Пра дзяцей, іх выхавальнікаў, добрых банкіраў і... «левы» абутак
Карэспандэнт «Звязды» пабываў у адзіным у Гарадоцкім раёне дзіцячым доме сямейнага тыпу. Тут муж і жонка Дворавы выхоўваюць 10 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў.
А ў нашай хаце госці
У межах акцыі «МНС і «Белая Русь» — за бяспеку дзяцей» у гэты дзень у дзіцячым доме пабывалі госці, якія паказалі дзецям спектакль і зрабілі карысныя падарункі: машынкі, настольныя гульні і нават вогнетушыцель.
— Нас, упэўнена, з вялікім нецярпеннем чакаюць дзеці: Ульяна, Вадзім, Паліна, Іван, Алена, Ксенія, Алеся, Таня, Павел і Віка. Іх выхоўваюць Ганна Пятроўна і Яўген Генадзевіч Дворавы. Жывуць яны ў катэджы, пабудаваным за грошы Беларусбанка. Усяго па краіне 13 такіх шыкоўных двухпавярховых дамоў сямейнага тыпу, у тым ліку два — у Віцебскай вобласці: у Гарадку і Оршы. Абодва наведваем сёння разам з пажарнымі. А летась мы рэалізоўвалі аналагічны праект з ДАІ, — расказвае па дарозе да дома Алена Асмалоўская, начальнік аддзела ідэалогіі Беларусбанка, аўтарка ідэі і куратарка праекта.
Паводле слоў Алены Асмалоўскай, грамадскімі арганізацыямі банка — прафсаюзнай, Саюза жанчын, БРСМ, «Белай Русі» — падтрымліваецца сувязь з выхавальнікамі і дзецьмі. Апошняя з пералічаных тры разы на год праводзіць акцыі. Да Дня абароны дзяцей летась батуты дарылі; да Дня ведаў сем'і запрашалі ў Мінск для сустрэчы з кіраўніцтвам банка (дарылі планшэты, электронныя кнігі, звадзілі ў цырк на аўстралійскіх артыстаў); да Новага года — ёлкі і салодкія падарункі...
— У год юбілею вызвалення краіны плануем зладзіць патрыятычную акцыю для дзятвы з нашых дамоў сямейнага тыпу. Хочам арганізаваць экскурсіі па знакавых месцах, якія ёсць у кожнай вобласці. Напрыклад, у Брэсцкую крэпасць, — дзеліцца планамі Алена Асмалоўская.
Так загаварыліся з ёй, што і не заўважылі, як прыехалі ў Гарадок.
Педагог па прызванні
Пакуль пажарныя ў гульнявой форме расказвалі дзецям пра тое, як неабходна прытрымлівацца правілаў, каб не здарылася бяды, на кухні пагутарыў з мужам і жонкай Дворавымі. Адказвалі яны на пытанні шчыра. І нават пра сумнае — з гумарам. Добрай энергетыкай ад гэтых людзей зарадзіўся надоўга. Сярод усіх іх выхаванцаў толькі Ксенія — родная дачка.
— Вядома, дзецям, акрамя сваёй роднай дачкі, якой летась споўнілася 10 гадоў, юрыдычна я чужы чалавек, педагог-выхавальнік. За сваю працу «мамай» атрымліваю заробак. Працавала раней у дзіцячым доме ў Езярышчы — выхавальніцай і інструктарам па працы. Маёй старэйшай дачцэ ўжо 26, замужам. 25-гадовы сын таксама хутка ажэніцца. Дзіцячы дом закрываўся, а трэба ж было дзесьці працаваць. Прапанавалі мне пасаду ў доме сямейнага тыпу. Муж працуе ў сістэме ЖКГ. Раней жылі ў Езярышчы — у 4-пакаёвай кватэры, — расказвае Ганна Пятроўна. Яе сваякі выдатна ўспрынялі навіну пра тое, што яна будзе «мамай» для дзесяці дзяцей. Прыязджаюць з падарункамі. Ганна сама з сям'і, дзе пяць дзяцей. І муж яе — са шматдзетнай...
Сказала, што ёй было цікава ўзначаліць дом сямейнага тыпу.
— Ужо трэці год пайшоў, як тут жывём. Дакладна памятаю, што 27 жніўня пераехалі. А афіцыйна адкрыццё было ў Дзень абароны дзяцей. Ключы атрымалі, але шмат што яшчэ прыйшлося потым дарабляць, каб можна было жыць. Прыемна было ўбачыць, што ў доме стаялі новы халадзільнік і многае іншае. Расстаўлялі ўсё і вешалі. Зямлю на ўчастак прывозілі, — успамінае яна.
