Гэтыя словы ў пасмяротных запісках непаўналетніх самазабойцаў сустракаюцца часцей за ўсё. Зусім свежы прыклад. Малады чалавек збіраўся выкінуцца з акна інтэрната ў Бялынічах. Але гэта своечасова ўбачылі прахожыя і паспелі патэлефанаваць выратавальнікам. Цяпер хлопец знаходзіцца на лячэнні. А колькі прыкладаў, калі чалавек выносіць сабе смяротны прысуд і даводзіць яго да канца... Паводле статыстыкі, штодня больш за 1000 маладых людзей у свеце спрабуюць здзейсніць суіцыд, і ў аднаго са 100 гэта атрымліваецца. Сацыёлагі кажуць, што на працягу апошняга дзесяцігоддзя колькасць суіцыдаў сярод моладзі ўзрасла амаль у 3 разы. Толькі на Магілёўшчыне з пачатку гэтага года скончылі жыццё самагубствам 2 падлеткі.
За краем
У лютым у Чэрыкаве пахавалі 16-гадовага юнака. Яго знайшлі павешаным на гарышчы дома, дзе ён жыў. Здарылася гэта пасля таго, як ён пасварыўся са сваёй сяброўкай, ляпнуў дзвярыма і кудысьці пабег. А праз паўгадзіны стала вядома, што здарылася непапраўнае. Нельга казаць, што менавіта сварка стала прычынай яго зыходу з жыцця. Ён нават не выказваў такіх думак. Але дзесьці нешта пайшло не так, і гэта непрыемная для яго размова, магчыма, стала апошняй кропляй.
Маладосць і смерць — несумяшчальныя паняцці. І калі яны стаяць побач, здаецца, што гэта нейкая недарэчнасць, якую трэба выправіць. Але такое магчыма толькі ў казках. Ці ведаюць аб гэтым тыя, хто накідвае пятлю сабе на шыю ці саскоквае з даху? Здаецца, ведаюць. Але чамусьці ўсё роўна робяць гэты фатальны крок.
Дарэчы, па словах магілёўскіх праваахоўнікаў, на працягу года з жыцця сыходзяць каля 7-8 непаўналетніх жыхароў вобласці.
Самагубства — сам па сабе жахлівы ўчынак. Яшчэ горш, калі гэта робяць «за кампанію». Летась у Клічаўскім раёне павесіліся дзве стрыечныя сястры, адной з іх было 15, другой 16 гадоў. Следчы па асабліва цяжкіх справах СК па Магілёўскай вобласці Алена Краўчанка займалася гэтай справай не адзін месяц.
— Яна мела вялікі рэзананс, — кажа Алена. — Памятаеце, калі ў Падмаскоўі дзве дзяўчынкі разам саскочылі са шматпавярховіка? Пра гэта крычалі з усіх каналаў радыё і тэлебачання. Той выпадак стаў шокам нават для 10-мільённай расійскай сталіцы. Што тут казаць пра нашу краіну, дзе жыве столькі ж жыхароў, колькі ў адной Маскве...
Алена змагла даведацца пра клічаўскіх дзяўчынак шмат падрабязнасцяў, якія нават не ведалі іх маці. Яна размаўляла з іх настаўнікамі, аднагодкамі, суседзямі. Дзяўчынак не цікавіла школа. На ўроках яны не маглі трымаць увагу больш за 10 хвілін — круціліся, шапталіся, слухалі музыку ў тэлефонах. Не было іх і сярод тых, хто наведвае нейкія гурткі ці секцыі. І не толькі таму, што ў сельскай мясцовасці, мякка кажучы, іх не хапае, проста ім і гэта было нецікава.
У іх было іншае жыццё, пра якое блізкія нават і не здагадваліся. І не толькі таму, што дзяўчаты нешта ўтойвалі. Яны былі цалкам аддадзены самі сабе. Праваахоўнікі знайшлі ўпакаваныя рэчы — здавалася, што дзяўчынкі збіраліся ў далёкае падарожжа. Магчыма, хтосьці, акрамя іх, гэта і ведаў, але толькі не маці.
— Сястрычкі былі ў сям'і зусім не такімі, як за парогам свайго дома, — кажа Алена. — Для блізкіх яны ўсё яшчэ заставаліся маленькімі дзецьмі. А ў сацсетках і на дыскатэках паводзілі сябе, як дарослыя жанчыны.
