Каб вызначыць, наколькі лёгка ў гэтую пару года знайсці ў сталічных крамах айчынную гародніну і садавіну, якая б радавала пакупніцкае вока, мы наведалі некалькі розных месцаў. «Пляцоўкамі для эксперыменту» сталі прадуктовая крама на цэнтральным праспекце, невялікая крама вядомай гандлёвай сеткі, крама побач з домам і гіпермаркет.
У краме на праспекце вітрына з садавіной-гароднінай здзівіла значнай перавагай першай. Яблыкі ў продажы былі толькі польскія, па 16 — 17,5 тысячы за кілаграм. Бульба прадавалася беларуская і адразу двух відаў — па 6,6 і 6,7 тысячы за кілаграм. У першым выпадку клубні былі хоць і драбнаватымі на выгляд, але гладзенькімі і сухімі. А вось «чырвоная» бульба выглядала не надта сімпатычна: нават без ачысткі было зразумела, што тут змучаешся выкалупваць «вочкі», а з імі ў сметніцу паляціць палова набытых клубняў. Морква коштам ад 7 да 9 тысяч, што была прадстаўлена ў краме, заўваг не выклікала. Беларуская цыбуля падалася драбнаватай. Айчынныя капуста і буракі выглядалі нядрэнна.
Для наведвання крамы гандлёвай сеткі, відаць, быў выбраны «няправільны» час. Буракоў і беларускай капусты тут увогуле не аказалася. Нейкай іншай — таксама. Раскупілі? А яблыкі — толькі замежныя, коштам ад 10 да 15 тысяч. Неблагой якасці беларуская цыбуля каштавала крыху больш за 6 тысяч рублёў. Знайшлася і айчынная бульба, але можна было заўважыць, што ў пакетах ёсць сапсаваныя клубні. А за кілаграм, між іншым, патрэбна заплаціць каля 10 тысяч рублёў. Побач ляжала бульба новага ўраджаю, што вырасла ў... Індыі. Яе кошт — 12 тысяч рублёў.
Бульба ў краме каля дома прадавалася вялікая і прыгожая, коштам па 6,7 тысячы за кілаграм. Беларуская цыбуля не надта буйнога «калібру» каштавала 7,8 тысячы. Прысутнічалі айчынныя морква і буракі нядрэннай якасці, а таксама беларуская капуста па цане крыху больш за 7 тысяч за кіло, якая чамусьці была «мармуровай» ад чарнаватых пражылак. Побач ляжала македонская, зялёная і апетытная, хоць і даражэйшая на 3 тысячы рублёў. Яблыкаў было некалькі гатункаў. Польскія можна было набыць, заплаціўшы ад 15 да 18 тысяч за кіло, беларускія каштавалі 12. У прынцыпе, досыць сімпатычныя.
Вялікім выбарам яблыкаў традыцыйна сустрэў гіпермаркет. Тут табе і польскія, і галандскія, і італьянскія. Цэны — ад 11 да 30 тысяч рублёў. Збоку была і невялічкая скрынка з беларускімі пладамі, якія каштавалі каля 10 тысяч рублёў за кілаграм. Знешне яны значна прайгравалі ўсім астатнім: чамусьці спрэс трапляліся яблыкі з прымятымі бакамі. А вось айчынныя цыбуля, буракі і морква ніякіх пытанняў не выклікалі. Добрая гародніна, і цэны тут як і ў большасці крам горада.
У гіпермаркеце пакупнікам прапаноўвалі два віды беларускай бульбы: звычайную, з таўставатым пасля зімы шалупіннем, за кіло якой прасілі 6,7 тысячы рублёў, і нейкую «каралеўскую», па 23,1 тысячы рублёў за пакет, у якім было 2,5 кілаграма бульбы. Трэба сказаць, што клубні былі бездакорныя.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.