Вы тут

Востраў прыцягнення


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 28 сакавіка 2014 года

_________________________________________________________________________________

Думаеце, што дзеці, спешчаныя камп’ютарамі ды іншымі цудамі інфармацыйнага прагрэсу, не чытаюць кніг? Глыбока памыляецеся! Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк, якая аб'ядноўвае 18 “кніжных скарбніц” сталіцы, штогод абслугоўвае больш як 120 тысяч маленькіх чытачоў. Пра тое, як знайсці сваю бібліятэку, правесці там пару гадзін і... назаўжды застацца чытачом, распавяла дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк і Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага Таццяна Швед.

Таццяна Швед

— Як дзіцячыя кніжніцы сталіцы прыцягваюць дзяцей і падлеткаў да чытання? Чым можна захапіць сучасную моладзь?

— Бібліятэкары, якія працуюць з дзецьмі, ставяцца да чытача ветліва, добразычліва, як да свайго дзіцяці: не проста забяспечаць літаратурай, а дапамогуць у вучобе, творчай самарэалізацыі, пошуку аднадумцаў. Дзеці — самыя ўдзячныя чытачы. Калі ім падабаецца ў бібліятэцы, то яны і самі прыйдуць, і сяброў прывядуць.

У кожнай кніжніцы, якая ўваходзіць у нашу сістэму, унікальная задача і асаблівы кірунак працы з чытачамі: ад экалагічнай асветы да духоўнага выхавання. Так, у дзіцячай бібліятэцы № 5 створаны ўнікальны інфармацыйны цэнтр японскай культуры. Традыцыйна ва ўсіх кніжніцах праходзяць прэзентацыі кніг і часопісаў, фотавыстаўкі, флэш-мобы, майстар-класы. Сярод падлеткаў папулярныя трэнінгі і клубы па інтарэсах, напрыклад, “Тынэйджарская пляцоўка”. Маленькія чытачы аддаюць перавагу гульням і конкурсам: можна атрымаць салодкі прыз ці іншы падарунак! У нас ёсць праект “Кінаманія”, які збірае сяброў для сумеснага прагляду і абмеркавання фільмаў. Працуюць таксама літаратурныя гасцёўні, дзе праходзяць сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, і музычныя салоны, куды запрашаюцца таленавітыя выканаўцы і кампазітары.

Штогод арганізоўваюцца святы для дзяцей, у іх ліку — фестываль дзіцячага чытання, па выніках якога выбіраецца лепшы чытач года. Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк мае свой сайт, дзе можна пазнаёміцца з нашай дзейнасцю. Супрацоўнікі актыўна працуюць і ў сацыяльных сетках, клапоцяцца пра папаўненне блога займальнымі паведамленнямі і фотарэпартажамі.

Але самы галоўны клопат для нас — чытач. Калі мы змаглі арганізаваць працу так, што дзеці да нас прыходзяць, значыць, выбралі правільны шлях. Бываюць кніжніцы, дзе, здавалася б, катастрафічна неабходны рамонт, а дзіця прыходзіць і кажа: якая ў вас крутая бібліятэка! Мая галоўная мара — каб у нас заўсёды былі шчырыя чытачы.

— Як рыхтуецеся да летняга сезона?

— Летам у бібліятэках вельмі шмат наведвальнікаў! Сёлета, напрыклад, будуць дзейнічаць праграмы: “Лета. Дзеці. Кніга”і “Вакол свету за 90 дзён”. Звычайна бацькі занятыя на працы, а дзецям сумна дома, калі яны не могуць з'ехаць з горада. Куды ісці? У бібліятэкі! Тут для вясёлага і карыснага адпачынку створаны ўсе ўмовы. Дзяўчынкі могуць пагартаць часопіс мод, навучыцца тэхніцы рукадзелля, знайсці кнігу па школьнай праграме. А самыя хлопцы атрымаюць магчымасць паўдзельнічаць, напрыклад,у конкурсе, на лепшую выяву ўлюбёнага літаратурнага героя, ці проста паразмаўляць з аднагодкамі.

— З кім супрацоўнічаюць сталічныя кніжніцы? Ці абменьваюцца яны досведам з замежнымі калегамі?

— Бібліятэкі раскіданыя па ўсім горадзе, таму кожная супрацоўнічае з дзіцячымі садамі, школамі, вучылішчамі, каледжамі свайго раёна. Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк сталіцы падтрымлівае сяброўскія адносіны з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Беларусі, Домам міласэрнасці, рэдакцыямі рэспубліканскіх выданняў, гарадскімі музеямі і г. д. На міжнародным узроўні ў нас склаліся цёплыя партнёрскія стасункі з расійскімі ўстановамі, у прыватнасці — з Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкай імя А. Ліханава горада Белгарада і Краснадарскай краёвай дзіцячай бібліятэкай імя братоў Ігнатавых, Расійскай дзяржаўнай дзіцячай бібліятэкай. Штогод бібліятэкары абедзвюх краін наведваюць адзін аднаго, абменьваюцца досведам.

— А што наконт папулярызацыі роднай культуры?

