Вы тут

Антон Краўчанка: «Выходзіш за кулісы пасля спектакля і... падаеш»


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 28 сакавіка 2014 года

_________________________________________________________________________________

Рамэа, узнёслы і вытанчаны, альбо Спартак, грозны і рашучы? Вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Антон Краўчанка аддае перавагу яркім ролям, пазбягаючы шаблонных і бесхарактарных вобразаў. Ён умее аддавацца танцу так, што ўсё яго жыццё, з праблемамі і радасцямі, на бліжэйшыя тры гадзіны «тэлепартуецца» за кулісы і цярпліва чакае свайго гаспадара. Вяртаецца танцор стомленым, але шчаслівым: дома яго чакае сям’я. Праўда, праца ходзіць за ім па пятах і днём і ноччу: акрамя выступленняў у спектаклях артыст выкладае харэаграфію і вучыцца ў ВНУ. У перапынку, які цудам з’явіўся ў шчыльным графіку, Антон Краўчанка распавёў, што самае страшнае ў прафесіі артыста — працаваць, прытрымліваючыся індыйскай філасофіі, і не адчуваць хвалявання перад сцэнай.

АНТОН КРАУЧАНКА

— Антон, з чаго пачынаецца ваш дзень?

— Сцэнарый маёй раніцы не мяняецца з адзінаццацігадовага ўзросту. Прачынаюся і бягу ў Вялікі тэатр на ўрок па класічным танцы, потым на рэпетыцыі, адтуль — у каледж выкладаць дуэтна-класiчны танец. Увечары — зноў рэпетыцыі або спектакль. У вольны час вучуся, атрымліваю спецыяльнасць эканаміста-менеджара ў Акадэміі кіравання. І так дзень за днём...

— І навошта вам такая разнастайнасць?

— Не скажу, што мне гэта падабаецца, але жыццё патрабуе. Неймаверна цяжка, калі сесія пачынаецца. Кіраўніцтва тэатры не можа адпусціць мяне вучыцца на ўвесь дзень. Таму графік атрымліваецца яшчэ больш насычаным: з раніцы іду на лекцыі, здаю экзамены, вечарам танцую ў спектаклі, а ўначы рыхтуюся да наступнага навучальнага дня. Пасля такога мару толькi выспацца.

— Антон, у дзяцінстве вы хацелі стаць артыстам ці, як усе хлопчыкі, марылі скараць касмічныя прасторы?

— Памятаю, калі быў маленькім, разваліўся Савецкі Саюз, краіна стала іншай. Больш за ўсё мяне ўразіў пералом у свядомасці і ладзе жыцця. Я быў звычайным хлопчыкам, у меру шкодным і паслухмяным адначасова, але галоўнае — рана стаў самастойным. У дзесяцігадовым узросце адзін з некалькiмi перасадкамi ездiў да бабулi ў іншы горад. Бацькі хваляваліся, але лічылі, што я ўжо дарослы. Быць артыстам ніколі не хацеў, лёс так распарадзіўся. Аднойчы ў нашу школу прыйшлі тры жанчыны і пачалі адбіраць самых пластычных і гнуткіх, словам, здольных да танцаў дзяцей. На мяне звярнулі ўвагу і запрасілі на вучобу ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж. Я вельмі не хацеў пакідаць свой клас, сяброў і прывыкаць да новых людзей. З крыўдай думаў: навошта харэаграфія, калі я люблю футбол і самалёты? Але ў выніку мяне прымусілі!

— А вучоба ў каледжы спадабалася?

— Былі добрыя выкладчыкі. Цяпер іх, на жаль, становіцца ўсё менш. Пакаленне артыстаў і харэографаў, якія вучыліся яшчэ ў Пецярбургу, у старой, узорнай балетнай школе, сыходзіць... ім сёння гадоў пад 70, калі не больш. А прыцягнуць маладых педагогаў складана: грошы ў каледжы плацяць невялікія. Сёння я выкладаю там з прычыны пачуцця абавязку: хтосьці ж павінен рыхтаваць моладзь! Падчас вучобы самай складанай дысцыплінай была французская мова: я ніяк не бачыў яе прымянення ў сваім жыцці. Асвойвацца ў каледжы ўвогуле было цяжка, бо мяне ўзялі падчас дадатковага набору, калі асноўны склад вучняў ужо сфарміравалі.

— Як пачыналася Ваша кар'ера? Памятаеце першы спектакль?

