Народная песня — выдатны настаўнік для моладзі. Нязмушана і вельмі даходліва яна раскрывае духоўныя скарбы краіны, эмацыянальна асвятляе ўвесь пачуццёвы свет нашых папярэднікаў, у мастацкіх дэталях-сімвалах пры апісанні звычайных побытавых эпізодаў перадае духоўную гісторыю народа, яго светаўспрыманне.
Сюжэтны малюнак народнай песні «Там каля млына» выглядае даволі простым. Хлопец спяшаецца на спатканне на кані, падараваным яму каханкай. Але згадванне пра млын і дарогу, каліну і каня насцярожвае, бо гэта багатыя і шматзначныя па сэнсе рэаліі. Млын здаўна лічыцца патаемным месцам. Тут адбываецца істотная для жыцця з'ява — пераўтварэнне зерня, і тут, паводле павер'яў, у прыцемку шукае прытулку ўсялякая нечысць. А побач — каліна ў квецені: яна ж сімвалізуе дзявочую прыгажосць і вольнасць, падрыхтаванасць да размнажэння. Лаканічна, адным сказам, малюецца вясковы краявід, сімвалічнасць прыведзеных дэталяў выклікае глыбокі роздум. І дарога як сувязь двух пачуццёвых светаў будзе нялёгкай, напоўніцца сумнівам і перажываннямі. Таму і «конік, быстрыя ногі» — грацыёзная і вольналюбівая істота, верны сябар, мудры памочнік — зблудзіў. Але пачуцці, калі яны чыстыя, дапамогуць каханкам адшукаць тую сцежку-дарожку, якая іх паяднае.
У некаторых тэкставых варыянтах песні пазначаецца, што хлопец, каб супакоіцца, звяртаецца да чарадзейнай сілы («Ані сцяжынкі,/Ані дарожкі./Паедзем, коніку,/Аж да дарожкі»). Аднак ён сам здольны вырашыць узніклыя праблемы і застацца мужным, надзейным і паслядоўным у пачуццёвых стасунках. Так і падаецца ў песні.
Падрыхтаваў
Міхась ШАВЫРКІН.
Там каля млына
Там каля млына
Цвіла каліна.
Дзе ж тая дзяўчына,
Што мяне любіла?
Не так любіла,
Як шанавала,
Купіла коніка,
Падаравала.
А той конічак,
Быстрыя ногі,
Вёз мяне да мілай,
Зблудзіў з дарогі.
Ані сцяжынкі,
Ані дарогі.
У хлопца сэрданька
Млее з трывогі.
—З кім мая мілая
Ручанькі звяжа,
З кім мая мілая
Спатанькі ляжа?
—Ой, ляжа, ляжа
Сама з сабою,
Белыя ручанькі
Пад галавою.
Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.