— Мы актыўна працуем з Мінcкім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. Дзецям заўсёды цікава сустрэцца з аўтарам кнігі, задаць пытанні накшталт. Вось мы і праводзім прэзентацыі і творчыя вечары, якія, між іншым, патрабуюць велізарнай працы ўсяго калектыву бібліятэкі. Трэба аформіць кніжную выстаўку, зрабіць мультымедыйную прэзентацыю, пазнаёміць дзяцей з творчасцю пісьменніка яшчэ да яго прыходу. Хочацца выказаць падзяку нашым творцам, бо беларускія аўтары — яшчэ і своеасаблівыя “праваднікі” роднай мовы. Дзеці, самі таго не заўважаючы, падключаюцца да іх…

У ліку тых, хто найбольш актыўна наведвае нашы бібліятэкі, — Андрэй Смятанін, Міхась Пазнякоў, Раіса Баравікова, Уладзімір Мазго, Алена Масла.

— З якімі праблемамі сутыкаюцца бібліятэкі?

— Знізілася наведвальнасць чытальных залаў, таму кнігі, якія захоўваюцца ў іх фондах, перадаюцца на абанемент. Усё гэта робіцца для таго, каб не страціць чытачоў. Дзеці, асабліва падлеткі, вельмі загружаныя: вучоба, курсы, гурткі, падрыхтоўка да паступлення ў ВНУ. Не ва ўсіх ёсць час, каб спакойна пасядзець з кніжкай. Праўда, усё залежыць ад камфортнасці памяшкання і дадатковых паслуг, якія гатовая прадаставіць кніжніца. Яшчэ адна праблема бібліятэк — недахоп літаратуры на беларускай мове для падлеткаў. Калі хтосьці думае, што дзеці не чытаюць у эпоху інтэрнэту, то глыбока памыляецца. Яны хочуць бачыць кнігі на роднай мове, тым больш што бібліятэкі гатовыя іх набываць. Галоўнае, каб аўтары тварылі.

— Многія баяцца, што папяровыя кнігі хутка знікнуць…

— Ведаю дакладна, што бібліятэкі нікуды не падзенуцца, нават калі трансфармуюцца да непазнавальнасці. Зразумела, электронных выданняў стане больш, але і друкаваныя застануцца. Месца хопіць усім. Планшэты, рыдары і папяровыя старонкі, як і цяпер, будуць жыць побач, а людзі змогуць выбіраць, што ім па душы. Калі пачыналася эпоха тэлебачання, казалі, што кінематограф згасне. Што мы бачым цяпер? Кінатэатры па-ранейшаму перапоўненыя! Магчыма, у Беларусі стануць папулярныя выданні іншага кшталту, напрыклад, у фармаце 3D, дзе малюнкі ажываюць, або музычныя. А магчыма, з кнігамі можна будзе размаўляць: задаў любое пытанне па тэксце і імгненна атрымаў адказ.

— Цікава, што новага прапануецца чытачам?

— Раней чакалі, што наведвальнікі прыйдуць у бібліятэку, а цяпер чытачоў трэба прывабліваць, змагацца за іх увагу, запрашаць. Мы выходзім на вуліцу. Першага чэрвеня, напрыклад, супрацоўнікі Цэнтралізаванай дзіцячай бібліятэчнай сістэмы збяруцца каля помніка Максіму Горкаму ў парку яго імя, каб пазнаёміць мінчан са сваёй дзейнасцю.

— Давайце пагутарым пра вас. Як вы прыйшлі да сваёй прафесіі?

— Я не выпадковы чалавек у бібліятэчнай справе. Прафесія спадабалася мне, напэўна, яшчэ ў дашкольным узросце. Зразумела, неўсвядомлена. Але дакладна памятаю, што мама купляла мне кніжкі, а я з задавальненнем іх чытала, калі вучылася ў пачатковай школе. Потым палюбіла школьную бібліятэку, там заўсёды было вельмі ўтульна ды прыемна пахла свежымі старонкамі новых кніг. Я нават дапамагала бібліятэкару: падшывала газеты, часопісы, расстаўляла кнігі па паліцах. Не задумваючыся, пасля школы паехала паступаць у Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пазней завочна атрымала вышэйшую адукацыю. З 1996 года працую ў Цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк, а ўзначальваю яе ўжо больш як сем гадоў.

— І ні дня не можаце пражыць без кніг?

— Не магу! Чытанне нездарма называюць аптэкай для душы. Калі ты не можаш знайсці выхад з цяжкага становішча, на дапамогу прыходзіць кніга. Ёсць добры закон жыцця: тое, што адбываецца з намі ў дадзены момант, ужо калісьці з кімсьці здаралася. Таму ў кнігах лёгка знайсці праблему, падобную да тваёй, паглядзець на яе з іншага боку і, можа быць, прыйсці да правільнага рашэння.

— Таццяна Аляксееўна, ці лёгка жанчыне быць кіраўніком?

— Не магу сказаць, што лёгка, але люблю працаваць з людзьмі. У Цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк — 260 супрацоўнікаў, імкнуся да кожнага з іх знайсці падыход. Намагаюся аб'ядноўваць людзей, якія працуюць побач: заўсёды размаўляю з імі шчыра. Нягледзячы на ўсе клопаты і цяжкасці, мне падабаецца мая праца. Тым больш я заўсёды адчуваю падтрымку калектыву. Імкнуся да такога стану душы, каб раніцай хацелася ісці на працу, а ўвечары — вяртацца дадому.

Гутарыла Марыя ВОЙЦІК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.