Вы тут

Таня Скарынкіна: “Хочацца, каб мяне разумелі”


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 28 сакавіка 2014 года

_________________________________________________________________________________

Прыкладна год таму падчас інтэрв’ю галоўны рэдактар расійскага часопіса паэзіі “Воздух” Дзмітрый Кузьмін параіў мне звярнуць увагу на вельмі самабытныя вершы аўтаркі са Смаргоні Тані Скарынкінай, якая ў той час жыла ў партугальскім Фару. І сапраўды, калі ў Мінску праз некаторы час выйшаў першы зборнік Тані ― “Кніга для чытання ў памяшканнях і па-за памяшканнямі”, стала зразумела, што чытач проста не мае права прайсці міма. Хаця б з-за гэтай самабытнасці, незвычайнасці паэтычнага голасу аўтаркі. Больш за тое, амаль адразу ўслед за першай кнігай Тані Скарынкінай выйшла і другая ― “Партугальскія трохрадкоўі” (Нью-Ёрк: Ailuros Publishing, 2014). Неўзабаве адбыліся і прэзентацыі ― спачатку ў Маскве, а потым — у Мінску. Сустрэча з чытачамі і калегамі ў беларускай сталіцы стала і для мяне добрай нагодай пазнаёміцца і пагутарыць з Таняй.

Скарынкина

― Раней вы пісалі вершы практычна толькі для сябе, змяшчаючы іх на сваёй старонцы ў LiveJournal і Facebook. Цяпер жа маеце аж дзве кнігі. Што адчуваеаце ў сувязі з тым, што вашы вершы сустракаюцца з чытачом ужо загорнутымі ў кніжную вокладку?

― Амаль нічога. Мне падаецца, я так доўга пісала і так шмат назбіралася вершаў, што яны нарэшце павінны былі выйсці. Я чакала гэтых кніг прыкладна год, прыдумала назву, і нават не адну. Выдатна, што яны выйшлі, але маюць зусім іншыя назвы, ды і самі выданні атрымаліся намнога лепшымі, чым я думала і чакала.

― Як прайшла прэзентацыя ў Маскве?

― У аэрапорце мяне сустрэла Лена Сунцова, выдавец маёй нью-ёркскай кнігі. Таму магу сказаць, што Масква мяне сустрэла як родная. Адразу адчула сябе як дома, хоць дагэтуль у тым горадзе была толькі аднойчы. Мне вельмі спадабалася. На сустрэчы было многа знаёмых і сяброў. Я амаль не баялася. Усе ўсміхаліся, мне нават падарылі букет руж. Паэты падтрымлівалі. А потым мы елі бліны: якраз Масленіца! Мне было лёгка, хоць з мікрафонам выступала ўпершыню ў жыцці.

― А ў Мінску адчуваеце сябе сваёй?

― Пакуль што не надта. Горад значна змяніўся!

― Вам важная рэакцыя чытача на вершы?

― Інакш я не выкладвала б іх у “ЖЭС” і “Фэйсбуку”. Канечне, мне патрэбна ведаць, што думаюць людзі пра мае творы. Так заўсёды бывае: пішаш для сябе, але потым усё ж паказваеш. Мне хочацца, каб людзям было весела. Выдатна, калі, чытаючы мае вершы, яны смяюцца. Нават калі творы бываюць трагічнымі, драматычнымі, хочацца, каб у іх чыталася нейкая іронія, каб людзям не было сумна. Але такой мэты не стаўлю адпачатку. Гэта ўжо пазней атрымліваецца. Увогуле дзіўна: пішаш для сябе, а потым хочаш, каб цябе разумелі. Жывеш сярод людзей, і хочацца, каб яны цябе любілі ці хаця б не білі (смяецца).

― Можна сцвярджаць, што ваша публіка дзеліцца на дзве амаль варожыя групы: адданых прыхільнікаў і злосных праціўнікаў. Крыўдна, калі вершы, такія шчырыя, у чымсьці наіўныя, па-дзіцячы непасрэдныя, называюць штучнымі і мёртвымі?

― Канечне, крыўдна. Калісьці я зарэгістравалася на адным папулярным паэтычным сайце, дзе вельмі хутка з’явілася некалькі надзвычай актыўных “каментатараў”, якім не падабалася мая творчасць. Я сышла адтуль, не вытрымала такога стаўлення. Вельмі дзіўна, што і самі паэты настолькі не любяць паэтаў, якія пішуць па-іншаму, “парушаюць класічную традыцыю”. Але ж месца хапае ўсім! Калі мне не падабаюцца чыесьці вершы, я нічога не кажу. Нават магу сказаць, што гэта добра. Але на мяне накідваюцца вельмі часта! Па шчырасці, нават не ведаю чаму. Калі выйшла першая кніга, таксама з’явілася шмат абвінавачванняў. Я не вінаватая. Кажуць, што “па блаце” надрукавалі, што дзядзька дапамог, а ён, па-мойму, нават не ведае, што ў мяне кніга выйшла. Не разумею, што рухае гэтымі людзьмі. Я нікога не хацела крыўдзіць, і мне такое стаўленне непрыемнае. Хачу добрага, а людзі злуюцца.

― На вашых старонках у сацыяльных сетках можна не толькі пачытаць вершы, але і паглядзець на незвычайныя аўтарскія фотаздымкі ― кампазіцыі з рэчаў, набытых на “барахолках” ці проста знойдзеных на сметніцах. Мяне ж заўсёды цікавіла, куды потым трапляюць “героі” гэтых фотакарцін?

― У асноўным я іх выкідваю. Яны ўсе старыя, абтрапаныя. Калі гэта прадукты ― садавіна ці мяса, — з’ядаю. А розных мёртвых птушачак, з-за якіх многія таксама на мяне нападаюць (не ведаю, чым яны не дагадзілі?), ― хаваю. Нешта самае любімае застаецца ў доме.

― Ці ёсць у планах выданне паэтычнай кнігі-альбома, куды ўвайшлі б вашы вершы і фотаздымкі?

― Канечне, хацелася б. Але гэта вельмі дорага. У мяне ўжо назбіралася шмат фотаздымкаў, шмат новых вершаў. Хацелася б і выстаўку сваю зладзіць, і каляровы альбом выдаць, рабіць паштоўкі, постары. Мне вельмі прыемна, што на вокладках абедзвюх кніг ― мае фотаздымкі, што выдаўцы пагадзіліся на такі крок.

Марына ВЕСЯЛУХА,

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.