сэнс. Любоў — гэта святое слова, прынцып жыцця, прынцып быцця.
— Але некаторым здаецца, што яны не здольныя палюбіць...
— Гэта не так. Мы ўсе нараджаемся ў любові. Нават калі мы з'явіліся на свет не ў спрыяльных умовах. Тым не менш, Бог нас любіць і дае нам магчымасць спазнаць радасць быцця. Кожны чалавек здольны палюбіць. Нават адпетыя разбойнікі, нават самыя агрубелыя і жорсткія душы. Усё адно ёсць тое, што можа крануць агрубелую душу і растапіць яе, хай нават на імгненне, і гэта ўжо кажа пра здольнасць любіць. Семя любові ёсць у кожным. Іншае пытанне, развіваем мы яго ці не. Хрысціянін, які развівае ў сабе любоў, стараецца з усімі знаходзіцца ў міры. Такі чалавек у першую чаргу любіць Бога, таму што Ён і ёсць сапраўдная крыніца любові. Потым бацькоў, мужа ці жонку, дзяцей і блізкіх. А хто блізкі? Тут трэба ўспомніць прытчу пра самарыцяніна, якая вырашыла гэтае пытанне навекі. Калі ёсць чалавек, які мае патрэбу ў тваёй дапамозе, ведай: гэта і ёсць твой блізкі. Хрысціяне ва ўсе часы здзіўлялі менавіта тым, што імкнуліся рабіць справы любові. Хрысціяне жывуць не рэфлекторна. Іх учынкі выходзяць за межы інстынкту самазахавання і размнажэння. Гэта зямныя людзі з нябесным жыццём. У гэтым сэнсе, калі чалавек, напрыклад, усынаўляе дзіця — гэты ўчынак «ненатуральны» для сучаснага свету. Гэта ўчынак супраць скоранай прыроды чалавека, і знешнія ўмовы нас да гэтага не прымушаюць, а ўнутранае жаданне рухаецца ў іншым кірунку.
І гэта тычыцца не толькі ўсынаўлення. У дні Вялікага посту падчас царкоўнай службы мы не чуем: «Не ешце маянэзу», мы чуем: «Апраніце распранутага, накарміце галоднага, увядзіце ў дамы тых, хто ў гэтым мае патрэбу». І калі настае пост, адразу становіцца ясна, чым мы займаемся — пастом ці дыетай.
— Што рабіць, калі чалавек усвядоміў, што больш не жадае знаходзіцца побач з блізкім і нават не хоча мець з ім ніякіх зносін?
— Цікава атрымліваецца: да першых цяжкасцяў заўсёды хочацца жаніцца, усынавіць, сябраваць, а тут на табе — пачуцці зніклі. Жыццё не чарнавік — яго немагчыма бясконца перапісваць. І нават два разы перапісаць цяжка. Усе сродкі добрыя для таго, каб захоўваць, ствараць і ўзгадоўваць. Сёння ў дапамогу людзям дадзены і псіхолагі, і Царква. Калі ласка, нічога не перашкаджае павялічваць сваю кампетэнцыю ў адносінах з людзьмі, у выхаванні дзяцей. Разбурыць заўсёды лягчэй, але звычайна гэта прыносіць толькі боль...
Бог людзей ствараў якраз для таго, каб людзі самі маглі ствараць. Калі чалавек знаходзіць у сабе нелюбоў, то ён не можа адчуваць сябе арганічна ў гэтым стане, бо ў ім дзейнічаюць сілы, якія яго разбураюць. Ад гэтага ёсць выратаванне — пакаянне, споведзь і... справы любові.
— І што, пасля гэтага з'явіцца пачуццё?
— Нават калі няма пачуцця, то ўсё роўна рабі добрае і тады пачуцці прыйдуць.
Калі чалавек прызнаецца сабе ў тым, што ён не здольны палюбіць, — гэта пазітыўны крок, ён ужо не думае пра сябе як пра нейкага «добрага» чалавека.