— У 2001 годзе па размеркаванні трапіў у Вялікі тэатр Беларусі. Першай сур'ёзнай пастаноўкай стала «Эсмеральда», дзе я выканаў ролю Феба. Потым кар'ера «панеслася» хутка: «Спартак», «Стварэнне свету», «Лебядзінае возера», «Страсці», «Кармэн-сюіта», «Карміна Бурана», «Рамэа і Джульета», «Вітаўт»...

— Ці страшна, выходзіць на сцэну і адчуваць на сабе ўважлівыя позіркі гледачоў, якія чакаюць чагосьці асаблівага? Як спраўляецеся з хваляваннем?

— Калі артыста з дзяцінства рыхтуюць да выступленняў перад публікай, чаму ён павінен баяцца сцэны? Проста робіш сваю працу. У каледжы спраўляцца з хваляваннем нас не вучылі, але сама сістэма адукацыі пабудавана так, што дзіця, пачынаючы вучыцца, адразу практыкуецца ў спектаклях. Раней я думаў, што калі не так падыму руку ці ступлю не туды, то ўся пастаноўка разваліцца. Час прайшоў — з’явіўся досвед, а хваляванне знікла. Што да гледачоў... іх твараў не відаць. Вы ніколі не думалі, чаму некаторыя зоркі эстрады выступаюць у цёмных акулярах, а, да прыкладу, Вячаслаў Бутусаў часцяком спявае з заплюшчанымі вачыма? Святло сафітаў на сцэне літаральна слепіць. Паспрабуйце паглядзець ва ўпор на лямпачку ў 100 вольт!

— А як трымацца, калі хто-небудзь знервуе перад спектаклем і выб’е з каляіны?

Асадак пасля непрыемнай гутаркі ці спрэчкі знікае за некалькі секунд пасля выхаду на сцэну. Немагчыма танцаваць і думаць яшчэ пра нешта: уся жыццёвая бязладзіца застаецца за кулісамі. Свядомасць проста не прапускае старонніх думак — прафесія патрабуе поўнай аддачы. Трэба трымаць у галаве парадак рухаў, памятаць пра памылкі, якія ты дапускаў раней, сачыць за эмоцыямі — кантроль пастаянны.

— Што для артыста больш істотна: ідэальная знешнасць, талент або ўменне працаваць?

У індыйскай філасофіі ёсць правіла: чалавек павінен займацца тым, што яму лягчэй даецца. Не трэба ўсё жыццё змагацца з перашкодамі, пераадольваць церні. Зразумела, плыць па цячэнні таксама не варта. Важна знайсці ў сабе талент і развіць яго. Калі прыклаў усе намаганні, здароўе пасадзіў, а нічога не атрымліваецца — кінь гэтую справу. У іншым ты даб’ешся большага поспеху са значна меншымі стратамі. Не лічу, што ў мяне ідэальная знешнасць ці велізарны талент. Але бясспрэчна: Бог даў схільнасць да прафесіі, і я ўмею працаваць, каб дасягнуць жаданых вынікаў. Ведаеце, як маладыя артысты становяцца вялікімі зоркамі? Нягледзячы на прыродныя задаткі, яны не расслабляюцца, а ўдасканальваюць сваё майстэрства.

— У вас вельмі розныя ролі — ад Спартака да Прынца эльфаў у “Беласнежцы”. Чый вобраз вы ўвасабляеце на сцэне з найбольшым задавальненнем?

Падабаецца разнастайнасць роляў. Стаяць ля станка і штампаваць адну і тую ж дэталь — занятак не для мяне. Цікава “апынуцца” на месцы героя, адчуць, чым ён жыў, пра што думаў, якія страсці кіпелі ў яго сэрцы. У гэтым плане кананічныя персанажы, абмежаваныя строгімі пазіцыямі, менш цікавыя. Такая ж сітуацыя і з класічнымі пастаноўкамі, дзе менш прасторы для эмоцый і свабоды ў рухах. Я люблю ўвасабляць адмоўных персанажаў з яркім, шматгранным характарам. Хочацца не проста прыгожа танцаваць, але і несці гледачам ідэю. Мой любімы балет — «Страсці», дзе Князь Уладзімір мяняецца, каб урэшце прыйсці да Бога. З роляў таксама падабаюцца Спартак, Хазэ, Адам. Калi я толькi прыйшоў у тэатр, былi і маленькія партыі. Напрыклад, у оперы «Аіда» быў салдатам, які ўвесь спектакль стаяў з дзідай і шчытом. Здаецца, што можа быць больш сумным? Але я падумаў: знаходжуся амаль у партэры, нічога не раблю, слухаю оперу, а мне за гэта яшчэ i грошы плацяць — хіба не шчасце? (усміхаецца).

