Да свежай прадукцыі новага ўраджаю яшчэ далёка, але сучасны пакупнік ужо даўно прызвычаіўся не адмаўляць сабе ў вітамінах круглы год. Пра тое, што замежныя бульба, морква ці яблыкі на прылаўку часцей за ўсё будуць выглядаць як з паштоўкі, распавядаць не трэба. А як «адчувае» сябе пасля доўгіх зімовых месяцаў аналагічная беларуская прадукцыя? Каб даведацца пра гэта, карэспандэнты «Звязды» накіраваліся ва ўнітарнае прадпрыемства «Партызанскае» — да аднаго з асноўных пастаўшчыкоў садавіны і гародніны на спажывецкі рынак Мінска.
...Па сталічнай вуліцы Герасіменкі штодня праязджаюць каля 200 грузавікоў, якія накіроўваюцца да аднаго са складоў УП «Партызанскае». Менавіта адсюль садавіна і гародніна «раз'язджаецца» па сталічных крамах.
— Прадукцыю ў нашы сховішчы прывозяць з усіх рэгіёнаў Беларусі, — распавядае намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Алена Бердніковіч. — Капусту, напрыклад, мы ў асноўным закупляем у Брэсцкай вобласці, цыбулю пастаўляюць пераважна з Гродзеншчыны, бульбу — з Мінскай вобласці. Выбар у першую чаргу залежыць ад якасці прадукцыі. Напрыклад, летась цыбуляй нас амаль на 100 працэнтаў забяспечылі ўсяго дзве гаспадаркі, прадукцыя якіх даўно сябе зарэкамендавала: яна нічым не горшая за замежную і вельмі добра захоўваецца ажно да лета.
«Падаўжаюць жыццё» гародніне і садавіне ў спецыяльна абсталяваных памяшканнях (камерах), дзе чакае свайго часу як прадукцыя стабілізацыйных фондаў (гэта бульба, буракі, морква, капуста, цыбуля, яблыкі), так і, напрыклад, лімоны, апельсіны і мандарыны, якія прывозяць з замежжа. Таксама ёсць пэўны працэнт кансерваванай прадукцыі: кансервы з гародніны, сокі, нектары і г.д.
Заходзім у адну з такіх камер. За вялізнымі скрынямі з бульбай заўважаем унушальнага выгляду «вентылятары» — менавіта яны дапамагаюць ствараць і падтрымліваць «клімат» у памяшканні. Трэба сказаць, што ў камеры досыць прахалодна, але для бульбы тут — своеасаблівы «курорт». У такіх умовах яна доўга не псуецца. «Другі хлеб» найлепш захоўваецца пры тэмпературы ад плюс чатырох да плюс шасці градусаў, а ідэальныя ўмовы, напрыклад, для морквы і буракоў — ад нуля градусаў да плюс двух.
Цікавым чынам захоўваюць яблыкі. У памяшканні, куды закладваецца запас гэтай садавіны, ствараюць спецыяльнае газавае асяроддзе (сумесь кіслароду і вуглякіслага газу ў вызначаных прапорцыях). Такое сховішча, праўда, пабачыць не давялося: яно размешчана ў іншым раёне сталіцы.
Па словах Алены Бердніковіч, ніякімі хімічнымі рэчывамі ва УП «Партызанскае» прадукцыю перад закладкай на зіму не апрацоўваюць, таму за сваё здароўе пакупнікам баяцца не варта.
Час, на працягу якога гародніна і садавіна будзе мець таварны выгляд, залежыць не толькі ад умоў захоўвання, але і ад яе батанічнага гатунку. Так, па сваіх прыродных уласцівасцях, адны яблыкі ляжаць да студзеня, другія — да сакавіка і пазней. Каб не было страт, патрэбна правільна збудаваць ланцужок захоўвання і рэалізацыю. Пры гэтым неабходна ўлічваць гатунак прадукцыі.