Як потым высветлілася, дзяўчынкі яшчэ за паўтара месяца да свайго самагубства разыгралі смерць у інтэрнэце. Іх цікавіла, як да гэтай ідэі паставяцца іншыя. Але тыя, хто ведаў іх больш дасканала, казалі: яны вельмі любілі жыццё. Адна з іх нават на класнай гадзіне ў школе неяк заявіла, што суіцыд — гэта дрэнна, што Гасподзь пакарае тых, што робіць гэта. Вось такі парадокс.
Апошнія суткі сёстры правялі разам, на кватэры адной знаёмай. Яна аддала ім ключы, а сама перабралася на нейкі час у іншае месца. У гэтай жа кватэры дзяўчат і знайшлі павешанымі. Яны віселі побач, быццам, нават адпраўляючыся ў невядомасць, баяліся застацца адна без адной. Здаецца, яны «крычалі» — мы нікому не патрэбны, таму мы і сышлі разам.
Напэўна, так яно і ёсць. Тая самая дзяўчынка, якая казала, што суіцыд — гэта дрэнна і нават дзесьці ў душы баялася Бога, пакінула маці пасмяротную запіску. Гэта было яшчэ перад тым, як яна адправілася на тую фатальную кватэру. Пакінула на самым бачным месцы. Яе спачатку знайшла малодшая сястра, якая ў свае 7 гадоў яшчэ не магла асэнсаваць таго няшчасця, якое вось-вось павінна было здарыцца. Яна нават выправіла памылкі і занесла лісток маці. Тая таксама спачатку не вельмі ўважліва паставілася да гэтага жахлівага паслання. І толькі на наступны дзень забіла трывогу. Іх шукалі з міліцыяй, але хто ж мог падумаць, што яны хаваюцца недзе ў чужой кватэры! А калі знайшлі, было ўжо позна. На месцы трагедыі засталася і пасмяротная запіска другой дзяўчынкі, якая таксама прасіла маці ёй дараваць...
Самае жудаснае, што трагедыя мела працяг. У загінулых сястрычак былі яшчэ дзве сяброўкі. На працягу года абедзве зрабілі спробу сысці з жыцця. У адной гэта атрымалася.
У сваёй пасмяротнай запісцы яна напісала жудаснае: сяброўкі клічуць мяне. Здаецца, папахвае сектай. Але нічога такога, што сведчыла б аб гэтым, следчыя не выявілі.
Не
трапіць у тунэль
На мове спецыялістаў суіцыд — гэта феномен, які цяжка распазнаць ці спрагназаваць. Але факт застаецца фактам — людзі, якія пайшлі на такі крок, былі па-касмічнаму адзінокія. Адзінокія настолькі, што не змаглі даверыцца нікому. Ёсць такое паняцце — тунэль. Гэта так вобразна назвалі той стан, калі чалавек заблытаўся ў жыцці і не бачыць іншага выйсця, акрамя аднаго — нырнуць у гэты злашчасны тунэль і збегчы.
— Тут можа быць толькі адзін дыягназ: недастатковая або няправільная апека, — лічыць магілёўскі медсудэксперт-псіхолаг Надзея Сараева. — Бяда ў тым, што ва ўсіх гэтых сітуацыях з самагубствам бацькі не ведаюць, што адбывалася з іх дзіцем. Калі б ведалі, гэтай памылкі не было б. Але дзесьці ўсё роўна атрымліваецца пралік.
Эксперты сцвярджаюць: адзінай прычыны няма, у дзяцей гэты стан шмат у чым абумоўлены сітуацыяй. Вось падлетак павесіўся, хоць мог у гэты момант пайсці кагосьці пабіць або напіцца. Суіцыд дзіцячы — гэта спецыфічныя, на навуковай мове — дэвіянтныя паводзіны.
Што можа тут зрабіць грамадства? «Тое ж самае, што і ў дачыненні да злачыннасці, — лічыць эксперт. — Мы бачым толькі тых падлеткаў, якія дрэнна сябе паво-
дзяць, а вось тых, у каго прыкладныя паводзіны, нават не заўважаем. Але ж бывае такое няшчасце, якое не праяўляецца. Усе дзеці, якія скончылі жыццё самагубствам, былі ў свой час агледжаны псіхолагам. Яны ўсе былі нармальныя».