— Што вы адчуваеце, калі апускаецца заслона?

— Стомленасць. Дае сілу толькі адчуванне, што ты не дарма ўсё гэта рабіў. Хочацца, каб да цябе падышлі і сказалі: сёння пастаноўка атрымалася на славу! Гара з плячэй пасля спектакля не падае, бо раніцай ізноў на працу — рабіць тое самае. Да таго ж, кожны дзень трэба даказваць, што ты ўсё яшчэ на нешта здольны. Гэта самае цяжкае ў прафесіі артыста.

— Кажуць, што сцэна дапамагае ўцячы ад рэальнасці...

— Мабыць, для гледача — так. Але для артыста — не думаю, бо выконваць балетныя партыі — штодзённая праца. Каб уцячы ад рэальнасці, мне, напэўна, трэба сесці за камп’ютарную гульню, пераапрануцца там у рыцара і, размахваючы мячом, ратаваць свет.

— Вы прыўносіце частку сябе ў ролі ці ўсё вырашаюць харэографы?

— У кожным спектаклі я павінен строга выконваць заданні пастаноўшчыка і харэографа. Цалкам згодны з выразам: калі чалавек атрымлівае грошы за тое, што ён робіць, гэта праца, калі не — творчасць. Але бывае, што пастаноўшчык дае свабоду дзеянняў, тады я адразу запальваюся iдэяй i магу праяўляць сябе — працаваць становіцца вельмi цiкава.

— Колькі часу патрэбна на падрыхтоўку да спектакля?

— Усё залежыць ад рэжысёра-пастаноўшчыка. Калі ён ведае, чаго хоча ад артыстаў, то ў сярэднім прэм'ера ставіцца за два-тры месяцы. Тут важна ведаць спецыфіку працы балетнага артыста: умець думаць не галавой, а целам. Я, да прыкладу, не змагу пералічыць усе рухі ў спектаклі, але калі музыка зайграе, устану і ўсё выканаю.

— Як артысту навучыцца спраўляцца з дыханнем, калі тэмп танца знізіць немагчыма?

— Вы бачылі, як бягуць на Алімпіядзе лыжнікі? Даходзяць да фінішу і падаюць. Я іх цалкам разумею. Выходзіш за кулісы пасля спектакля і гатовы ўпасці на зямлю. Не ведаю, як з гэтым справіцца, напэўна, трэба проста быць цягавітым. Я не асвойваў ніякіх спецыяльных тэхнік — бессэнсоўна. Падтрымкі ў танцах такія, што нават калі паставіць дыханне, яно ўсё роўна саб'ецца.

— У чым сакрэт паспяховай працы ў дуэце?

— Павага адно да аднаго, а з боку мужчыны — беражлівыя адносіны да партнёркі. Дуэт дзеліцца на дзве часткі, і кожны павiнен выконваць свае 50 працэнтаў. Тут істотныя справядлівасць і абсалютнае раўнапраўе. Калі хто-небудзь пачне халтурыць або, наадварот, перастараецца, — танец прапаў.

— Як захоўваць форму і пры гэтым не страчваць у непрытомнасць падчас спектакляў?

— З дзяцінства ем няшмат, таму мне прасцей, дыеты непатрэбныя. Мяркуйце самі: прачынаюся, не снедаю, таму што трэба бегчы на ўрок, а калі днём рэпетыцыі, то і на абед нармальны не заўсёды хапае часу. Ем у асноўным увечары. Нездарма кажуць, што лёс артыста балета — паесці на ноч, і пабольш (усміхаецца).

— Ці хацелі б вы паспрабаваць сябе ў кіно?

— Жаданне ёсць, але гэта не так проста, як здаецца на першы погляд. У балеце можна ідэальна адрэпеціраваць партыю ў спектаклі і паказваць яе гадамі, толькі паляпшаючы майстэрства. А ў фільмах у акцёраў кожны раз новыя рэплікі, рухі. Акрамя таго, трэба ўмець адчуваць камеру, ведаць, у якім ракурсе ты лепш выглядаеш, куды варта глядзець і як рухацца. З другога боку, артыстам, якія рэалізавалі сябе ў кіно, вельмі пашанцавала: за свой чалавечы век яны пражываюць шмат жыццяў...

Марыя ВОЙЦІК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Як прайшоў «Марафон адзінства» у Віцебску

Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.