Капуста і морква леташняга ўраджаю, напрыклад, ёсць у сховішчах у маі і нават у чэрвені, а бульба і буракі захоўваюцца яшчэ даўжэй. За гэты час у продажы паспявае з'явіцца гародніна і садавіна новага ўраджаю, таму тое, што застаецца, адпраўляецца на прамысловую перапрацоўку. Працэнт незапатрабаванай прадукцыі з года ў год розны. Напрыклад, даводзілася перапрацоўваць да 25 працэнтаў бульбы, а вось летась астаткаў практычна не было.
Падчас візіту журналістаў да продажу з дапамогай спецыяльнай лініі якраз рыхтавалі «другі хлеб». Са спецыяльнага канвеера работнікі збіралі клубні з дэфектамі. Якасная прадукцыя пасля адбору мыецца, сушыцца і фасуецца ў сеткі. Цікава, што не ўсе пакупнікі жадаюць набываць мытую бульбу — некаторым падабаецца «з пясочкам». Таму часткова ў продаж ідзе і такая.
Увогуле, калі мы паглядзелі на прадукцыю са склада УП «Партызанскае», то як у пакупнікоў у нас ніякіх пытанняў да яе не ўзнікла: айчынная гародніна і садавіна, у прынцыпе, можа «без страт» перажыць зіму. Чаму ж тады ў крамах часам можна пабачыць не самы сімпатычны «вітамінны» тавар беларускай вытворчасці?
— На мой погляд, адказнасць за адсутнасць альбо якасць айчыннай прадукцыі, якую прапаноўваюць пакупнікам, ляжыць выключна на кіраўніцтве крамы, — лічыць Алена Бердніковіч. — Мы праводзім маніторынг, падчас якога адразу відаць, зацікаўлены кіраўнік гандлёвага аб'кта ў супрацоўніцтве з намі ці не.
А наконт «паходжання» садавіны і гародніны Алена Бердніковіч падкрэсліла, што для рознічнай сеткі гэта не прынцыпова. Як на айчынную, так і на замежную плодаагароднінную прадукцыю гандлёвая нацэнка аднолькавая.
Афіцыйна
Хто паклапоціцца пра пакупніка?
— Пастаўкамі айчыннай садавіны і гародніны на спажывецкі рынак сталіцы займаюцца, апроч УП «Партызанскае», цяплічныя прадпрыемствы, камерцыйныя арганізацыі, прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі і прыватныя асобы. Таксама іх вядуць каля 40 сельгасарганізацый і сялянска-фермерскіх гаспадарак. Кіраўніцтва крам само вырашае, з кім супрацоўнічаць і чыю прадукцыю выкладваць на прылавак, — паведаміла карэспандэнту «Звязды» начальнік аддзела нарыхтовак і рэалізацыі плодаагародніннай прадукцыі галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Ала Сяргеева.
Каб пакупнікі круглы год не адчувалі недахопу ў свежай і якаснай беларускай плодаагародніннай прадукцыі, традыцыйна ў Мінску ствараюцца стабілізацыйныя фонды, куды закладваецца гародніна і садавіна для рэалізацыі ў міжсезонны перыяд. Прадукцыю расходуюць у адпаведнасці з графікам у перыяд з 15 лістапада па 31 мая.
Калі казаць пра кошт, то гранічныя максімальныя адпускныя цэны (у залежнасці ад перыяду) на бульбу складаюць 5,1 — 5,8 тысячы рублёў за кілаграм, на капусту — 5,4 — 6,2 тысячы, на моркву — 5,4 — 6,3 тысячы, на буракі і цыбулю — 4,7 — 5,4 і 6,6 — 7,6 тысячы адпаведна. Пры гэтым максімальныя гандлёвыя надбаўкі на бульбу і буракі складаюць 400 рублёў, а на моркву, капусту і цыбулю — 500 рублёў.
Каб на прылаўкі трапляла толькі самая лепшая прадукцыя, тое ж унітарнае прадпрыемства «Партызанскае» праводзіць ва ўласнай лабараторыі ўваходны кантроль якасці. Гародніна і садавіна правяраецца на адпаведнасць ДАСТам, наяўнасць нітратаў і радыенуклідаў і інш. Па словах Алы Сяргеевай, нараканняў на якасць прадукцыі не паступала.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.