...«Вінаваты толькі я...» — гэта ўсё, што засталося ад 12-гадовага Дзмітрыя, які пайшоў з жыцця 2 гады таму.
— Хлопчык быў з добрай сям'і, вучыўся ў гімназіі, меў добрыя адзнакі, — расказвае афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — Але аднойчы прыйшоў дадому, патэлефанаваў маці, каб паведаміць ёй аб гэтым, а потым узяў і... скокнуў уніз з 7 паверха.
Па водгуках настаўнікаў, блізкіх, сяброў ён быў вельмі кампанейскім, удзельнічаў у алімпіядах па матэматыцы. А тут прагуляў заняткі, бацькі даведаліся пра гэта і прачыталі мараль. Але ж гэта не злачынства. Дзяцей трэба выхоўваць. Вось толькі ён, кажуць, вельмі блізка да сэрца прымаў усякую крытыку.
— Не кожнаму хапае ўмення суперажываць, — кажа Надзея Сараева. — Вось, напрыклад, упаў чалавек. Адзін прайшоў міма моўчкі, другі паспачуваў, трэці кінуўся дапамагаць. Мы ўсе вельмі розныя. Бацькам трэба суперажываць сваім дзецям яшчэ больш, чым суперажывалі ім, калі яны былі маленькімі. А яны, часцей за ўсё выхоўваюць дзяцей так, як выхоўвалі калісьці іх. Але ж усё мяняецца. Інфарматызацыя грамадства расце, а разам з гэтым і колькасць стрэсаў. Падлеткам, у якіх няма жыццёвага вопыту, цяжка бывае вытрымаць гэты псіхалагічны прэс. Іх не трэба пакідаць адных, інакш яны пакінуць нас. Назаўсёды. Было б добра, калі б існавала суправаджэнне сем'яў, як гэта бывае там, дзе ёсць прыёмныя дзеці.
Паўгадзіны ў дзень
Мы заўсёды некуды бяжым, спяшаемся, баімся не паспець. І не бачым тых, што побач з намі, хто даражэйшы нам за ўсё на свеце. Яны ёсць — і добра, але ці добра ім?
— На самой справе ўсё даўным-даўно вядома і напісана ў добрых разумных кніжках, — кажа Надзея Сараева. — Каб адчуваць дзіця, трэба мінімум паўгадзіны ў дзень размаўляць з ім не пра вучобу ці яду. І рабіць гэта, седзячы побач, гледзячы ў вочы і трымаючы за рукі. За гэтыя паўгадзіны любы бацька ці маці, калі яны насамрэч любяць сваё дзіця, што-небудзь ды адчуюць.
— А калі гэта «цяжкі» падлетак і ён не хоча сядзець, узяўшыся за рукі?
— Ён «цяжкі» таму, што не ведае, як сябе паводзіць. Мы лічым, што калі дзіця накормлена і апранута, гэтага дастаткова. Але ж мы не жывёлу гадуем, мы выхоўваем асобу. І да 18 гадоў яны ўсе — дзеці і падлеткі, якія маюць патрэбу ў апецы. Чаму тая ж маці не можа проста падысці і сказаць: мне дрэнна, паразмаўляй са мной. Калі дзіця не робіць першага кроку, зрабіце яго самі. Дзеці закрываюцца не ад нас, а ад нашых дзеянняў, калі мы пачынаем быць аўтарытарнымі без прычыны. Аўтарытэт бацькоў заўсёды ўзнімаецца, калі яны самі пачынаюць пытацца парады. Гэта не слабасць, гэта праява павагі да асобы дзіцяці.
Яшчэ лепш, калі гэта будуць не проста размовы, а нейкія сумесныя дзеянні. З зусім маленькімі дзецьмі звычайна гуляюць; з тымі, хто крыху старэйшы, нешта разам пякуць, цясляраць, з падлеткамі займаюцца разам спортам. Дзеці наогул не ўмеюць пра свае пачуцці расказваць. Тут важна назіраць за іх рэакцыяй, паводзінамі ў працэсе штодзённых зносін. Ведаеце, якую ролю выконвалі мексіканскія серыялы падчас распаду Савецкага Саюза? Выключна псіхатэрапеўтычную. Людзі вучыліся размаўляць адно з адным. Дзеці, якія глядзелі гэтыя серыялы, сталі гуляць у таты-мамы. Павінна быць культура прагаворвання. Унутрысямейныя зносіны — гэта лепшы спосаб зняцця стрэсаў і аздараўлення.