З іншага боку, нямногія валодаюць вопытам духоўнага ўспрымання жыцця. Хрысціянін, выявіўшы ў сабе нешта падобнае, адразу разумее, што з ім адбываецца. Бачыць свае слабасці, сябелюбства, эгаізм і прыходзіць паспавядаць гэта перад Богам. Тады адбываецца такая «жыватворная разрадка», як напісана ў псалме: «Ускладзі на Бога смутак свой, і Ён цябе ўмацуе». А смутак — гэта ўсе чалавечыя недасканаласці, немачы і паскуднасць. Не можаш палюбіць, прасі ў Бога хоць бы таго, каб ты не атручваў жыццё іншаму.
Што тычыцца ўсынаўлення, то я лічу гэты крок беспамылковым у жыцці чалавека. Таму што гэта — крок дзеля іншага. У гэтым выпадку, як ні круці, адсутнічае «шкурны інтарэс». Але, каб прыёмнаму бацьку атрымаць дапамогу ад Бога, трэба паспрабаваць паглыбіць сябе ў духоўнае жыццё. Богу з намі таксама няпроста.
Бог стварыў людзей ад паўнаты любові, і тыя, хто бярэ дзяцей да сябе ў дом, напэўна, таксама робяць гэта ад паўнаты свайго быцця. Адчыняючы дзверы свайго дома для чужога дзіцяці, будучыя бацькі перакананы, што ў іх сэрцы знойдзецца месца яшчэ для аднаго чалавека. І прымаць такога чалавечка трэба ўжо такім, які ён ёсць. Да сустрэчы з ім ты нічога ў яго не ўклаў, таму ўкладваць трэба цяпер, калі дзіця ў цябе дома. Гэта не проста, таму што бацькоўская любоў — праца кожны дзень.
Мне здаецца, што ў сітуацыі нелюбові да дзіцяці лепш зрушыць акцэнты з любові як эмоцыі, пачуцця — да спраў любові. Можна ж сябе прымушаць да гэтых спраў! Часам гэта рабіць непрыемна. Але ў нейкі момант уцягваешся і пачынаеш разумець і прымаць гэты свой вопыт. Калі ў сям'і «чужое» дзіця, то бацькоўскаму інстынкту нарадзіцца ў адно імгненне няма адкуль. Да таго ж гісторыя жыцця дзіцяці часта абцяжарана адмоўным вопытам таго пакалення, якое выклікала яго да жыцця. Але гэта не значыць, што такая сітуацыя безнадзейная.
Мой знаёмы святар з Днепрапятроўска, які адкрыў дзіцячы дом сямейнага тыпу, распавёў мне дзіўную гісторыю. У яго жыве дзяўчынка, якую з двух гадоў гвалтаваў сужыцель яе маці. Здавалася б, што такая душэўная рана ніколі не загоіцца. Але прайшлі гады, і ў дзіцяці няма ніякіх сімптомаў гэтай траўмы. Мой знаёмы ўпэўнены, што менавіта любоў чалавека з дапамогай Бога можа вылечыць самы глыбокі дзіцячы боль. Гэта якраз тая любоў, да якой трэба сябе прымушаць. Калі мой знаёмы браў дзяцей да сябе ў сям'ю, у яго не ўставала пытанне «палюблю — не палюблю», «хачу — не хачу». Ён проста робіць справы любові. А такія намаганні заўсёды прыносяць плён.
Чалавек без любові згасае. Яму проста неабходна яе ствараць і дарыць — і не важна, у якіх аб'ёмах... Калі ствараеш любоў, то ўжо ўсё адно, у якім ты сацыяльным статусе, усё адно ты шчаслівы. Тыя, хто акумулюе ў сабе любоў і імкнецца рабіць справы любові, прыцягваюць увагу. Але не толькі тых, якія жадалі б навучыцца добраму і далучыцца да радасці, але і тыя сілы, якія радасці не прыносяць. Да такога чалавека прыходзіць шмат спакус і выпрабаванняў. І калі крыніцай добрых спраў з'яўляецца не любоў, а славалюбства, то такі чалавек многае церпіць, пакуль не ўзгадуе ў сабе шчырую любоў. А калі ў чалавека пачынае расці шчырая любоў, то ён зможа перанесці ўсе выпрабаванні, ён перарасце і перажыве ўсё.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.