У Віцебску адбылася вельмі сімвалічная ў год вызвалення краіны ад фашысцкіх захопнікаў падзея: дачцэ загінулага афіцэра ўручылі ордэнскія кніжкі дзвюх узнагарод яе бацькі.
Капітан Мяхоў загінуў у пачатку зімы 1941 года і пахаваны ў адной з вёсак Ліпецкай вобласці. Сваякам загінулых падчас той вайны вайскоўцаў ордэны не ўручаюць, але гэты нюанс заканадаўства ніяк не паўплываў на важнасць таго, што адбылося. Да ордэнаў Леніна і Чырвонай Зоркі капітан Яфім Андрэевіч Мяхоў, ураджэнец Віцебшчыны, быў прадстаўлены за гераізм у баях на тэрыторыі Расіі. Адну з вышэйшых савецкіх узнагарод — ордэн Леніна, як адзначана ва ўзнагародным лісце да ордэна, франтавік атрымаў за некалькі подзвігаў. У баях пад вёскай Грыцыны батальён, якім ён камандаваў, знішчыў немцаў, якіх было ў два разы больш, чым нашых воінаў. А падчас бою за яшчэ адну вёску Мяхоў узяў у палон некалькіх ворагаў. Акрамя таго, нашы салдаты захапілі і шмат трафеяў, у тым ліку 12 аўтаматаў, ручны кулямёт. А праз пяць дзён батальён, якім камандаваў Мяхоў, вызваліў вёску ад фашыстаў...
— У лістападзе пазамінулага года з просьбай устанавіць месца пахавання свайго бацькі Яфіма Андрэевіча, 1907 нараджэння, да нас звярнулася яго дачка Зінаіда. Даныя, якія яна прадаставіла, дапамаглі адшукаць звесткі пра загінулага. Ваенным камісарыятам Ліпецкай вобласці было пацверджана, што капітан Яфім Андрэевіч Мяхоў, камандзір батальёна 331-га стралковага палка 1-й гвардзейскай стралковай дывізіі, загінуў 13 снежня 1941 года, — расказаў Аляксандр Бародзій, палкоўнік, намеснік ваеннага камісара Віцебскай вобласці.
Ордэнскія кніжкі дачцэ загінулага афіцэра ўручыў Віктар Малашэнка, саветнік пасольства Расіі ў Беларусі.
— Прэзідэнт Расіі сваім подпісам і пячаткай пацвердзіў законнае права Яфіма Андрэевіча на ордэн Леніна і ордэн Чырвонай Зоркі. Такія мерапрыемствы па ўшанаванні памяці і аднаўленні гістарычнай справядлівасці дапамагаюць умацоўваць Саюзную дзяржаву і годна адказаць на выклікі тых, хто імкнецца перапісаць гісторыю, — сказаў ён.
Ваенным камісарыятам Віцебскай вобласці вядзецца вялікая карпатлівая пошукавая праца. У прыватнасці, толькі летась на плітах воінскіх мемарыялаў увекавечаны імёны і прозвішчы больш як 2,8 тысячы салдат і афіцэраў, якія аддалі сваё жыццё за нашу свабоду і незалежнасць, мірнае неба над галавой.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота Аляксея СПАТКАЯ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.