А бацькі будуць цалкам пакрываць выдаткі на харчаванне дзяцей
З 1 красавіка заработная плата работнікаў дашкольных устаноў павысіцца. Такое рашэнне змяшчаецца ў Пастанове Савета Міністраў № 265 ад 27 сакавіка 2014 года.
Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, рост заробку педагагічных работнікаў адбудзецца праз павышэнне надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі. Так, надбаўка за другую катэгорыю павялічыцца з 15% да 25%, за першую катэгорыю — з 20% да 40% і за вышэйшую катэгорыю — з 30% да 60%. Сёння розніца паміж надбаўкамі выхавальніка, які мае другую кваліфікацыйную катэгорыю, і выхавальніка з вышэйшай катэгорыяй складае ўсяго 175 тысяч рублёў. А з 1 красавіка яна складзе 405 тысяч. У прэс-службе падкрэсліваюць, што павелічэнне надбавак скіравана, у першую чаргу, на стымуляванне творчых педагогаў, выключэнне ўраўняльнага падыходу да аплаты працы і захаванне кваліфікаваных кадраў у галіне.
Што тычыцца педагогаў, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, то ім з 1 красавіка павялічаць на 10% тарыфныя аклады. На такі самы працэнт будуць павялічаны тарыфныя аклады кіраўнікам устаноў дашкольнай адукацыі, іх намеснікам па асноўнай дзейнасці, шэф-кухарам, кухарам дзіцячага харчавання і кухонным рабочым. І на 20% павялічацца тарыфныя аклады ў памочнікаў выхавальнікаў.
У той жа час з 1 красавіка пераглядаюцца і ўмовы аплаты бацькамі кошту харчавання дзяцей у дашкольных установах. Калі да апошняга часу бацькі пакрывалі 60% ад дзейных нормаў выдаткаў на харчаванне аднаго выхаванца, то цяпер яны будуць аплачваць 100% выдаткаў на харчаванне. Пры гэтым кола катэгорый, якія карыстаюцца льготамі па аплаце за харчаванне дзяцей, пашырылася. Так, на 30% будзе зніжана плата за харчаванне для сем'яў, у якіх двое дзяцей наведваюць дашкольную установу, на 50% — для апекуноў, прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзіцячых вёсак (гарадкоў).
Як і раней, плата за харчаванне не будзе спаганяцца з бацькоў дзяцей-інвалідаў, дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, хворых на туберкулёз, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, а таксама з членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі (памерлі) пры выкананні воінскага або службовага абавязку. Плата для сем'яў, якія маюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама сем'яў, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, па-ранейшаму будзе складаць 50%.
Зараз выдаткі бюджэту на аднаго выхаванца ва ўстанове дашкольнай адукацыі складаюць у сярэднім 1,5 мільёна рублёў за месяц, а бацькі аплачваюць усяго 20% ад агульных выдаткаў. З
1 красавіка бацькі будуць пакрываць у поўным аб'ёме толькі кошт набору прадуктаў харчавання, гэта значыць, што плата бацькоў павялічыцца ў сярэднім на 150 тысяч рублёў.
Сродкі, сэканомленыя ў бюджэце ў выніку аптымізацыі ўдзелу бацькоў у аплаце харчавання сваіх дзяцей, будуць накіраваны на павышэнне заробку работнікам дашкольных устаноў.
У ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, куды мы звярнуліся па каментарыі, журналісту «Звязды» паведамілі, што сёння заработная плата выхавальніка складае 2,6—2,7 мільёна рублёў, а памочніка выхавальніка — 1,5 мільёна рублёў. Менавіта таму пытанне павелічэння заробку работнікам устаноў дашкольнай адукацыі рэгулярна ўзнімалася галіновым прафсаюзам на ўсіх узроўнях, у тым ліку на парламенцкіх слуханнях, у звароце да беларускага ўрада. У 2013 годзе адбылося нязначнае павелічэнне тарыфных ставак выхавальнікаў (на 25%) і памочнікаў выхавальнікаў (на 10%), пасля чаго іх заробак вырас на 12-13% і 7% адпаведна. А па іншых катэгорыях работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі памеры заробкаў даўно не пераглядаліся.
Нядзіўна, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі вельмі востра адчуваецца дэфіцыт кадраў, асабліва гэта тычыцца сталіцы. У раздзеле «Вакансіі» на сайце Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама змяшчаецца інфармацыя пра патрэбу ў больш чым 670 выхавальніках. Самая вялікая колькасць вакансій — ва ўстановах дашкольнай адукацыі Заводскага, Фрунзенскага і Маскоўскага раёна ў сталіцы. У асобных установах недахоп выхавальнікаў складае ад 8 да 12 ставак. Востра не хапае памочнікаў выхавальнікаў, кухараў і кухонных рабочых. Па прычыне адсутнасці кухараў прыгатаваннем страў у шэрагу выпадкаў вымушаны займацца і загадчыкі дашкольных устаноў, і іх намеснікі. Праца выхавальнікаў, памочнікаў выхавальнікаў звыш працоўнага часу, на жаль, стала нормай. Звычайнай стала і практыка работы выхавальнікаў без памочнікаў.
Выклікае трывогу і сітуацыя з забеспячэннем устаноў дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі кадрамі з профільнай педагагічнай адукацыяй. З аднаго боку, колькасць выхавальнікаў з вышэйшай адукацыяй расце, а з другога боку, далёка не заўсёды яны маюць вышэйшую адукацыю па профілі «Педагогіка дзяцінства», больш за тое, нават не заўсёды маюць педагагічную адукацыю.
У ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі падлічылі, што пасля ўступлення ў сілу з 1 красавіка пастановы ўрада рост заработнай платы работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі складзе ад 8 да 16% (гэта яшчэ і з улікам росту з 1 красавіка тарыфнай стаўкі першага разраду).
Вось толькі наколькі істотна такое павышэнне паўплывае на кадравую сітуацыю і ці дапаможа гэты захад утрымаць кадры ў галіне? Адказ на гэтае пытанне мы хутка атрымаем...
Надзея НІКАЛАЕВА.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.