Грамадства ад гэтага, на жаль, адыходзіць. У нас у крамах паўфабрыкаты, у кожнага свой «айпад», «айфон». Але гэта праблема не дзяцей, а менавіта дарослых. Ці шмат сярод бацькоў такіх, якія могуць задаць сабе пытанне: «Што я такога зрабіў(ла), каб мой сын ці дачка мяне паважалі?». Памятаю, як адна жанчына расказвала: «Мае бацькі, калі я нешта рабіла не так, як яны чакалі, казалі: даруй, дачушка, мы так дрэнна цябе разумеем». Яны прасілі ў яе прабачэння за яе правіны. Па-сутнасці так і павінна быць. Калі б бацькі з сябе пачыналі, мы б не гублялі сваіх дзяцей.
Выклікаем... сябе на дуэль
Кажуць, цяжкі дзень — гэта панядзелак, але для 13-гадовага Сашы такім стаў аўторак — апошні ў гэтым студзені. Заняткі ў школе скончыліся, і дзеці хуценька разбегліся па дамах. Ён таксама паспяшаўся на аўтобус, які развозіў вучняў з іншых вёсак. На вуліцы было марозна, нават вокны ў салоне замерзлі. Хлопчык прыціснуў да шкла гарачую далонь, і пад ёю з'явілася невялічкае акенца. Так цікава было назіраць, што там за ім. Ну вось і прыпынак. Бацька ўжо дома, глядзіць тэлевізар. Саша вітаецца і моўчкі ідзе ў свой пакой пераадзявацца. Потым, як гэта было звычайна, адпраўляецца на кухню піць гарбату. Праз 15 хвілін туды ідзе бацька... Тое, што ён убачыў, прывяло яго ў шок. На перакінутым цераз газавую трубу шаліку вісеў яго Сашка. Мужчына кінуўся ратаваць сына, але было ўжо позна...
З месца здарэння супрацоўнікі міліцыі забралі ліст паперы з малюнкамі хлопца і яго сшытак. Але адказ на пытанне «Чаму?» знайсці так і не змаглі.
— У заключэнні, якое мы выдаём у такіх выпадках, вы і не знойдзеце прамога адказу, — кажа начальнік упраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Антон Балашоў. — Выснова часцей за ўсё прыкладна аднолькавая: на момант самагубства і напярэдадні смерці чалавек быў псіхічна здаровы. Наконт усяго астатняга мы можам толькі разважаць. Вось вы пытаецеся, ці існуе такое паняцце, як ген самагубства. Прамой сувязі тут, вядома, няма, але ёсць нейкія стэрэатыпы, якія ўплываюць. Адзін чалавек ведае выйсце з тупіка, а другі — не, яго не навучылі, як гэта рабіць. Можна выказаць здагадку, што гэта адбываецца на генетычным узроўні, а на самой справе гэта мадэль паводзін, якая засвоена ў сям'і і перадалася ў спадчыну. Нават калі чалавек адзін, у яго ёсць апанент — прычына. Ён абавязкова абвінавачвае кагосьці ў думках.
— Калі закранаць праблему прафілактыкі самагубстваў, трэба казаць аб праблеме існавання дысгарманічных сем'яў, — лічыць Антон Балашоў. — Гэта вонкава шчаслівыя сем'і, дзе бацькі прад'яўляюць вельмі завышаныя патрабаванні да сваіх дзяцей. Не рабі так, рабі гэтак, не кажы гэтай цётцы пра тое, а гэтаму дзядзьку пра гэтае. Я ўтрырую, але схема прыблізна такая. Дарослыя патрабуюць ад падлетка немагчымае, а гэта прыводзіць яго ў адчай. І тут нават прасцей тым, хто расце ў асацыяльных сем'ях. Яны дакладна ведаюць: скраў — значыць, пойдзе ў турму. У іх няма сумненняў. А калі чалавек не ведае, што яму рабіць, здараецца непапраўнае. Самы яскравы прыклад — гэта Рамэа і Джульета. Дадаць да гэтага няма чаго...
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.