Другі Мінскі фестываль моў пройдзе 30 сакавіка на філалагічным факультэце БДУ. У гэты дзень увазе гасцей будуць прадстаўлены 45 моў свету — як сучасных і папулярных, так і малавядомых, а таксама тых, што выйшлі з ужытку.
У межах гэтай унікальнай акцыі адбудуцца дзесяць навукова-папулярных, лінгвістычных лекцый і сустрэч з носьбітамі розных моў. Госці змогуць наведаць прэзентацыі — захапляльныя 40-хвілінныя міні-лекцыі па гісторыі і развіцці канкрэтнай мовы, яе станаўленні і сучасным стане. Прадстаўляць іх будуць студэнты, аспіранты і выкладчыкі філалагічнага факультэта і факультэта міжнародных адносін БДУ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а таксама лінгвісты і мовазнаўцы з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Кіева. Прыняць удзел у фестывалі змогуць усе ахвотныя. А напрыканцы дня знаёмства з мовамі завершыцца лінгвістычнай віктарынай.
Першы Мінскі фестываль моў прайшоў год таму: на ім былі прадстаўлены 35 моў і 7 лінгвістычных лекцый. А першы ў свеце фестываль моў быў праведзены ў 1995 годзе ў французскім горадзе Тур і сабраў 800 гасцей. Яго арганізаваў амерыканскі лінгвіст і эсперантыст Дэні Кіф. Ужо ў наступным годзе ў Чабаксарах прайшоў першы расійскі фестываль моў. Затым аналагічныя мерапрыемствы адбыліся ў ЗША, Венесуэле, Кітаі, Бельгіі, Швецыі, Малдове, Украіне і іншых краінах. У многіх гарадах свету правядзенне фестываляў моў ужо паспела стаць штогадовай традыцыяй.
Найбуйнейшым у свеце лічыцца першы кітайскі фестываль, які прайшоў у 2008 годзе ва ўніверсітэце Нанкіна і за два дні сабраў 13500 наведвальнікаў. На ім было прадстаўлена больш як 70 моў і дыялектаў.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.