_________________________________________________________________________________
На пачатку сакавіка ў Падляшскай оперы і філармоніі ў Беластоку адбыўся заключны гала-канцэрт XXI Агульнапольскага фестывалю “Беларуская песня-2014”. Удзел узялі 26 калектываў і выканаўцаў — лаўрэатаў фэсту, які праводзіцца тут ужо 45 гадоў запар.
Канцэрт традыцыйна распачаўся прыгожай і вельмі шчырай песняй “Мой беластоцкі край” на словы вядомага паэта-беларуса А. Баршчэўскага з Польшчы. Народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца старшынёй журы фестывалю, неаднойчы заўважаў, што “беларускую песню немагчыма пераказаць, яе неабходна слухаць”. І сапраўды, кожную хацелася слухаць і слухаць, а гучала іх шмат: аўтэнтычных і апрацаваных, народных і сучасных эстрадных. Разам з лірычнымі, абрадавымі і любоўнымі творамі слухачы пачулі і моцныя патрыятычныя песні.
Ужо 20 гадоў запар бяру ўдзел у рабоце журы фестывалю і кожны раз з радасцю сустракаюся са старэйшымі і знанымі на Падляшшы харамі: “Крыніца” і “Каласкі” з Беластока, “Рэха пушчы” і “Куранты” з Гайнаўкі, ансамблямі “Цаглінкі” з Ляўкова Старога і “Чыжавяне” з Чыжоў, “Арляне” з Орлі... Іх творчы ўзровень не зніжаецца, а рэпертуар узбагачаецца новымі творамі, паляпшаюцца акампанемент і сцэнічная культура.
Значную частку ўдзельнікаў фэсту складаюць маладыя выканаўцы — навучэнцы беларускіх ліцэяў, студэнты ВНУ. Штогод цікавых выканаўцаў прадстаўляюць Гайнаўскі і Бельск-Падляшскі ліцэі з беларускай мовай навучання. Прытоку новых удзельнікаў “дарослага” фестывалю выдатна спрыяе аналагічны фестываль беларускай песні для дзяцей і школьнікаў, які праводзіцца ўжо больш як 40 гадоў. Абодва фэсты ствараюць спрыяльныя ўмовы для пераемнасці традыцый беларускай песеннай творчасці ў Польшчы.
З кожным годам пашыраецца геаграфія фестывалю, з’яўляюцца новыя цікавыя калектывы ў гарадах і вёсках. Сапраўдным упрыгожаннем гала-канцэрта стала выступленне госця свята — Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, які ва ўсім багацці прадставіў гледачам беларускія песні і танцы.
І калі ў фінале гала-канцэрта зала, дзе знаходзяцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, дзяржаўныя дзеячы, дыпламаты і святары, разам з удзельнікамі фестывалю падымаецца і спявае песню “Люблю наш край” (сапраўдны гімн фэсту), пераконваешся ў сіле эмацыянальнага ўзрушэння беларускай песні. Дзеля гэтага трэба яшчэ раз прыехаць у Беласток!
Падчас канцэрта падумалася: паказаць бы такі гала-канцэрт у Палацы Рэспублікі ў Мінску! Якая моцная была б падтрымка ўсім удзельнікам фестывалю на Беласточчыне! А яшчэ — узор любові да роднай мовы і песні, да гістарычнай радзімы.
У чым сакрэт моцы і даўгалецця фестывалю? Напэўна, перш за ўсё ў тым, што на Падляшшы ў Польшчы захаваліся не толькі аўтэнтычныя носьбіты беларускай песні, якія паспелі перадаць традыцыі новым маладым пакаленням, але і любоў тысяч этнічных беларусаў да яе шчырасці і мілагучнасці. Беларускія творцы маюць магчымасць пастаянна ўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах і заўсёды цешацца цёплым прыёмам з боку мясцовай публікі.
Лепшыя калектывы запрашаюцца на фестывалі іншых нацыянальнасцей у Польшчы, на фестываль нацыянальных культур у Гродна, фэсты “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах і “Берагіня” ў Акцябрскім раёне. Важным маральным і творчым стымулам для аматарскіх калектываў з’яўляюцца традыцыйныя артыстычныя сустрэчы-фестывалі “Беласток — Гродна” і “Гродна — Беласток”, якія праводзяцца па чарзе ў кожным з гарадоў.
У Польшчы ўжо амаль 60 гадоў плённа дзейнічае Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), для якога падтрымка і папулярызацыя беларускай мовы і песні, як і ўсіх іншых беларускіх імпрэз, — важнейшы кірунак дзейнасці. Больш як 20 гадоў галоўным арганізатарам і душой фестываляў беларускай песні з’яўляецца яго нязменны старшыня Янка Сычэўскі. Добрую частку свайго жыцця прысвяціла дзейнасці на ніве беларускай культуры сакратар праўлення таварыства Валянціна Ласкевіч.
Яшчэ нядаўна лічылася, што ў Польшчы пражывае каля 400 тысяч беларусаў. Па выніках апошняга перапісу 2003 года толькі 48,5 тысячы чалавек пачуваюць сябе беларусамі. Асіміляцыя як вынік урбанізацыі і сусветнай глабалізацыі закранула і Беласточчыну, дзе спакон вякоў жылі беларусы. Але гэты працэс нівеліруецца, стрымліваецца актыўнай, плённай дзейнасцю БГКТ, іншых беларускіх грамадскіх аб’яднанняў.
Лічу, творчы патэнцыял беларусаў замежжа можна было б шырока прэзентаваць і папулярызаваць на Беларускім тэлебачанні і радыё, сродках масавай інфармацыі. Гэта яшчэ больш узбагаціла б нашу супольную беларускую культуру.
...Каб адчуць сваю беларускасць і гонар за родную краіну, трэба хаця б аднойчы пабываць на гэтым фестывалі. А песня гучыць на Падляшшы — пастаянна — падчас традыцыйных свят беларускай культуры ў Беластоку і Купалля ў Белавежы, свят нацыянальных культур у Мельніку над Бугам і Семятычах, вясельных бясед у Гайнаўцы, павятовых і гмінных абрадавых свят. Штогод толькі Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы праводзіцца 60—70 разнастайных культурных мерапрыемстваў. Без беларускай песні на Падляшшы ўжо немагчыма ўявіць ніводнае з іх.
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.