_________________________________________________________________________________
Кацярыну Хадасевіч-Лісавую добра ведае юны чытач нашай краіны. У апошнія гады ў бібліятэкі і кнігарні прыйшлі яе кнігі “Падарожжы ў Чароўны Лес”, “Касмічная адысея хлопчыка Стасіка”, “Казкі Сіняй падушкі”. Таксама творы К. Хадасевіч-Лісавой надрукаваны ў калектыўных зборніках “Лясная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў”, “Пакліч у госці сонца”, “Залаты талер”… Новая кніга аўтара — “Казкі сівой даўніны”. Выйшла яна ў серыі “Вясёлы калейдаскоп”, распачатай РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”. Тры творы паяднаны адной вокладкай — “Вадзіца з крыніцы”, “Як з’явіліся самыя прыгожыя азёры”, “Вілія”. Асновай іх з’яўляюцца легенды, паданні даўніх стагоддзяў. А дапамагае іх данесці да сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак мастак кнігі — Кірыл Задворны, слуцкі школьнік, вучань Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Кірыл пастараўся знайсці мастацкія рашэнні да ключавых, кампазіцыйна выйгрышных старонак казачных твораў. Фарбы зімовага малюнка, выразныя вочы старых і немаўлят пашыраюць прастору чытацкага ўяўлення. Здаецца, юны мастак вядзе нас за руку па сівых стагоддзях. І ўжо не здзіўляе тое, што крынічная вада радуе дзявочым смехам. Як і іншыя казачныя фантазіі.
К. Задворны арганічна спалучае ў сваіх маляўнічых сюжэтах самыя розныя колеры. Адчуваюцца традыцыі беларускай дзіцячай кніжнай графікі: згадваюцца малюнкі Сяргея Волкава, Наталлі Суставай, Мікалая Казлова, Аксаны Аракчэевай, Галіны Хінка-Янушкевіч… І ўсё ж Кірыл Задворны — творца арыгінальны. Ён ідзе сваім уласным шляхам, самастойна будуе казачныя палацы. Безумоўца, у юнага мастака са Случчыны чакаюць новыя творчыя ўдачы.
Алег ЗІРБУРЗАЛ
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».