— Мы не скардзімся, дом вельмі добры, плошчай больш як 300 квадратных метраў. Але ёсць шэраг недапрацовак. Напрыклад, паклалі чырвоную цэглу там, дзе трэба было больш стойкія да вільгаці матэрыялы прымяніць. І цэгла тая рассыпаецца. Балкон зроблены так, што працякае... Можа, таму, што першы ў раёне дом і пакуль адзіны? — дадае муж.
А ці прыязджаюць біялагічныя бацькі да дзяцей?
— Так! Праўда, браць назад у сям'ю да сябе не хочуць. Як і сваякі дзяцей. Прыедуць з падарункамі, сустрэнуцца і паедуць дамоў. А па законе ж можна зноў стаць паўнапраўнымі бацькамі, калі няма падстаў адмовіць... Звычайна бацькі і сваякі дзяцей тэлефануюць папярэдне, каб дамовіцца аб сустрэчы. Мы ж не заўсёды можам прыняць такіх гасцей. Неяк тэлефанавалі, а мы збіраліся ў кіно ў Віцебск. А мама і бабуля Баранавых, самых меншых, раней раз на месяц прыязджалі, цяпер радзей. Дык і дзеці не хочуць да іх вяртацца. Кажуць, што ім у нас лепей. Але ж сувязь з біялагічнымі бацькамі павінна заставацца. Дарэчы, не ўсе бацькі — выпівохі і гэтак далей. У нас выхоўваюцца дзве сястры, мама якіх цяжка хворая, — гаворыць Ганна.
«У дзяцей — дзве нагі»
Пытаўся, як ставяцца жыхары райцэнтра да Дворавых, дзяцей. Можа, нехта і не падтрымлівае іх ініцыятыву выхоўваць чужых дзяцей, а іншыя, магчыма, зайздросцяць таму, што сям'я жыве фактычна ў палацы?
— Многія дапамагаюць, а работнікі Беларусбанка — нашы самыя лепшыя сябры. Мікрааўтобус падарылі! Мы ж хацелі яго ў крэдыт купіць, па магчымасці на льготных умовах. Цяпер, калі ў школу, садок завезці трэба, усе змяшчаюцца.
Многія жыхары райцэнтра добра ставяцца да нашай вялікай сям'і. Але ёсць і такія, якія лічаць, што ў Дворавых грошай шмат. Я ім кажу: «Мой заробак «чыстымі» сёння — каля 4 мільёнаў рублёў за месяц. Дадайце 1,5 мільёна рублёў дзяржаўнай дапамогі на кожнае дзіця. Перыядычна аказваецца дапамога на пакупку дробязяў: бялізны і гэтак далей. Бярыце дзяцей, і вы будзеце атрымліваць «шмат»... Добрыя людзі часта дапамагаюць. Адна жанчына садавіну прывозіць. Іншыя прыносяць рэчы... Праўда, быў выпадак, калі кінулі ў двор вялікі мех з ботамі, і ўсе — з левай нагі. А дзе на правую? Мы цяпер, калі абцас трэба падрамантаваць, набойкі зрабіць, выкарыстоўваем той абутак. Можа, гэта прадпрымальнікі нейкія пажартавалі? Муж на прынтары раздрукаваў аб'яву, якую наклеілі на слуп ля цэнтральнага ўваходу на рынак. Тэкст прыкладна такі: «Дарагія прадпрымальнікі, вялікі дзякуй вам за ўсё! Але ў нашых дзяцей ногі розныя, ёсць і правыя», — расказвае гаспадыня дома.
Паказалі і дом: спальні, гасцёўню, два ванныя пакоі, чатыры прыбіральні... Дворавы сказалі, што выхаванцы дапамагаюць наводзіць парадак, з задавальненнем спрабуюць кухарыць. З інтарэсам вучацца будучаму самастойнаму даросламу жыццю. На агародзе разам вырошчваюць агуркі, буракі, моркву, цыбулю, клубніцы і суніцы... Дзве яблыні пасадзілі, грушу і вішню. І кветак шмат можна будзе ўбачыць, калі пацяплее. Іх двор нездарма тутэйшыя называюць «кветкавым».
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота аўтара.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.